Эліяху Файнштайн
Эліяху Алеві Файнштайн | |
Род дзейнасьці | рабін |
---|---|
Дата нараджэньня | 1843 |
Месца нараджэньня | Слуцак |
Дата сьмерці | 31 кастрычніка 1929 |
Месца сьмерці | Пружана |
Занятак | рабін |
Бацька | Аарон |
Эліяху Алеві Файнштайн, таксама вядомы як рэб Эле Пружанэр (1843, Слуцак, Расейская імпэрыя — 31 кастрычніка 1929, Пружана, Другая Рэч Паспалітая) — аўтарытэтны рабін свайго часу.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Файнштайн нарадзіўся ў Слуцку ў 1843. Ягоны бацька, гаон рэб Аарон, быў кіраўніком Слуцкай яшывы, аднак з прычыны фінансавых цяжкасьцяў быў вымушаны ў наступным року зьехаць у Старобін. У 1851—1852 Эліяху пачаў навучаньне ў рабі Ёсэфа Файмэра («рэб Ёсэль Слуцкер») ў Слуцку. Пасьля працягнуў вучобу ў Валожынскай яшыве, якую ў той час ачольваў Нэтцыў.
Па сьмерці бацькі ў 1863 року Эліяху Файнштайн стаў рабінам Старобіну, у 1870 — Клецку. У 1874, пасьля сьмерці цесьця, Эліяху Файнштайн замяніў яго на пасадзе рабіна Карэлічаў, а праз тры рокі стаў рабінам у Хаславічах.
Пасьля сыходу рабіна Ерухама Пэрэльмана ў Менск пружанскія жыды запрасілі Файнштайна на ягонае месца. З гэтае пары ён атрымаў мянушку «рабі Эля Пружанэр». Застаўся тут рабінам да самае сьмерці, хоць неаднаразова яго запрашалі ў іншыя месты. На час ягонага знаходжаньня на пасадзе пружанскага рабіна прыйшлася эпідэмія халеры на Палесьсі, якая не абмінула і Пружану. Рэб Эліяху прыняў дзейсны ўдзел у дапамозе хворым, наведваў кожнага зь іх асабіста, незалежна ад іхняга веравызнаньня, сам правяраў дзейнасьць камітэтаў дапамогі, бясплатных сталовак і гарбатняў[1].
Праз пэўны час Пружана была моцна пашкоджаная вялікім пажарам. Пасьля звароту Эліяху Фанштайна да гарадзенскага губэрнатара ў места былі прысланыя будаўнічыя матэрыялы без ўзіманьня звычайнае ў такіх выпадках аплаты транзыту. Дзякуючы гэтаму Пружана стала перавалачнай базай па дастаўцы драўніны, будаўнічых матэрыялаў і фурнітуры ў Заходнім краі і была даволі хутка адбудаваная за зэканомленыя на транзыце грошы[1].
Памёр 27 цішрэя 1929 ў Пружане.
Большасьць ягоных працаў не была апублікаваная. Пасьля ягонае сьмерці Давід Файгенбаўм выдаў кнігу выбраных твораў свайго цесьця пад назовам «Халіхот Эліяху» (Вільня, 1932).
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 17-гадовым узросьце (1860) Эліяху ажаніўся з Гутай Давідовіч, дачкой гаона, карэліцкага рабіна Іцхока Ехіеля, і два гады пражыў у хаце цесьця, вывучаючы «Шульхан арух». Чатыры іхнія дачкі сталі жонкамі вядомых юдаістаў. Старэйшая, Бадана, выйшла замуж за гаона Мэнахэма Кракаўскага, віленскага рабіна; другая, Пэша, выйшла за Машэ Салавейчыка, бацьку Ёзэфа Дова; трэцяя, Злата, — за Давіда Алеві Файгенбаўма, які стаў наступным рабінам Пружаны; малодшая, Сара Рыўка, — за Эліэзэра Майзэля, унука рабіна Лодзі Эліяху Хаіма.
Усе чатыры сыны вывучалі Тору, аднак абралі сэкулярнае жыцьцё. Старэйшы сын Аарон быў добра вядомым прадпрымальнікам у Екацярынаславе; другі сын Ісахар Доў жыў у Віньніцы і ўдзельнічаў у шматлікіх сыянісцкіх праектах; адзін з сыноў застаўся ў Пружане.
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Anna Krakovski. A. Rabbi Elyahu Feinstein (анг.) The last two Rabbis in Pruzana. Volozhin Yeshiva Student’s Portraits. Праверана 22 сакавіка 2012 г.
Папярэднік Ерухам Егуда Ляйб Пэрэльман |
Рабіны Пружанаў 1884—1929 |
Наступнік Давід Файгенбаўм |
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Anna Krakovski. The last two Rabbis in Pruzana (анг.)
- Deborah G. Glassman. Rabbonim, Rebbes, and Crown Rabbis, of Lyakhovichi (анг.)
- Aaron Rakeffet-Rothkoff, Joseph Epstein. The Rav: the world of Rabbi Joseph B. Soloveitchik (анг.)
- Rabbi Nissan Waxman. My town (анг.)
- Pruzhany (анг.) // Jewish Encyclopedia
- Халіхот Эліяху