Перайсьці да зьместу

Fallout 4

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Fallout 4
Дата выпуску
10 лістапада 2015
PS4, Windows, Xbox One
10 лістапада 2015
PS5, Xbox Series X/S
25 красавіка 2024
Дата анансаваньня 3 чэрвеня 2015
Апошняя вэрсія
Жанр ролевы баявік
Сэрыя Fallout
Стваральнікі
Распрацоўнік Bethesda Game Studios
Выдавец Bethesda Softworks
Мова інтэрфэйсу ангельская мова[2], француская мова[2], італьянская мова[2], нямецкая[2], гішпанская мова[2], польская мова[2], бразыльская партугальская мова[d][2], расейская мова[2], традыцыйная кітайская[d][2] і японская мова[2]
Лякалізатар SoftClub[d][3]
Кіраўнік Тод Гоўард
Прадусары
  • Эшлі Чэнг
  • Джэф Гардынэр
Дызайнэр Эміль Пальярулё
Праграміст Гі Карвэр
Мастак Іштван Пэй
Сцэнарыст Эміль Пальярулё
Кампазытар Інон Зур
Тэхнічныя дэталі
Рухавік Creation Engine
Плятформы
Рэжым аднакарыстальніцкая гульня
Носьбіт DVD і лічбавы распаўсюд[d]
Кіраваньне клявіятура кампутара[d] і кампутарная мыш
Афіцыйны сайт
Fallout 4 у Вікісховішчы

Fallout 4 (па-беларуску: Фола́ўт 4) — ролевая баявая гульня 2015 року, распрацаваная кампанія Bethesda Game Studios і выдадзеная Bethesda Softworks. Чацьвертая гульня сэрыі Fallout, выпушчаная для PlayStation 4, Windows ды Xbox One.

Падзеі гульні адбываюцца ў адкрытым постапакаліптычным сьвеце, які ахоплівае места Бостан і навакольны раён Масачусэтсу, які называецца «Садружнасьць». Цяпер 2287 рок; з падзеяў Fallout 3 мінулі 10 гадоў, а зь «Вялікай вайны», у якой адбылося катастрафічнае ядзернае зьнішчэньне — 210 гадоў. Гулец кіруе пэрсанажам, якога называюць проста «Адзіны выжылы». Ён прачынаецца пасьля працяглага крыягеннага сну ў Сховішчы 111, падземным ядзерным сховішчы. Даведаўшыся пра забойства жонкі і выкраданьне сына, Адзіны выжылы выпраўляецца ў Садружнасьць на ягоныя пошукі. Гулец дасьледуе зруйнаваны сьвет, выконвае розныя заданьні, дапамагае ўсялякім групоўкам і набывае досьвед, неабходны для падвышэньня ўзроўню і паляпшэньня характарыстык пэрсанажа. З новых магчымасьцяў, прадстаўленых у гэтай гульні, — магчымасьць разьвіваць і кіраваць паселішчамі; вырабляць выбухоўку, паляпшаць зброю і браню з знойдзеных матэрыялаў. Fallout 4 — першая гульня сэрыі з цалкам агучаным пратаганістам.

Крытыкі пазытыўна ацанілі гульню, у прыватнасьці глыбіню сьвету, свабоду хаджэньня, агульны аб’ём зьместу, рамяство, гісторыя, пэрсанажаў і музыку. Ганілі пераважна спрошчаную ролевую частку параўнальна з папярэднімі гульнямі, а таксама тэхнічныя праблемы. За першыя 24 гадзіны пакупнікам паставілі 12 мільёнаў копій, што прынесла 750 млн $ ЗША. Гульня атрымала званьні найлепшай гульні году паводле вэрсіяў D.I.C.E і Брытанскай акадэміі. Да гэтай пары выйшлі шэсьць дапаўненьняў, якія загружаюцца з бачыны Bethesda.

Fallout 4 — ролевая баявая гульня ў адкрытым сусьвеце. Гульнявы працэс падобны да Fallout 3 і Fallout: New Vegas, двух папярэдніх частак сэрыі. Аднак гэтым разам стральцовую частку распрацоўвала id Software[4]. Вярнулася магчымасьць пераключаць камэру між відам ад першай асобы да пэрспэктывы ад трэцяй асобы. Упершыню ў Fallout 4 зьявіліся паслойная сыстэма брані, будаўніцтва базаў, сыстэма дыялёгаў з 111 000 радкоў, магчымасьць вырабу рэчаў зь любых здабытых у гульні матэрыялаў.

