Эвангельская царква аўгсбурскага вызнаньня (Славаччына)
Эва́нгельская царква́ А́ўгсбурскага вызна́ньня (па-славацку: Evanjelická cirkev augsburského vyznania, ECAV) — другая паводле велічыні царква ў Славаччыне пасьля рыма-каталіцтва. Заснаваная на вучэньні нямецкага рэфарматара Мартына Лютэра. Паводле зьвестак 2001 року да яе адносіліся 6,93% насельніцтва Славаччыны, што складае 372 858 асобаў. У 2004 року царква налічвала 326 збораў, 357 сьвятароў і 651 цэркваў і малітоўных дамоў.
Эвангельская царква Аўгсбурскага вызнаньня Славаччыны зьяўляецца чальцом Сусьветнай рады цэркваў, Сусьветнай лютэранскай фэдэрацыі і Канфэрэнцыі эўрапейскіх цэркваў.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рэфармацыя ў Славаччыну трапіла праз вучэньне Яна Гуса і рух Яна Іскры[1]. Пасьля іхняга заняпаду значная колькасьць збораў зь першай паловы XVI стагодзьдзя пачынае схіляцца да Лютэравага вучэньня. Такія зборы пачалі зьяўляцца ўжо празь некалькі рокаў пасьля публікацыі Лютэравых пропаведзяў супраць індульгенцыяў у 1517 року. У 2-й палове XVI стагодзьдзя 2/3 насельніцтва складалі пратэстанты.
На сынодзе ў Жыліне ў 1610 року былі ўсталяваныя асновы арганізацыі царквы. Былі створаныя 3 супэрінтэнданцыі (біскупствы) і абраныя іхнія першыя кіраўнікі (супэрінтэнданты) — Эліяш Лані, Самуэль Мэлік і Ісак Абрагамідэс для заходняй і цэнтральнай Славаччыны. На ўсходзе краіны на сынодзе ў Сьпіскім Падградзьдзі 1614 року былі ўтвораныя дзьве супэрінтэнданцыі. Мовай набажэнстваў славацкіх лютэранаў стала чэская.
З 1681 царква існавала з абмежаваньнямі, уведзенымі Шопранскімі артыкуламі. Афіцыйны дазвол быў атрыманы Талеранцыйным патэнтам 1781 року, выдадзеным вугорскім імпэратарам Ёзэфам II. Поўная роўнасьць царквы зь іншымі настала толькі ў 1848 року. Лібэралізацыю ў стаўленьні дзяржавы да эвангельскай царквы азнаменаваў і імпэратарскі патэнт 1859 року, які спрычыніў унутрыцаркоўныя спрэчкі, вядомыя як патэнтальныя баі(sk).
Пасьля ўтварэньня ў 1918 Чэхаславацкай рэспублікі з Эвангельскай царквы ў Вугоршчыне паўстала самастойная ЭЦАВ ў Славаччыне. Першая Ўстава царквы была прынятая ў 1921 року. Царква ў пэрыяд Першай рэспублікі падтрымлівала шчыльны кантакт з Эвангельскай царквой чэскіх братоў.
Пасьля прыходу да ўлады камуністаў у 1948 року лютэранская царква была пазбаўленая сваіх школаў і сацыяльных установаў, шматлікія пэрыёдыкі зачыненыя. Больш за сотню сьвятароў трапілі пад перасьлед, многія зь іх былі зьняволеныя і пазбаўленыя магчымасьці выконваць набажэнствы.
Структура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асноўнаю структурнаю адзінкай ёсьць царкоўны збор. Зборы аб’яднаныя ў сэньяраты, сэньяраты ў акругі. ЭЦАВ падзеленая на дзьве акругі: Усходнюю і Заходнюю — і на 14 сэньяратаў, 8 зь якіх уваходзяць у Заходнюю, астатнія 6 — ва Ўсходнюю акругу[2]:
Заходняя акруга:
|
Усходняя акруга
|
Выканаўчыя органы царквы на ўсіх узроўнях складаюцца з канвэнту, найвышэйшага органу збору, прэсьбітэрства і пасадніцтва. Заканадаўчы і найвышэйшы адміністрацыйны орган славацкай эвангельскай царквы прадстаўлены сынодам. Паводле Ўставы царквы тэрмін абраньня прадстаўнікоў на ўсіх узроўняў — 6 гадоў. Сьвятары царквы абіраюцца зборам кожныя 10 гадоў[3].
Вера
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]ЭЦАВ вызнае біблійныя Дабравесьці крыніцаю веры ў трыадзінага Бога і законам жыцьця. Галавою царквы лічыцца Ісус Хрыстос, усе астатнія вернікі — Боскія дзеці, аднолькавыя міжсобку. У дачыненьні да сьвятароў слова «айцец» не ўжываецца, бо паводле Ісусавых словаў яно можа азначаць адно нябеснага Айца. У дадатак да азначэньняў біскуп, сэньёр, пастар выкарыстоўваецца слова «брат».
Сымбалем веры прызнаецца Аўгсбурскае вызнаньне.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ladislav Hubenák. Z nášho archívu. Historická revue. Праверана 21 красавіка 2013 г.
- ^ Edita Škodová. Internetové stránky jednotlivých zborov v rámci seniorátov (славацк.). Evanjelická cirkev augsburského vyznania na Slovensku. Праверана 21 красавіка 2013 г.
- ^ Šiesta časť. CIRKEVNÍ PREDSTAVITELIA. Článok 40 (славацк.) // Cirkevný ústavný zákon č. 1/93, ktorým bola prijatá ústava ECAV na Slovensku v znení cirkevného ústavného zákona č. 7/00, 1/01 a 1/02. — Ministerstvo kultúry Slovenskej republiky.