Ян Лехань
Ян Лехань | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 13 сакавіка 1899[1][2] |
Памёр | 8 чэрвеня 1956[3][4] (57 гадоў) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | журналіст, паэт, дыплямат, аўтар дзёньніку, пісьменьнік, літаратурны крытык |
Гады творчасьці | з 1912 |
Жанр | паэзія |
Мова | польская мова[5] |
Узнагароды | |
Ян Лехань (па-польску: Jan Lechoń), сапр. Лешак Сэрафіновіч (па-польску: Leszek Serafinowicz; 13 сакавіка 1899, Варшава — 8 чэрвеня 1956, Нью-Ёрк) — польскі паэт, літаратурны і тэатральны крытык.
Продкі Яна Леханя былі туркамі, што хрысьціліся і з часам апалячыліся. У 1907 пачаў навучаньне ў школе. У 1913 выдаў дэбютны зборнік вершаў «На залатым полі» (Na złotym polu), у наступным годзе выйшаў другі зборнік — «Па розных сьцежках» (Po różnych ścieżkach), прысьвечаны Леапольду Стафу. У 1916-20 навучаўся на філязофскім факультэце Варшаўскага ўнівэрсытэта, але так яго і ня скончыў.
Ян Лехань быў адным з заснавальнікаў у 1919 літаратурнай групы «Скамандэр» (названа ў гонар ракі, што цякла ля Троі), куды ўваходзілі таксама Юльян Тувім, Антоній Сланімскі, Яраслаў Івашкевіч.
Вядомасьць яму прынёс зборнік вершаў «Пурпуровая паэма» (Karmazynowy poemat, 1920). Аднак хутка праз рознага кшталту праблемы, у тым ліку ў прыватным жыцьці, паэт робіць у 1921 годзе спробу самагубства, пасьля пэўны час лечыцца ў псыхіятрычным шпіталі.
У 1926-29 Ян Лехань выдае сатырычны часопіс «Варшаўскі цырульнік» (Cyrulik Warszawski). У 1925 атрымлівае прэмію Польскай асацыяцыі кнігавыдаўцоў за зборнік вершаў «Срэбнае і чорнае» (Srebrne i czarne, 1924), а ў 1935 — прэмію Польскай акадэміі літаратуры.
З 1930 па 1939 працуе культурным аташэ ў польскай амбасадзе ў Парыжы. Пасьля капітуляцыі Францыі пераязджае ў Бразылію, пазьней — у Нью-Ёрк, дзе робіцца сувыдаўцом многіх польскіх газэт і часопісаў, а ў 1942 — адным з заснавальнікаў Польскага інстытуту навукі і мастацтва ў Амэрыцы. З 1924 па 1942 Ян Лехань не пісаў, хоць слава яго ўвесь час шырылася. У 1942 годзе ён выдае зборнік «Лютня пасля Бэкварка» (Lutnia po Bekwarku), а ў 1943 — «Арыя з курантамі» (Aria z kurantem). Адзін з апошніх вершаў Яна Леханя — «Іліяда».
Зьдзейсьніў самагубства, скочыўшы з 12-га паверху гатэля «Гудзон». Сярод прычын гэтага называюць узмацненьне камуністычнага рэжыму ў Польшчы або дэпрэсію з-за нападкаў празь яго сэксуальную арыентацыю. Прах паэта ў 1991 годзе быў перавезены зь Нью-Ёрка ў Варшаву і пахаваны на Лясных могілках у Лясках, у сямейным склепе.
На беларускую мову некаторыя вершы пераклаў Максім Танк[6], Марыя Пушкіна, Ігар Жалткоў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Deutsche Nationalbibliothek Record #11897744X // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
- ^ Jan Lechoń // SNAC (анг.) — 2010.
- ^ Jan Lechoń // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ Jan Lechoń (właściwie Leszek Józef Serafinowicz) // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
- ^ Lechoń, Jan, 1899-1956 // CONOR.SI
- ^ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Пераклады на сайце «ПрайдзіСвет»