Перайсьці да зьместу

Царква сьвятога Мікіты Пакутніка (Кастамлоты)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Царква́ сьвято́га му́чаніка Мікі́ты ў Кастамло́тах — старажытная драўляная царква (1631 г.), помнік уніяцкага дойлідзтва ў каталіцкай парафіі бізантыйска-славянскага абраду ў Кастамлотах на р. Буг у Польшчы, ля сучаснай мяжы зь Беларусьсю, за 15 км ад Берасьця. У 1875—1927 — праваслаўная царква. Санктуарыюм Падляскіх мучанікаў-уніятаў.

Парафія сьвятога мучаніка Мікіты ў Кастамлотах — адзіная каталіцкая парафія бізантыйска-славянскага абраду ў Польшчы з шэрагу адноўленых у міжваенны час на тэрыторыі былой Холмскай уніяцкай япархіі, якая існуе да сёньняшняга дня. Яе цэнтар знаходзіцца ў вёсцы Кастамлоты. Парафія падпарадкоўваецца біскупу Седлецкай рымска-каталіцкай дыяцэзіі.

Кастамалоты як адна з прыбускіх вёсак Берасьцейскай зямлі у гістарычных дакумэнтах ўзгадваецца з 1412 году, калі вялікі князь літоўскі Вітаўт падараваў яе кляштару аўгустынаў у Берасьці. Парафія ў Кастамалотах была заснаваная ў 1631 ужо як уніяцкая. Царква была пабудавана ў гонар сьвятога вялікамучаніка Мікіты (памёр у 370 годзе). У 1852 царква была перабудаваная. Храмавы абраз сьвятога мучаніка Мікіты быў падораны новазбудаванай уніяцкай царкве 4 верасьня 1631 Тадорай з Прылукаў (знаходзіцца па другі бок Буга) і яе мужам ды сынамі. Пасьля Падзелаў Рэчы Паспалітай Кастамалоты — у складзе Аўстрыі, ад 1815 — Царства Польскага. У 1852 уладар Кастамалотаў Ян Лоскі адрамантаваў царкву. У 1874 апошні ўніяцкі сьвятар Генрык Калінскі абвясьціў вернікам аб хуткім скасаваньні уніі з Рымам і сышоў у Галічыну. У 1875 прыход стаў праваслаўным.

У 1927 біскуп Пшазьдзецкі сваім дэкрэтам аднавіў уніяцкую парафію ў Кастамлотах (з падпарадкаваньнем рыма-каталіцкаму біскупу Седлецкаму). У парафію запісаліся 300 чалавек з Кастамлотаў і навакольных вёсак. Парахам быў прызначаны Яўген Ружыцкі. Суд, які адбыўся ў пачатку 1928, прызнаў права ўласнасьці на царкоўны будынак за ўніяцкай парафіяй, бо храм першапачаткова быў пабудаваны менавіта ў якасьці ўніяцкага.

У пэрыяд 1927—1939 душпастырамі парафіі былі таксама наступныя сьвятары: Хведар Чыстоўскі, Сяргей Спытэцкі, Лявон Тыхоўскі, Аляксандар Нікольскі, а таксама выхавнец Усходняй місіі ў Альбэрціне езуіт а. Ян Чорнак.

22 верасьня 1939 у Кастамлоты ўвайшлі часткі Чырвонае Арміі, якія акупавалі Заходнюю Беларусь у адпаведнасьці з Пактам Молатава-Рыбэнтропа. Праваслаўная грамада (чый храм быў разбураны ўладамі ў 1938) неадкладна захапіла храм сьвятога Мікіты і плябанію. Але праз тыдзень Чырвоная Армія перадала заходні бераг Буга пад кантроль Вэрмахту, і нямецкія акупацыйныя ўлады загадалі вярнуць уніятам іх уласнасьць. Ад 1940 году парахам у Кастамлотах служыў а. Аляксандар Прылуцкі, які паходзіў з суседняга Дакудава.

