111-я артылерыйская брыгада
111-я артылерыйская брыґада | |
Нашыўка 111-е брыґады | |
Гады існаваньня | з 1939 року |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Падпарадкаваньне | Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь |
Уваходзіць у | Сухапутныя войскі |
Тып | баявая вайсковая частка |
Дысьлякацыя | Берасьце |
Знакі ўзнагароды | |
Дзейны камандзір | Аляксей Лявонаў |
111-я ґвардзейская Кёніґсбэрґская Чырвонасьцяжная, ордэна Кутузава II ступені артылерыйская брыґада — падразьдзел узброеных сілаў Беларусі. Месца дысьлякацыі — места Берасьце.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]111-я брыґада пачала адлік сваёй гісторыі 15 кастрычніка 1939 року ў горадзе Вялікія Лукі й практычна адразу ўступіла ў баявое супрацьстаяньне: з 1940 року ўдзельнічала ў вайне зь Фінляндыяй у складзе 7-е арміі, а 12—13 сакавіка штурмавала места Выбарг. Пасьля фінскае кампаніі брыґада была перадысьлякаваная ва ўкраінскае места Белая Царква. Менавіта тут яе засьпела Другая сусьветная вайна.
Напачатку ліпеня 1941-га частку перакінулі на Заходні фронт пад Віцебск, дзе на станцыі Рудня яе ваяры прынялі бой зь нямецкай арміяй. Увосень 1941 року брыґада прымала актыўны ўдзел у абароне Масквы, за што ў студзені 1942 року адной зь першых артылерыйскіх частак атрымала найменьне ґвардзейскае.
З 1943 па 1944 рок ґвардзейцы вызвалялі тэрыторыю Беларусі і Летувы. У чэрвені 1944 року брыґада ўдзельнічала ў прарыве абароны супраціўніка ў раёне Віцебску й вызваленьні паўночнае часткі Беларусі.
У красавіку 1945 року за авалоданьне местамі Вормдыт і Мельзак брыґаду ўзнагародзілі ордэнам Кутузава II ступені. Баявыя дзеяньні ў гады Другое сусьветнае вайны ґвардзейцы завяршылі штурмам места-крэпасьці Кёнігсбэргу і ўпісалі ў найменьне злучэньня ганаровае «Кёніґсбэрская».
У верасьні 1945 року брыґада была перадысьлякаваная ў Бабруйск, а з 1961-га — у Берасьце і да 2002 року знаходзілася на тэрыторыі Берасьцейскае крэпасьці ў вайсковым месьце, які быў пабудаваны палякамі ў 1932 годзе для 31-га палка лёгкае артылерыі.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мікалай Макарэвіч С ЮБИЛЕЕМ, БОУП! (рас.). Беларуская вайсковая ґазэта «Во славу Родины!». Праверана 5 красавіка 2013 г.