Эфэкт Данінга-Кругера
Эфэ́кт Да́нінга — Кр́угера (таксама крыва́я Данінга-Кругера) — мэтакагнітыўнае скажэньне, якое заключаецца ў тым, што людзі, якія маюць нізкі ўзровень кваліфікацыі, робяць памылковыя высновы, прымаюць няўдалыя рашэньні і пры гэтым няздольныя ўсьвядоміць свае памылкі з прычыны нізкага ўзроўню сваёй кваліфікацыі[1].
Гэта спрычыняе ўзьнікненьне ў гэтых людзей завышаных уяўленьняў пра ўласныя здольнасьці, у той час як сапраўды высокакваліфікаваныя людзі, наадварот, схільныя заніжаць ацэнку сваіх здольнасьцяў і пакутваць на недастатковую ўпэўненасьць у сваіх сілах, лічачы іншых больш кампэтэнтнымі. Пры гэтым адмыслоўцы таксама схільныя меркаваць, што людзі навокал ацэньваюць іх здольнасьці так сама нізка, як і яны самыя.
Таксама людзі з высокім узроўнем кваліфікацыі памылкова лічаць, што задачы, якія для іх лёгкія, таксама лёгкія і для іншых людзей[2].
Гіпотэза й экспэрымэнтальная праверка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гіпотэза пра існаваньне падобнага фэномэну была высунутая ў 1999 годзе Джастынам Кругерам ды Дэвідам Данінгам. Яны спасылаліся на выказваньні:
- Чарлза Дарвіна — «Невуцтва часьцей параджае ўпэўненасьць, чым веды»[3] і
- Бэртрана Расэла — «Адна з непрыемных уласьцівасьцяў нашага часу ў тым, што тыя, хто адчувае ўпэўненасьць, глупыя, а тыя, хто валодае хоць якімсьці ўяўленьнем і разуменьнем, поўныя сумневаў і нерашучасьці».
Для праверкі высунутай гіпотэзы Кругер і Данінг правялі сэрыю экспэрымэнтаў з удзелам студэнтаў — слухачоў курсаў псыхалёгіі ў Карнэлскім унівэрсытэце. Пры гэтым яны сыходзілі з вынікаў дасьледваньняў сваіх папярэднікаў, якія прадэманстравалі, што некампэтэнтнасьць выцякае зь няведаньня асноваў той або іншай дзейнасьці, ці тое разуменьне прачытанага, кіраваньне аўтамабілем, гульня ў шахматы, гульня ў тэніс і да т. п.
Яны высунулі гіпотэзу, што для людзей зь нізкай кваліфікацыяй у любым выглядзе дзейнасьці характэрнае наступнае:
- Яны схільныя пераацэньваць уласныя ўменьні;
- Яны няздольныя адэкватна ацэньваць сапраўды высокі ўзровень уменьняў у іншых;
- Яны няздольныя ўсьвядоміць усю глыбіню сваёй некампэтэнтнасьці;
- Пасьля навучаньня яны набываюць здольнасьць усьвядоміць узровень сваёй папярэдняй некампэтэнтнасьці, нават калі іх ісьцінная кампэтэнтнасьць пасьля навучаньня практычна не зьмяняецца.
Вынікі экспэрымэнтаў, якія пацьвердзілі высунутую гіпотэзу, былі апублікаваныя ў часопісе Journal of Personality and Social Psychology у сьнежні 1999 году.
За гэтае дасьледваньне аўтарам артыкулу была прысуджаная Шнобэлеўская прэмія па псыхалёгіі за 2000 год[4].
Гістарычныя перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Хаця сам прынцып быў сфармуляваны ў 1999 годзе, аўтары адзначаюць падобныя назіраньні ў філёзафаў ды вучоных:
- Лао-Цзы («Хто ведае, не гаворыць, хто гаворыць, ня ведае»),
- Канфуцыя («Ісьцінныя веды — у тым, каб ведаць межы свайго невуцтва»),
- Сакрата («Я ведаю, што нічога ня ведаю»),
а таксама ў выказваньнях Бэртрана Расэла ды Чарлза Дарвіна.
У Бібліі ёсьць выказваньне апостала Паўла: «А калі хто думае, што ён нешта ведае, той яшчэ нічога не разумее, як трэба разумець» (1 Карынцянам, 8:2).
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Джастын Кругер, артыкул «Unskilled and Unaware of It: How Difficulties in Recognizing One’s Own Incompetence Lead to Inflated Self-Assessments» (часопіс Journal of Personality and Social Psychology, год 1999, выпуск 77, нумар 6, старонкі 1121—1134)
- ^ Katherine A. Burson, Richard P. Larrick, Joshua Klayman, артыкул «Skilled or unskilled, but still unaware of it: How perceptions of difficulty drive miscalibration in relative comparisons» (часопіс Journal of Personality and Social Psychology, год 2006, выпуск 90, нумар 1, старонкі 60-77)
- ^ Чарлз Дарвін, кніга The Descent of Man (уступ, старонка 4)
- ^ Сьпіс ляўрэатаў Шнобэлеўскай прэміі