Перайсьці да зьместу

Чамы (альбанцы)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Чамы.
Чамы
Агульная колькасьць каля 40000
Рэгіёны пражываньня Альбанія, Грэцыя
Мовы альбанская мова
Рэлігіі Іслам
Блізкія этнасы іншыя альбанцы

Чамы (па-альбанску: Çamë) — група альбанцаў з паўночнага захаду Грэцыі. Размаўляюць на асобным дыялекце альбанскай мовы. Рэгіён, населены імі, завецца Чамёрыя. У перапісах насельніцтва Грэцыі чамы не вылучаюцца як асобная група насельніцтва, а пералічваюцца разам зь іншымі альбанцамі. Меркаваная колькасьць у Грэцыі — каля 40 000 чалавек. У выніку дэпартацыі і эміграцыі чамы таксама апынуліся ў Альбаніі, Турэччыне, ЗША.

Да сярэдзіны XX ст. чамы кампактна насялялі ўзьбярэжжа Іянічнага мора і ракі Ціаміс. У адрозьненьне ад іншых навакольных жыхароў яны вызнавалі іслам. У XIX ст. чамы аказвалі супраціў грэцкаму нацыянальнаму руху ў Эпіры. Аднак у 1912 годзе Чамёрыя была далучана да Грэцыі.

Грэцкі ўрад праводзіў палітыку асыміляцыі мясцовага насельніцтва — зьмяніў назвы альбанскіх населеных пунктаў на грэцскія, перадаў значную частку зямель перасяленцам-грэкам з Турэччыны, пазбаўляў грамадзянскіх правоў тых, хто не пісаў на грэцкай мове. Падчас акупацыі Грэцыі Італіяй і нацысцкай Нямеччынай ў 1941 — 1944 гг. частка чамаў супрацоўнічала з акупацыйнымі ўладамі, аднак былі і тыя, хто аказваў ім супраціў, удзельнічаў у партызанскім руху.

У 1944 — 1945 гг. адбылася гвалтоўная дэпартацыя большасьці чамаў-мусульман з Грэцыі ў Альбанію. У 1952 годзе ўрад Грэцыі пастанавіў канфіскаваць маёмасьць дэпартаваных і канчаткова пазбавіць іх грэцкага грамадзянства.

У 1991 годзе ўзьнік рух чамаў за аднаўленьне сваіх правоў і гістарычнай справядлівасьці. Арганізацыі чамаў дзейнічаюць на тэрыторыі Альбаніі, ЗША, Бэльгіі.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]