Перайсьці да зьместу

Хлеўнік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Як і іншыя дэманалягічныя істоты, хлеўнік большасьць часу заставаўся нябачным і паказваўся толькі ў выключных выпадках. Уяўлялі яго ў выглядзе скручанага, зморшчанага худога чалавека. Хлеўнік займаў у хляве задні кут, залазіў на курынае седала, адкуль назіраў за жывёлай, падыходзячы да парога, калі жывёла выходзіла з хлява, ці вярталася туды. Хлеўнік, як і дамавік, таксама песьціць і даглядае скаціну, калі яна яму падабаецца, падкідвае корму, носіць ваду, заплятае коням грыву. Масьць, як і ў дамавіка, зьяўляецца вызначальным момантам у адносінах хлеўніка да жывёлы: стракатую ён не любіць заўсёды, любоў да іншых масьцей у хлеўнікаў індывідуальная, а ў густах яны вельмі пераборлівыя. Калі жывёліна не падабаецца хлеўніку, то ён пачынае начамі езьдзіць на ёй, выдзірае поўсьць, блытае грывы коням, адсоўвае ад іх ежу і г. д. Ад такіх дзеяньняў хлеўніка жывёла марнее, худзее і неўзабаве гіне.

Часьцей за ўсё дзеяньні хлеўніка зьвязаны з коньмі і каровамі, рэдка — з авечкамі і ніколі — са сьвіньнямі і козамі. Як і дамавік, хлеўнік не церпіць казла, асабліва чорнага, каля сябе, таму чорнага казла прывязваюць у хляве, каб ад хлеўніка пазбавіцца.

Хлеўнік любіць хлеў, дзе парадак і чысьціня. Калі хлеў брудны, нячысьцік па большай частцы сядзіць у кутку і не даглядае жывёлу. Раззлаваны хлеўнік помсьціць людзям паморкам скаціны, для чаго ён наўмысна прыносіць у хлеў заразу. Але паморак мог быць і ахвярай пры пагібелі хлеўніка. У тым месцы, дзе загінуў хлеўнік, лічылі, жывёла ўжо ніколі весьціся ня будзе.

Існавала мноства спосабаў пазбавіцца ад дрэннага ўзьдзеяньня хлеўніка. Акрамя ўжо згаданага казла, як і для дамавіка, вешалі ў хляве сароку, люстэрка, выганялі яго з дапамогай грамнічнай сьвечкі, якую таксама вешалі ў хляве ці трымалі ў руцэ, чакаючы яго зьяўленьня. Увайсьці ў хлеў, дзе была грамнічная сьвечка, ён ня мог і пачынаў шумець, не пераходзячы парог. Тады трэба было перахрысьціць месца перад сьвечкаю і сказаць:

«Прыходзіў ён і відзіў мяне, ды зьлякнуўся і вярнуўся». Пасьля чаго былі ўпэўнены, што хлеўнік не вернецца.

Каб пазбавіць ад пакут жывёлу, якая не даспадобы хлеўніку, яе праганялі праз жароўню з палаючымі асінавымі вуглямі, сьцябаючы пасконнай пугай і прыгаворваючы словы:

«Пайшла, хіра (немач, хвароба, погань) на ўзьвей вецер!»

  • Т. А. Навагродскі [і інш.] Этналогія Беларусі: традыцыйная культура насельніцтва ў гістарычнай перспектыве. Вучэб.-метад. дапам. — Мінск, БДУ, 2009. — 335 с іл. ISBN 978-985-518-121-8
  • Беларуская міфалогія / уклад. У. А. Васілевіч. Мінск, 2001.
  • Беларуская міфалогія : энцыкл. слоўн. Мінск, 2004.
  • Богданович А. Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. Гродно, 1895.
  • Вуглік, І. Р. Міфалогія беларусаў : навучальна-метадычны дапаможнік / І. Р. Вуглік. — Мінск : Сучасныя веды, 2005. — 151 с.
  • Зямная дарога ў вырай: Беларускія народныя прыкметы і павер’і / Укладанне, прадмова, пераклад і паказальнік У.Васілевіча. — Мінск: Беларусь, 2010
  • Ляцкий, Е. А. Представления белоруса о нечистой силе / Е. А. Ляцкий // Этнографическое обозрение. 1890. № 4.
  • Народная духоўная культура Брагіншчыны: фальклорна-этнаграфічны зборнік / склад.: В. С. Новак, У. І. Коваль / навук. рэцэнзенты: А. У. Марозаў, А. С. Ліс. — Гомель: Белдрук, 2007. — 240 с.: іл.
  • Народная духоўная спадчына Гомельскага раёна / Укладанне, сістэматызацыя, тэксталагічная праца В. С. Новак. Гомель: ААТ «Полеспечать». 2007. — 456 с.: іл.
  • Никифоровский, Н. Я. Нечистики. Свод простонародных в Витебской Белоруссии сказаний о нечистой силе / Н. Я. Никифоровский. Вильно, 1907.
  • Пяткевіч Ч. Рэчыцкае Палессе / Уклад., прадм. У. Васілевіча. Мінск: «Беларускі кнігазбор», 2004. 670, [2] с. іл. 21 см.
  • Романов, Е. Р. Белорусский сборник / Е. Р. Романов. Вып. 4. Витебск, 1891 ; Вып. 8. Быт белоруса. Вильно, 1912.
  • Россия: Полное географическое описание нашего отечества. Том девятый. Верхнее Поднепровье и Белоруссия / Под. ред. В. П. Семёнова. СПб., 1905.
  • Сержпутоўскі А. К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў / прадм. У. К. Касько; маст. В. Р. Мішчанка. — Мн.: Універсітэцкае, 1998. — 301 с.
  • Славянская мифология : энцикл. слов. М., 1995.
  • Славянские древности : этнолингвист. слов. :в3т. М.,1995. Т. 1 ; М., 1999. Т. 3 ; М., 2004. Т. 2.
  • Шамак, А. А. Міфалогія беларусаў / А. А. Шамак. Мінск, 2005.
  • Шейн П. В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края, собранные и приведённые в порядок П. В. Шейном. Т. 3. СПб., 1902.