Гулец можа вольна блукаць па гульнявым сьвеце і ў любы момант перарваць размову. Знайшоўшы пэўную мясьціну, да яе можна вяртацца «хуткім падарожжам», за выняткам узроўню складанасьці «выжываньне», на якім хуткія перамяшчэньні забароненыя. Можна самастойна наладжваць узбраеньне; гульня налічвае больш за 50 відаў вагняпальнай зброі, якую можна ствараць рознымі спосабамі, прычым агулам магчымыя больш за 700 ейных мадыфікацыяў. Экзашкілет быў перапрацаваны і стаў хутчэй транспартным сродкам, чым бранёю; на яго можна павесьці, прыкладам рэактыўны пляцак ці выбраць для кожнай часткі свой від брані[5].

Зьявілася таксама магчымасьць зьбіраць і разьбіраць будынкі і цэлыя паселішчы. Атрыманую ў выніку зносу сыравіну можна выкарыстаць на пабудову ўласных збудаваньняў. Да таго ж у месты можна правесьці лінію электраперадачы. У заснаваных такім чынам паселішчах могуць пасяліцца гандляры ды негульнявыя пэрсанажы, якіх трэба забясьпечваць ежай і вадой. Вакол паселішчаў можна ставіць абарончыя збудаваньні: вежы, пасткі, бомбы — дзеля абароны ад нечаканых нападаў[6].

На прыдалоньні пэрсанажа прымацаваны Pip-Boy, пэрсанальны кампутар, які дае гульцу доступ да статыстыкі, мапаў, зьвестак і майна пэрсанажа. У гульні можна знайсьці так званыя «Голястужкі» (гульнявыя картрыджы), якія можна ўзнавіць на ўласным кампутары ці тэрмінале. У гэтай гульні зьявілася магчымасьць усталяваць на прыладзе з апэрацыйнымі сыстэмамі Android, iOS ды Windows асобную праграму, якая дазваляе запускаць інтэрфэйс Pip-Boy на асобным ад гульні экране і нават гуляць у знойдзеныя ў гульні картрыджы бяз запуску гульні. Яшчэ адной адноўленай можнасьцю ёсьць выкарыстаньне V.A.T.S. (Сыстэма дапамогі прыцэльваньня сховішча), пры якой час бою запавольваецца (раней увогуле спыняўся), і пляцоўку можна разглядаць з розных кутоў. Кожнае баявое дзеяньне каштуе пэўную колькасьць пунктаў, таму ўсе ўдзельнікі бою абмежаваныя часам. За пункты можна прыцэльвацца ў пэўную частку цела, каб учыняць пэўныя траўмы. У адрозьненьне ад ранейшых гульняў, дзе разьмеркаваньне крытычных трапляньняў адбывалася выпадкова, цяпер яны задаюцца ўручную праз V.A.T.S[7].

У пачатку гульні гульцы атрымліваюць пункты для разьмеркаваньня па сыстэме прагрэсу пэрсанажа, якая называецца S.P.E.C.I.A.L. У сыстэме прысутнічае сем парамэтраў: сіла, успрыманьне, вытрываласьць, харызма, розум, спрыт і ўдача. Зарабіўшы дастаткова пунктаў досьведу для падвышэньня ўзроўню, гульцы адкрываюць здольнасьці. Чым больш пунктаў гулец разьмяшчае ў статыстыцы, тым больш здольнасьцей адкрываецца, што дапамагае палепшыць навыкі пратаганіста і адкрываць далейшыя здольнасьці[8]. Агулам даступныя 275 паляпшэньняў. Нават пасьля дасягненьня праграмнага абмежаваньня 65535 пунктаў і выкананьня галоўнай задачы можна працягваць гульню[9].

