Перайсьці да зьместу

Цэнтон

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Цэнто́н (па-лацінску: cento, род. склон centonis — коўдра ці адзеньне, пашытае з разнаколерных лапікаў) — верш, цалкам складзены з радкоў іншых вершаў. Радкі мусяць падбірацца такім чынам, каб увесь верш «з абрэзкаў» быў аб’яднаны нейкім агульным сэнсам ці, прынамсі, зграбнасьцю сынтаксычнай пабудовы, якая надае яму выгляд завершанага твору[1]. Пажадана, каб тэксты-першакрыніцы былі вядомыя чытачу (найлепей у гэтай якасьці прыдаюцца хрэстаматыйныя творы) — тады мастацкае ўзьдзеяньне цэнтону, заснаванае на памяці пра стары кантэкст, істотна ўзмацняецца[2].

Гранічна блізкім да цэнтону літаратурным жанрам зьяўляецца пастыш (італ. pasticcio — паштэт) — твор, укладзены з урыўкаў аднаго ці некалькіх аўтараў[3]. Калі цэнтонам прынята лічыць вершаваны твор, то пастышам — празаічны альбо драматургічны

Цэнтоны вядомыя з позьняй антычнасьці. У VI стагодзьдзі паэт Аўзоніюс склаў «Шлюбны цэнтон» з асобных радкоў Вэргіліюса. Варта зазначыць, што антычная паэзія не карысталася рыфмамі, таму стварэньне цэнтонаў не рабіла лішняй цяжкасьці. Рыфмаваньне цэнтонаў пачалі ажыцьцяўляць сярэднявечныя ваганты і паэты эпохі Адраджэньня. Так, напрыклад, вядомы гішпанскі паэт Лёпэ дэ Вэга (15621635) стварыў цэнтонавы санэт з радкоў Гарацыюса, Пэтраркі, Таса, Арыёста, Сэрафіна, Камоэнса і Баскана. Аднак з завяршэньнем эпохі барока цэнтоны выйшлі з моды, іх практыкавалі толькі зрэдку і дзеля жарту, ня ставячы вялікіх эстэтычных заданьняў[2].

У чарах млее ноч. За рэчкаю ў аддалі (Альбэрт Паўловіч)
гамоняць радасна паміж сабой кусты (Хведар Чарнышэвіч)
па той бок. Што па той? І ўжо зьнікаеш ты. (Алесь Разанаў)
Так многа шчасьця, хоць яго было так мала. (Кастусь Кірэенка)

О, сэрца, ты ня плач! — яшчэ не перастала (Гальяш Леўчык)
нясьцішна гаманіць у часе цемнаты. (Міхайла Грамыка)
Пільнуеш, быццам сьмерць, гадзіны, дні, гады, (Аркадзь Моркаўка)
калоціцца агонь, што губіць і ўздымае. (Алесь Разанаў)

Шкада разьбітых мар. На цёмным дне жыцьця (Янук Д.)
мінулае сваё прыпамінаю я (Максім Багдановіч)
і кожны трэск, і стогн, і звонкі птушак сокат… (Максім Багдановіч)

Прыходзь у гэты лес, паветра тут глытай — (Алесь Гарун)
у хвалях возера разьліта пазалота: (Хведар Чарнышэвіч)
Само-Сіерра, Рэйн, Аара, По, Дунай! (Вацлаў Ластоўскі)

— Юрась Пацюпа. Арабескі[4]


  1. ^ Центон // Квятковский А. Поэтический словарь. — Москва: Сов. энц., 1966. — С. 332.
  2. ^ а б Віктар Жыбуль. Цэнтон і мэтады трансфармацыі клясычных тэкстаў. — Беларускі калегіюм.
  3. ^ Віктар Жыбуль, Юры Пацюпа З разнаколерных лапікаў. Цэнтон і роднасныя яму з'явы ў беларускай паэзіі // Роднае слова. — Мн.: 2007. — № 1.
  4. ^ Юрась Пацюпа. Мэзальянсы, або Юрлівыя санэты // ARCHE Пачатак. — 2001. — № 1.