Перайсьці да зьместу

Міжнародны астранамічны зьвяз

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «International Astronomical Union»)

Міжнаро́дны астранамі́чны зьвяз (па-ангельску: International Astronomical Union, IAU) — міжнародны зьвяз астраномаў, заснаваны ў ліпені 1919 году ў Брусэлі (Бэльгія). Ён складаецца зь дзяржаваў-членаў (прадстаўленых нацыянальнымі акадэміямі або іншымі няўрадавымі ўстановамі) і больш за 10 000 індывідуальных чальцоў. Разам з падобнымі арганізацыямі ў іншых галінах навукі, IAU належыць да Міжнароднай рады навуковых зьвязаў са штабам ў Парыжы. Генэральныя асамблеі (зьезды) праходзяць раз у тры-чатыры гады ў адной з краінаў-удзельніц (перапынак быў толькі ў гады вайны). На сёньняшні дзень зьвяз уключае 49 дзяржаваў. СССР увайшоў у 1935 годзе. Гісторыя стварэньня IAU пачынаецца ад міжнароднага супрацоўніцтва па праекце «Мапа Неба». У 1887 годзе Сталая камісія па фатаграфічнай карце неба распаўсюдзіла свае інтэрасы й на іншыя падзелы астраноміі і таму можа лічыцца родапачынальніцай IAU.

IAU прызнаны найвышэйшай міжнароднай інстанцыяй у рашэньні астранамічных пытаньняў, якія патрабуюць супрацоўніцтва і стандартызацыі, такіх як афіцыйнае найменьне астранамічных целаў і дэталяў на іх. Пад яго патранажам працуюць Цэнтральнае бюро астранамічных тэлеграм і Цэнтар малых плянэт, разьмешчаныя ў Сьмітсанаўскай астрафізычнай абсэрваторыі. Кожныя тры гады зьбіраецца Генэральная асамблея IAU, рэгулярна арганізуюцца сымпозіюмы і калёквіюмы адмыслоўцаў. Бягучая арганізацыйная праца праводзіцца Камісіямі ды Працоўнымі групамі.

У Зьвязе дзейнічаюць звыш 50 сталых камісіяў і Выканаўчы камітэт.

  1. На першай Генэральнай асамблеі IAU у 1922 годзе ўведзена дзяленьне неба на 88 сузор’яў, выключаны шэраг сузор’яў і спрошчаныя назвы некаторых, вызначаныя абрысы сузор’яў. У прыватнасьці да кароткага «Шчыт» спрошчаная назва сузор’я «Шчыт Сабескага», названага ў гонар караля Рэчы Паспалітай Яна Сабескага. Канчатковыя межы сузор’яў зацьверджаныя ў 1928 г. Межы былі праведзеныя лініямі ўздоўж нябесных раўналежнікаў і кругоў скланеньняў адносна каардынатнай сеткі на эпоху 1875 г. З прычыны прэцэсіі каардынатная сетка паступова ссоўваецца і межы сузор’яў перасталі супадаць з кірункамі кругоў скланеньняў і нябесных раўналежнікаў і таму ў пазьнейшых атлясах маюць невялікі перакос адносна каардынатнай сеткі. (У розных народаў у розны час прынцып дзяленьня зорнага неба быў розны: у IV стагодзьдзі да н. э. у Кітаі 122 сузор’і ўключалі 809 зорак; у XVIII стагодзьдзі ў Манголіі было 237 сузор’яў; у «Альмагесьце» К. Пталямея апісана 47 сузор’яў паўночнага неба, якія захаваліся ў сучаснасным сьпісе (з 48 арыгінальных), а астатнія назвы сузор’яў дадзеныя ў Новы час Ё. Баерам, Я. Гэвэліюсам, А. Рае, Н. Лякайлем ды іншымі.)
  2. У 1930 годзе IAU прыняў афіцыйнае рашэньне лічыць Плютон плянэтай.
  3. У 2006 годзе, у сувязі з адкрыцьцём значнай колькасьці буйных аб’ектаў пояса Койпера IAU формалізаваў паняцьце «плянэта» і ўвёў азначэньне паняцьця «карлікавая плянэта». IAU прыняў рашэньне лічыць Плютон «карлікавай плянэтай».[1]

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]