З сабой у кампанію гулец можа браць толькі аднаго паплечніка, але ў асобных квэстах да яго далучаюцца іншыя пэрсанажы. Новаўвядзеньнем у гэтай гульні стала магчымасьць кампаньёнам узаемадзейнічаць з асяродзьдзем на жаданьне пратаганіста. Напрыклад, калі пэрсанаж гульца не валодае патрэбнымі ўменьнямі ўзлому тэрміналу ці замка, ён можа загадаць зрабіць гэта кампаньёну. Кожны кампаньён будзе рэагаваць на пэўнае дзеяньне гульца адным з чатырох спосабаў (любоў, падабайка, непадабайка, нянавісьць), што ўплывае на ўзровень ягонай «адданасьці». Калі ўзровень адданасьці дасягне 1000 пунктаў, яны пачынаюць «абагаўляць» гульца і даюць дадатковую здольнасьць. Калі ж узровень адданасьці будзе вельмі нізкім, кампаньён можа сысьці ад героя або нават стаць варожым.

Дзеяньне Фолаўту 4 адбываецца ў 2287 року, празь 10 гадоў пасьля падзеяў Фолаўту 3 і 210 гадоў пасьля Вялікай вайны паміж ЗША і КНР за рэсурсы, якая скончылася ядзерным галакостам. Месца падзеяў — постапакаліптычны рэгіён вакол Бостану і часткі Новай Ангельшчыны, вядомы як «Садружнасьць». У адрозьненьне ад папярэдніх гульняў, гісторыя ў Фолаўце 4 пачынаецца ў дзень скіданьня бомбы: 23 кастрычніка 2077 року. Пратаганіст зь сям’ёй — у залежнасьці ад выбранай плоці будзе мець ці жонку Нору, ці мужа Нэйта, зь якімі маюць малога сына Шона — хаваюцца ў Сховішчы 111 акурат перад пачаткам ядзернага ўдару. Унутры іх заманьваюць у крыягенныя трубкі і замарожваюць жывымі. Праз 150 гадоў таямнічая групоўка забівае сужэнца/-ку і выкрадае сына. З прычыны аварыі сыстэмы жыцьцезабесьпячэньня пратаганіст размарожваецца ад сну дакладна 23 кастрычніка 2287 року[10]. Ён даведваецца пра сьмерць рэшты насельнікаў Сховішча 111, таму атрымлівае мянушку «Адзінага выжылага». Вярнуўшыся дахаты, ён даведваецца ад свайго робата-дварэцкага, што ад ядзернага ўдару мінула ўжо 210 гадоў. Робат раіць яму ісьці да найбліжэйшага места Канкорду.

Сусьвет 4-й часткі прадстаўляе альтэрнатыўную вэрсію гісторыі ад 1940—1950-х рокаў, таму выглядае рэтрафутурыстычна з тыповымі амэрыканскімі корчмамі(d) ды аўтакінатэатрамі(d), у той час як тэхналёгіі прасунуліся ў адпаведнасьці з тагачаснымі памкненьнямі: лазэрнай зброяй, геннай маніпуляцыяй, амаль самастойным штучным інтэлектам, шырокім выкарыстаньнем атамнай энэргіі і вакуўмных лямпаў. Архітэктура, рэкляма і лад жыцьця ў цэлым амаль не зьмяніліся з 1950-х з улікам будучых вынаходніцтваў, такіх як цацачны рабаконь для дзяцей.

У часе праходжаньня гулец можа падтрымаць адну з чатырох асноўных фракцыяў:

  • Інстытут — сакрэтная арганізацыя, якая спэцыялізуецца на стварэньні штучных гуманоідаў, званых «сынты»;
  • Братэрства сталі — антысынтавая арганізацыя, якая намагаецца кантраляваць разьвіцьцё тэхналёгій у Садружнасьці;
  • Рушэньне — апалчэнцы, якія намерваюцца выбіць з Садружнасьці ўсялякіх наездцаў ды іншыя пагрозы;
  • Чыгунка — сакрэтная арганізацыя, якая прысьвяціла дзейнасьць ратаваньню з Інстытуту сынтаў.

Да пратаганіста могуць далучыцца 13 розных кампаньёнаў, сярод якіх адзін абавязковы — нямецкая аўчарка па мянушцы Сабачына. З усіх астатніх трэба сустрэцца прынамсі з шасьцю. Сем з кампаньёнаў, дасягнуўшы стадыі абагаўленьня пратаганіста, могуць завесьці зь ім рамантычныя стасункі незалежна ад плоці[11].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]