Laima
Лайма | |
Laima | |
Дэвіз | Любоў натхняе |
---|---|
Заснаваная | 1870 |
Заснавальнікі | Тэадор Рыгерт |
Уласьнікі | Orkla Latvija[d] |
Краіна | Латвія |
Разьмяшчэньне | Рыга |
Адрас | вуліца Міера, 22 |
Закрытая | 10 лютага 2016 |
Ключавыя фігуры | Даўмантс Віталс |
Галіна | харчовая прамысловасьць |
Прадукцыя | кандытарская прадукцыя |
Абарачэньне | ▲ € 10,842 млн (2013) |
Чысты прыбытак | € 5,75 млн |
Лік супрацоўнікаў | 148 (2013) |
Матчына кампанія | Orkla |
Laima (па-беларуску: Ла́йма) — латвійскі вытворца кандытарскай прадукцыі, заснаваны ў 1870 року. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Рызе.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1870 року ліфляндзкі прадпрымальнік Тэадор Рыгерт заснаваў у Рызе першую ў Латвіі кандытарскую фабрыку, адкуль адлічваецца дата заснаваньня «Лаймы». У XIX стагодзьдзі прадпрыемства Рыгерта стала адной з найбуйнейшых кандытарскіх кампаніяў Балтыйскіх губэрняў Расейскай імпэрыі, прадукцыя якой пастаўлялася па ўсёй Расеі.
Пасьля здабыцьця незалежнасьці Латвіяй кампанія здолела ўтрымаць свае пазыцыі, нягледзячы на страту расейскага рынку. У 1925 року пасьля аб’яднаньня з вытворчасьцю братоў Эліяху і Леаніда Хромчанкаў кампанія займела сваю цяперашнюю назву ў гонар латыскай багіні року Лаймы. Прадпрыемства хутка разьвівалася ў да 1930 року налічвала ўжо 500 супрацоўнікаў. У 1933 року браты Хромчанкі прадалі сваю дзелю ў кампаніі ды зьехалі ў Палестыну, дзе заклалі шакалядную фабрыку «Эліт».
Да 1938 року прадукцыя фабрыкі «Лайма» экспартавалася ва ўсе эўрапейскія дзяржавы. На вуліцы Міера быў збудаваны новы корпус. Да канца 1930-х у незалежнай Латвіі «Лайма» прыносіла ад 4 да 5 мільёнаў латаў прыбытку штогод, а на прадпрыемстве працавалі болей за 1000 чалавек. Агульны аб’ём экспарту прадукцыі «Лаймы» ў 1939 року склаў больш за 500 тонаў.
Пасьля Другой сусьветнай вайны аднаўляць вытворчасьць давялося «з нуля», бо ўсё абсталяваньне было вывезенае ў Нямеччыну. Савецкі ўрад нацыяналізаваў прадпрыемства. Кандытарская фабрыка «Лайма» засталася асноўным кандытарскім прадпрыемствам у Латвіі і пашырыла асартымэнт прадукцыі. Толькі карамэлі выпускалася па 40—45 тонаў штодня. Ужо да 1960-х рокаў прадукцыя фабрыкі стала асацыявацца з адным з абавязковых сувэніраў, якія варта было прывезьці з Латвійскай ССР нароўні з шпротамі і рыскім чорным бальзамам(d).
У пачатку 1960-х фабрыка больш пачала спэцыялізавацца на вытворчасьці ірысу, цукерак, шакаляду і шакалядных вырабаў. Дзякуючы ўсталяваньню новых машынаў аб’ём прадукцыі вырас у 5,6 разу. Да 1987 року фабрыка мела 96 розных відаў кандытарскіх вырабаў, 36 зь якіх былі распрацаваныя самімі майстрамі «Лаймы».
Пасьля аднаўленьня незалежнасьці Латвіі прадпрыемства было прыватызаванае, а ў 1998 року аб’ядналася з ААТ «Uzvara» (бел. Узвара). У 2000 року адбылося аб’яднаньне з адной з найбуйнейшых кандытарскіх фабрыкаў «Staburadze», дзякуючы чаму павялічыўся аб’ём экспарту.
26 жніўня 2014 року «Лайму» набыла нарвэская кампанія «Orkla»[1].
Паводле стану на 21 лістапада 2017 «Лайма» выпускала каля 200 розных найменьняў тавараў. Прадукцыя экспартавалася ў 27 краінаў сьвету[2].
Прэміі і ўзнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У міжваенны пэрыяд «Лайма» ўзяла ўдзел у некалькіх сусьветных рамесна-прамысловых выставах у Парыжы і Лёндане; тады фабрыка атрымала Гран-пры. Адзін з найвышэйшых прызоў на выставе ў Парыжы атрымала і навінка фабрычнай шакаляднай вытворчасьці 1937 року — шакалядныя цукеркі «Сэрэнада», — якая й дагэтуль застаецца ў лінейцы прадукцыі.
У 1966 року «Лайма» ўзнагароджаная ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга СССР. На міжнародных выставах у Нью-Ёрку, Ляйпцыгу, Вене, Брусэлі й на тэрыторыі Чэхаславаччыны атрымлівала залатыя і срэбныя ўзнагароды.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ LSM.lv. (26 жніўня 2014) Norvēģijas «Orkla» nopērk «NP Foods» (лат.) Ekonomika. LSM.lv. Праверана 18 лютага 2020 г.
- ^ Ingrīda Mičāne. (21 лістапада 2017) “Laima” pavasarī atsāks konfekšu “Karakums” un “Talismans” ražošanu (лет.) Laukos.lv Праверана 18 лютага 2020 г. Архіўная копія ад 26 лютага 2018 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Laima — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Афіцыйная бачына (лат.) (анг.) (рас.)
- Прадукцыя «Лаймы» (славацк.) (анг.)