Ізяслаў Уладзімеравіч
Ізяслаў Уладзімеравіч (2-я пал. 979—1001, Полацак) — князь полацкі (988[1]—1001), сын Рагнеды і Ўладзімера Сьвятаславіча, унук Рагвалода.
З імём Ізяслава зьвязваецца аднаўленьне мясцовай княскай дынастыі Рагвалодавічаў і палітычнай самастойнасьці Полацкага княства. Дасьледнікі мяркуюць, што пры ім адбылося прыняцьце хрысьціянства на Полаччыне: у Полацку ўтварылася адно зь першых япіскапстваў (991/992), адначасна ўводзілася пісьменства[1].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Чацьверты паводле старшынства сын Уладзімера Сьвятаславіча. На думку некаторых дасьледнікаў, адзінае дзіця Рагнеды.
У 985/986 годзе пасьля замаху Рагнеды на жыцьцё Ўладзімера Ізяслаў на навучэньне маці сымбалічна, зь мечам у руках, выступіў ў яе абарону. Гэтае заступніцтва ўразіла Ўладзімера, ён зьвярнуўся па раду да сваіх баяраў, якія параілі вярнуць Ізяслава разам з маці ў Полацак. Згодна з крыніцамі Ўладзімер заснаваў для Ізяслава новы горад — Ізяслаўль (цяпер Заслаўе).
Полацкі князь Ізяслаў, відаць, вёў актыўную ўнутраную і вонкавую дзейнасьць, бо ў Ноўгарадзе у часе археалягічных раскопак 1954 году знайшлі ягоную пячатку. Ніканаўскі летапіс даў высокую ацэнку Ізяславу як чалавеку і хрысьціяніну, першым з рускіх князёў ахарактарызваў як кніжніка[1][2].
Памёр у 1001 годзе, пакінуўшы ад невядомай жонкі двух сыноў — Усяслава і Брачыслава.
Пячатка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пячатка шмат ў чым унікальная. Найстаражытнейшы помнік пісьменства ва Ўсходняй Эўропе. Выканана на нетыповых для гэткіх помнікаў матэрыялах: звычайна пячаткі адціскаліся на круглых мэталічных бальванках і прывешваліся да грамат на шнурках, гэтая ж пячатка адціснутая на палосцы сьвінцу і была прывешаная да граматы на скураным дзягужку.
На авэрсе зьмяшчаецца мадыфікаваная выява «Трызуб» з надпісам «ΝΖAC**OΖO» (імаверна, «ΝΖACΛΑOZO»). Рэвэрс бяз выявы з надпісам «ГРΑΔ*****» (імаверна, «ГРΑΔΠΛΤСΚ»). Памеры ў шырыню 38 мілімэтраў, у даўжыню 24—30 мілімэтраў. Таўшчыня палоскі 11 мілімэтраў, у месцы адбітка 8 мілімэтраў.
Нашчадкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Усяслаў Ізяслававіч (990-я — 1003) — полацкі князь (1001—1003)
- Брачыслаў Ізяслававіч (990-я — 1044) — полацкі князь (1003—1044)
Папярэднік Рагвалод |
Князь полацкі 986—1001 |
Наступнік Усяслаў Ізяславіч |
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Генадзь Семянчук. Ізяслаў // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 477.
- ^ Уладзімер Арлоў. 980(?) «Крывавае вяселле» Ўладзіміра з Рагнедай(недаступная спасылка) // Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2