Перайсьці да зьместу

Алег Стральчонак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алег Стральчонак
Дата нараджэньня 18 кастрычніка 1947
Месца нараджэньня Кобрын, Берасьцейская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Дата сьмерці 5 сакавіка 2010[2]
Месца вучобы Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1970)
Занятак навуковец
Навуковая сфэра біяхімія
Месца працы Інстытут біяарганічнай хіміі (1973—2000), «Оасмія» (2000—2010)
Вядомы як стваральнік радыядыягнастычных набораў для аховы здароўя
Навуковая ступень доктар навук (1983)
Узнагароды Дзяржаўная прэмія Беларусі (1988)

Але́г Анато́левіч Стральчо́нак (1947, Кобрын, Берасьцейская вобласьць, цяпер Беларусь — 2010) — беларускі біяхімік-вынаходнік.

Доктар хімічных навук (1983) і акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1988) за стварэньне радыядыягнастычных набораў для аховы здароўя[3].

У 1970 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. У 1973 годзе працаўладкаваўся ў Інстытут біяарганічнай хіміі (ІБАХ) Акадэміі навук Беларускай ССР, дзе ў 1979 годзе стаў загаднікам лабараторыі. У 1983 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю і атрымаў навуковую ступеню доктара хімічных навук. У 1988 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за стварэньне і ўкараненьне радыядыягнастычных набораў для аховы здароўя. Напісаў навуковыя працы пра хімію гармонаў і гарманальную рэцэпцыю. Дасьледаваў будову мэмбранаў і заканамернасьці мэмбраннага распазнаваньня гармонглікабялковых спалучэньняў. Распрацаваў спосабы вытворчасьці імунадыягнастычных сродкаў мікрааналізу. У 1989 годзе быў абраны сябрам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР. У 1989—2000 гадох займаў пасаду кіраўніка ІБАХ. У 1994-м стаў акадэмікам Акадэміі навук Беларусі. У 2000 годзе пераехаў у Швэцыю[4]. Напісаў звыш 180 навуковыхх працаў і зрабіў 35 вынаходніцтваў[5]. У Швэцыі быў кіраўніком распрацовак фармацэўтычнага прадпрыемства «Оасмія» (Упсала)[3].

  1. ^ https://bis.nlb.by/by/documents/136021
  2. ^ Стральчонак Алег Анатольевіч // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 16 сакавіка 2020 г. Праверана 3 лютага 2022 г.
  3. ^ а б Стральчонак Алег Анатольевіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 3 лютага 2022 г.
  4. ^ Стральчонак Алег Анатолевіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15: Сьледавікі — Трыё. — С. 198. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2
  5. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 18 кастрычніка 2017. — № 201 (28565). — С. 8. — ISSN 1990-763x.