Царква Вялебнай Марты (Горадня)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Царква Вялебнай Марты
| |
Царква Вялебнай Марты па рэканструкцыі
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Горадня |
Каардынаты | 53°40′16.12″ пн. ш. 23°50′30.15″ у. д. / 53.6711444° пн. ш. 23.8417083° у. д.Каардынаты: 53°40′16.12″ пн. ш. 23°50′30.15″ у. д. / 53.6711444° пн. ш. 23.8417083° у. д. |
Канфэсія | праваслаўе |
Эпархія | Гарадзенская і Ваўкавыская япархія[d] |
Першае згадваньне | 1846 |
Царква Вялебнай Марты |
Царква Вялебнай Марты[a] — помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя ў Горадні. Знаходзіцца на старых праваслаўных могілках[b]. Дзее. Твор архітэктуры клясыцызму, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку рэканструкцыі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Будаваньне мураванай могілкавай царквы ў Горадні вялося ў 1846—1848 гадох з фундацыі гарадзенскага архіяпіскапа Ніла (Ісаковіча) дзеля пахаваньня ўласнай маці Марты Насковіч. У 1867 годзе праводзілася рэканструкцыя будынка. Архіяпіскап Ніл ахвяраваў на гэта 300 рублёў.
Па Другой сусьветнай вайне царква знаходзілася ў заняпадзе і толькі ў канцы 1980-х гадоў будынак перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату. У жніўні 1990 году на сродкі Пакроўскага сабора фірма «Дэкор» распачала рэстаўрацыйныя работы, якія завяршыліся ў ліпені наступнага году. Тады ж прывялі ў належны стан і магілы вакол самой царквы. Прыкладна ў той самы час царкву ўлучылі ў сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў.
У пачатку 2000-х гадоў царкву і старыя могілкі пазбавілі статусу гістарычна-культурнай каштоўнасьці. У сярэдзіне 2000-х гадоў на могілках высеклі ўсе дрэвы і пераклалі новай пліткай старыя брукаваныя дарожкі. У 2012 годзе пачалася перабудова царквы, якая зьвялася да таго, што будынак пашырылі ў два разы. Пры гэтым адбылося зьнішчэньні характэрных для сярэдзіны XIX ст. архітэктурных рысаў, а над будынкам паставілі вялізны пазалочаны купал. Алтар новай царквы паўстаў на месцы магілаў гарадзенцаў, якія раней знаходзіліся каля сьценаў.
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнік архітэктуры позьняга клясыцызму. Гэта 1-вежавы крыжападобны ў пляне будынак, накрыты пакатымі двухсхільнымі дахамі. На тарцах бакавых крылаў і апсыды трыкутныя франтоны. Атынкаваныя сьцены апярэзваюцца карнізам, падзяляюцца высокімі аркавымі аконнымі праёмамі з руставанымі архівольтамі. Фасады падзяляюцца аркавымі і крыжовымі нішамі, эксэдрамі, падаконнай цягай. З боку галоўнага фасада далучаецца квадратная ў сечыве 2-ярусная званіца, накрытая пакатым двухсхільным дахам з купалам. На аднам ярусе аркавы праём галоўнага ўвахода, 2-і ярус праразаецца круглымі люкарнамі і прасьветамі з бэлькамі для званоў. Да апсыды далучаецца нізкая рызьніца. У перакрытую роўнай стольлю малітоўную залю выступаюць драўляныя хоры з балюстрадай[1].
У выніку рэканструкцыі выгляд помніка зьмяніўся да непазнавальнасьці[2].
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Афіцыйны тытул Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату — царква Прападобнай Марфы (рас. царквось Преподобной Марфы)
- ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Антонава
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2007.
- ^ Царква прападобнай Марфы ў Гродне – чарговы "шэдэўр" з пенаблокаў, TUT.BY, 18 кастрычніка 2013 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кулагін А. Праваслаўныя храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя, 2007.— 653 с.: іл. ISBN 978-985-11-0389-4.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Царква прападобнай Марфы ў Горадні, Radzima.org
- Царква прападобнай Марфы ў Гродне – чарговы "шэдэўр" з пенаблокаў, TUT.BY, 18 кастрычніка 2013 г.