Перайсьці да зьместу

Цырыл Васіль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Цырыл Васіль
Cyril Vasiľ
Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
7 траўня 2009 — 20 студзеня 2020 г.
ПапярэднікАнтоніа Марыя Вэльё

1-ы Тытулярны архібіскуп Птолемаіды ў Лібіі
14 чэрвеня 2009
Інтранізацыя7 траўня 2009
ЦаркваКаталіцкая

Адукацыя
Дзейнасьцьтэоляг, прафэсар унівэрсытэту, каталіцкі сьвятар, грэка-каталіцкі сьвятар, архібіскуп
Нарадзіўся10 красавіка 1965(1965-04-10)[1] (59 гадоў)
Прыняцьце сьвятога сану14 чэрвеня 1987
Прыцяцьце манаства15 кастрычніка 1990
Япіскапская хіратонія14 чэрвеня 2009

Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Цырыл Васіль, ТІ, Кірыла Васіль, ТІ (па-славацку: Cyril Vasiľ; нар. 10 красавіка 1965, Кошыцы, Славаччына) — славацкі грэка-каталіцкі сьвятар-езуіт, багаслоў, былы Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, зьверхнік Кошыцкай япархіі Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Нарадзіўся ў Кошыцах (Славаччына) 10 красавіка 1965 году. У 1982—1987 гг. навучаўся ў Браціслаўскім унівэрсытэце на тэалягічным факультэце імя Кірылы і Мятода. Быў рукапакладзены на сьвятара 14 чэрвеня 1987 г. біскупам Славамірам Міклаўшам зь Югаславіі, бо ў той час Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквой кіраваў ардынар-мітрат, які ня быў біскупам (не атрымаў дазволу камуністычных уладаў). У 1990 годзе айцец Цырыл Васіль уступіў у Ордэн Езуітаў.

У 1989 годзе атрымаў ліцэнцыят усходняга кананічнага права ў Папскім Усходнім інстытуце ў Рыме, там жа ў 1994 годзе абараніў доктарскую працу па Ўсходнім кананічным праве.

Пасьля заканчэньня студыяў а. Цырыл Васіль зьяўляўся прафэсарам, дэканам факультэту кананічнага права ў Папскім Усходнім інстытуце, прарэктарам, а з 2007 году — рэктарам гэтага Інстытуту. Працаваў таксама прафэсарам у Папскім Грыгарыянскім унівэрсытэце ў Рыме, на тэалягічных факультэтах ва ўнівэрсытэтах Браціславы і Трнавы. Разам з Архімандрытам Сяргеем (Гаекам) працаваў у коле кансультараў Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.

7 траўня 2009 году Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў а. Цырыла Васіля, SJ, які дагэтуль працаваў рэктарам Папскага Ўсходняга інстытуту (Pontificia Instituto Orientale), Сакратаром Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. 14 чэрвеня 2009 году ў рымскай базыліцы Santa Maria Maggiore адбылася яго архірэйская хіратонія. Папа надаў яму годнасьць тытулярнага архібіскупа Птолемаіды ў Лібіі.

Архібіскуп Цырыл Васіль зьяўляецца кансультарам (дарадцам) Кангрэгацыі навукі веры, з 2010 году — Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, а з 2011 году — сябра Папскай Рады па справах пастырства мігрантаў і падарожнікаў, дзе раней служыў дарадцам. Акрамя таго, ён быў прызначаны кансультантам-экспэртам агульнага Сыноду Біскупаў, прысьвечанага Тайне Эўхарыстыі, які адбыўся ў 2005 годзе.

Уладыка Кірыла (Васіль) — аўтар шматлікіх кніг і публікацыяў, супрацоўнічаў з Ватыканскім радыё.

Таксама значную частку свайго жыцьця ён прысьвяціў душпастырству каталіцкіх скаўтаў, быў скаўцкім капэлянам у Рымскай дыяцэзіі, тры гады (з 2003 г.) зьяўляўся капэлянам Міжнароднай Фэдэрацыі гайдаў і скаўтаў Эўропы.

Акрамя роднай славацкай мовы, валодае таксама лацінскай, італійскай, ангельскай, францускай, нямецкай, гішпанскай, грэцкай, царкоўнаславянскай, расейскай і ўкраінскай мовамі. Уладыка Кірыла свабодна чытае па-беларуску і шматразова дапамагаў сваімі юрыдычнымі кансультацыямі БГКЦ.

20 студзеня 2020 году Папа Рымскі Францішак прызначыў архібіскупа Кірыла Васіля Апостальскім адміністратарам sede plena Кошыцкай грэка-каталіцкай япархіі ў Славаччыне. 24 чэрвеня 2021 году Папа Францішак прыняў зрачэньне з пастырскага ўраду, складзенае біскупам Міланам Хаўтурам, ЧНА, япархам Кошыцкім для католікаў бізантыйскага абраду ў Славаччыне, і новым япархам прызначыў уладыку Кірыла Васіля, захаваўшы за ім пэрсанальны тытул архібіскупа.

21 чэрвеня 2021 году Папа Францішак прызначыў архібіскупа Цырыла Васіля сябрам Найвышэйшага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры. 31 ліпеня 2023 году славацкі грэка-каталіцкі ярарх прызначаны таксама папскім дэлегатам з асаблівымі паўнамоцтвамі для Сірыйска-Малабарскай Царквы для вырашэньня праблемаў, зьвязаных з правядзеньнем літургічнай рэформы ў гэтай Усходняй Каталіцкай Царкве.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ а б Evidence zájmových osob StB