У 1947 у выніку апэрацыі «Вісла» была выселена вялікая колькасьць насельніцтва ў Сылезію, якая перайшла пад кантроль Польшчы па волі І. Сталіна. У Кастамлотах дазволілі застацца толькі хворым і старым. На іх месца засялялі перасяленцаў з СССР. Уніяцкаму параху было прапанавана перайсьці ў лацінскі абрад, каб засьцерагчы сябе ад дэпартацыі, але той адмовіўся. У сувязі з тым, што немалая частка вернікаў была рыма-каталікамі, Прылуцкі быў вымушаны ўвесьці грыгарыянскі каляндар. У 1953 была адрэстаўраваная зьнесеная ветрам вежа царквы. Толькі ў 1956 усім жыхаром дазволілі вярнуцца ў іх родныя мясьціны, парафіяльнае жыцьцё пайшло больш актыўна. У 1967 у дапамогу параху быў прызначаны ераманах Марыянскае кангрэгацыі Раман Пентка. Пры парафіі існаваў марыянскі манастыр бізантыйскага абраду. 4 чэрвеня 1974 гэтую каталіцкую парафію бізантыйскага абраду наведаў кардынал Стэфан Вышынскі. У 1981 храм быў адрэстаўраваны і цяпер актыўна наведваецца турыстамі і пілігрымамі.

Пасьля лібэралізацыі ў Польшчы, парафія была перададзены ў юрысдыкцыю Прымаса Польшчы кардынала Юзафа Глемпа. У ліпені 1998 у царкву сьв. Мікіты былі перанесеныя мошчы пратулінскіх уніяцкіх мучанікаў. Часта на стажыроўку ў гэтую каталіцкую парафію бізантыйска-славянскага абраду прыяжджаюць сэмінарысты, якія вывучаюць бізантыйскі абрад. У апошнія дзесяцігодзьдзі пачаўся пераклад службаў на польскую мову. У парафіі правіцца Акафіст у гонар Падляскіх мучанікаў, напісаны яе шматгадовым душпастырам а. Раманам Пенткам на польскай мове (сёньня існуе таксама беларускі пераклад гэтага акафісту). Вернікі падчас Літургіі маюць магчымасьць сядзяць на лаўках. Асаблівасьцю гэтае парафіі зьяўляецца наяўнасьць традыцыі заходняй Царквы — пазалітургічнага шанаваньня Эўхарыстыі: адзін раз на год на сьвята Божага Цела (Найсьвяцейшай Эўхарыстыі) адбываецца выстаўленьне найсьвяцейшага сакраманту.

У 1996 каля царквы на 400-ыя ўгодкі Берасьцейскай царкоўнай уніі ўстаноўлены памятны знак.

Архітэктура й убраньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аднанэфавая, арыентаваная на ўсход зрубная царква мае трохбаковы прэзьбітэры. У пляне царква мае прастакутны абрыс. Над дахам нартэкса ўзвышаецца чатырохкутная вежа з сыгнатуркай наверсе. Сьвятыня мае вокны з паўкруглым завяршэньнем, а таксама прастакутныя (закрыстыя) і круглыя (прэзьбітэры).

Унутры царквы захаваўся дзьвюхчасткавы эклектычны іканастас, царскія вароты з XVIII стагодзьдзя, літургічная кніга з 1767, абраз сьвятога патрона царквы — мучаніка Мікіты з 14-цю сцэнамі з жыцьця сьвятога (1631). Найбольш каштоўныя абразы ў царкве — Кастамлоцкая ікона Маці Божай XVII стагодзьдзя і ікона Хрыста Пантакратара XVII ст. Апроч таго захоўваюцца старажытныя ўніяцкія ды інш. абразы: Дэісус, Маці Божай зь Немаўляткам, сьв. Анупрэя, сьвятых Кірыла й Мятода, групы трох апосталаў, Маці Божай Казанскай, Маці Божай у тыпе Элеўсы, Хрыста Ўваскрослага, сьв. Мікалая, сьвятых Канстантына й Алены, Усьпеньня Маці Божай.

З мэтай ушанаваньня памяці ўніяцкіх мучанікаў з Пратуліна для санктуарыюму Падляскіх мучанікаў у Кастамлотах іканапісцам зь Берасьця Сяргеем Вышамірскім у сяр. 1990-х у традыцыі беларускага ўніяцкага іканапісу была напісаная ікона Пратулінскіх мучанікаў, а таксама іконы з выявай кожнага з 14-ці Пратулінскіх мучанікаў ды іншыя абразы.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква сьвятога Мікіты Пакутніка (Кастамлоты)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў