Шаблён:Цяперашні абраны артыкул/2014-10
Паўночна-Заходні край, альбо паўночна-заходнія губэрні (па-расейску: Северо-Западный край) — размоўная, публіцыстычная і афіцыйна-бюракратычная назва шасьці губэрняў Расейскай імпэрыі (Віленская, Ковенская, Гарадзенская, Менская, Магілёўская і Віцебская губэрні).
Тэрмін «Паўночна-Заходні край» («паўночна-заходнія губэрні») пачаў першапачаткова ўжывацца ва ўрадавай тэрміналёгіі ў адносінах да Віленскага ваеннага генэрал-губэрнатарства пасьля скасаваньня ў Расейскай імпэрыі ўніяцтва (1839) як жаданьне паказаць ня толькі спадчынна-дынастычны, але і этнаканфэсійна «рускі» характар гэтых зямель (Віленскай, Гарадзенскай, Менскай і Ковенскай губэрняў). Аднак да пачатку сялянскай рэформы (1861) і асабліва да паўстаньня 1863—1864 гадоў тэрмін «Паўночна-Заходні край» выкарыстоўваўся вельмі рэдка і не распаўсюджваўся на Віцебскую і Магілёўскую губэрні. Да пачатку 1860-х часьцей за ўсё ў расейскай урадавай тэрміналёгіі «паўночна-заходнія губэрні» не вылучаліся асобна, а разам зь «беларускімі» (Віцебскай і Магілёўскай губэрнямі) і «паўднёва-заходнімі губэрнямі» («Паўднёва-Заходнім краем» — Кіеўскім вайсковым генэрал-губэрнатарствам) прадстаўляліся сукупна і фігуравалі пад агульнай назвай «заходнія губэрні» (ці «Заходні край»).
Падпарадкаваньне ў 1863 годзе (праз пачатак паўстаньня 1863—1864 гадоў) Віцебскай і Магілёўскай губэрняў уладзе віленскага ваеннага генэрал-губэрнатара распаўсюдзіла тэрмін «Паўночна-Заходні край» і на гэтыя («беларускія») губэрні, што захавалася нават пасьля выхаду ў 1869 годзе Віцебскай і Магілёўскай губэрняў з-пад улады віленскага генэрал-губэрнатара.
(артыкул цалкам…)