Язэп Ходзька

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Ходзька.
Язэп (Восіп) Ходзька
6 сьнежня 180021 лютага 1881
Chodzko, General Jozef, par W.Barkanov, BNF Gallica.jpg
Месца нараджэньня мяст. Крывічы Вялейскага пав. Менскай губ., Расейская імпэрыя
Месца сьмерці Тыфліс, Тыфліская губ., Расейская імпэрыя
Прыналежнасьць Расейская імпэрыя
Род войскаў Генэральны штаб
Званьне генэрал-лейтэнант
Бітвы/войны Каўкаская вайна, Крымская вайна

Язэп (Юзэф, Ёсіф) Ходзька (6 сьнежня 1800, мяст. Крывічы Вялейскага пав. Менскай губ., цяпер г.п. Мядзельскага р-ну Менскай вобл. — 21 лютага 1881, Тыфліс, цяпер Тбілісі) — геадэзіст, географ.

Сын Яна (Івана) Ходзькі. Вучыўся ў Віленскай унівэрсытэцкай гімназіі й на фізыка-матэматычным факультэце Віленскага ўнівэрсытэта, які скончыў у 1821. Па рэкамэндацыі прафэсара ўнівэрсытэту Ю. Сьнядэцкага залічаны ў Корпус ваенных тапографаў. Праводзіў трыянгуляцыйныя работы на захадзе Латвіі, у Літве, у Гарадзенскай і Менскай губэрнях. Лідэры паўстаньня 1830—1831 гадоў меркавалі прызначыць Я. Ходзьку камэндантам Вільні. Даведаўшыся пра гэта, расейскія ўлады 15.3.1831 затрымалі Я. Ходзьку й накіравалі яго далей на правядзеньне тапаграфічных работ на Дунаі й Басфоры. Склаў ваенны агляд румынскіх княстваў Малдавіі й Валахіі. У 1839 накіраваны служыць на Каўказ. У 1845 распачаў Закаўкаскую трыянгуляцыю, якая была скончана ў 1853. На Каўказе выканаў больш за паўтары тысячы гіпсамэтрычных адзнакаў. У 1853 р. павышаны да ступені генэрала-маёра, а ў 1862 р. да ступені генэрала-лейтэнанта. Службу ў царскай арміі скончыў у 1867 р.

Пасьля выхаду на пэнсію працягнуў займацца картаграфічнымі вымярэньнямі на Каўказе. Браў удзел у працы каўказскага Расейскага геаграфічнага таварыства ў Тыфлісе, за што ў 1869 Расейскае геаграфічнае таварыства ўзнагародзіла яго вялікім Канстанцінаўскім мэдалём. Гэта першы ў гісторыі Расейскай імпэрыі выпадак узнагароджаньня былога палітычнага высланьніка навуковай узнагародай. Адзначаны таксама Ордэнам Белага Арла.

Быў ганаровым членам Расейскага геаграфічнага таварыства. Напісаў некалькі працаў у геадэзіі і вайсковай тапаграфіі.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
    • Грыцкевіч В. П., Мархель У. І. Пан Ян са Свіслачы з сынамі // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-на. Мiнск, 1998;
    • Жизнь и деятельность геодезиста и географа генерал-лейтенанта Иосифа Ивановича Ходзько, 1800—1881 // Материалы Международной научной конференции, 21 декабря 2000 года. — Сборник научных статей. - Минск: Оргстрой, 2001. - ISBN отсутствует.