Перайсьці да зьместу

Талеранцыйны патэнт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Талеранцыйны патэнт

Талеранцы́йны патэ́нт (па-нямецку: Toleranzpatent) — дакумэнт, выдадзены сьвятым рымскім імпэратарам Ёзэфам II 13 кастрычніка 1781 року[1]. Патэнт фактычна завяршыў Контрарэфармацыю ў Габсбурскай імпэрыі. Гэты дакумэнт натхніў асьветніцкія ідэалы Ёзэфа II (ёзэфінізм), і ў наступным року ён выдаў Талеранцыйны эдыкт.

Паводле патэнту эвангелісты (лютэране і кальвіністы), а таксама праваслаўныя, якія насялялі Прэдлітаўскую частку імпэрыі Габсбургаў, атрымалі свабоду вызнаньня[2], мажлівасьць будовы дамоў малітвы і ўрэгуляваньня стасункаў з пануючай Каталіцкай царквой (напрыклад, належныя плацяжы). Прыхільнікі гэтых веравызнаньняў былі практычна ўраўнаваныя ў грамадзянскіх правох з каталікамі: атрымалі магчымасьць валодаць маёнткамі, займацца рамёствамі, пражываць у местах, атрымліваць навуковыя званьні і займаць дзяржаўныя пасады. Тым ня меней, каталіцтва заставалася дзяржаўнай канфэсіяй, і дамы малітвы іншых канфэсіяў маглі будавацца толькі з пэўнымі абмежаваньнямі: напрыклад, галоўны ўваход нельга было рабіць з боку вуліцы, таксама былі забароненыя вежы (хоць у Драгомысьлю такі дазвол быў атрыманы).

Прыклад «талеранцыйнага» дому малітвы ў вёсцы Фрэзах (Аўстрыя)

Па выданьні патэнту на тэрыторыі Прэдлітавіі зборы паўсталі ў такіх мясьцінах, як Вена, Верхняя Аўстрыя, Трыест і Прага. Агулам за тры рокі па выданьні патэнту ў Аўстрыі і па-за Аўстрыйскай Сылезіяй паўстала 50 збораў. Ва ўсходняй частцы Аўстрыйскай Сылезіі — на Цешынскай Сылезіі — знаходзілася найбольшая на той час суполка лютэранаў на тэрыторыі Прэдлітавіі. Гэтую правінцыю ад астатніх адрозьнівала тое, што тут ужо існавала г. зв. царква ласкі (Царква Ісуса ў Цешыне), таму патэнт быў тут прыняты ў іншай фармулёўцы[3]. Дзякуючы выданьню Талеранцыйнага патэнту да цешынскай царквы далучыліся новыя зборы рэгіёну: у Бельскай, Яважы, Блудавіцах, Комарнай Льготцы, Вісьле, Быстржыцах, Устрані, Галешаве, Наўсях, Драгомысьлі, Старой Бельскай. У заходняй, опаўскай частцы правінцыі паўстаў толькі адзін збор у Голчавіцах (ням. Hillersdorf).

У наступныя рокі выдадзеныя яшчэ некалькі дэкрэтаў, дапаўняючых патэнт, у тым ліку з мэтаю стрыманьня далейшага разьвіцьця эвангельскай царквы на тэрыторыі дзяржавы. Поўнае ўраўнаваньне ў рэлігійных правох адбылося ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя ў пару Вясны народаў.

  1. ^ Jürgen Habermas. Intolerance and discrimination // International Journal of Constitutional Law. — Oxford University Press and New York University School of Law, 2003. — В. 1. — Т. 1. — С. 2. — DOI:10.1093/icon/1.1.2
  2. ^ Stephen R. Burant, ed. (1989) Enlightened Absolutism Hungary: A Country Study. GPO for the Library of Congress. Праверана 21 красавіка 2013 г.
  3. ^ Michejda 1992. С. 133.
  • Bednář, František. Toleranční patent, jeho vznik a význam. — Praha: 1931.
  • Melmuková, Eva. Patent zvaný toleranční. — Praha: Mladá fronta, 1999.
  • Franciszek Michejda. Dzieje Kościoła ewangelickiego w Księstwie Cieszyńskim (od Reformacji do roku 1909). — Katowice: Dom Wydawniczy i Księgarski «Didache», 1992. — С. 131—155. — ISBN 83-85572-00-7

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Талеранцыйны патэнтсховішча мультымэдыйных матэрыялаў