Перайсьці да зьместу

Харвацкае Загор’е

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Краявід Харвацкага Загор’я

Харвацкае Загор’е (па-харвацку: Hrvatsko Zagorje) — гістарычны рэгіён ў паўночнай часцы Харватыі, на поўнач ад сталіцы краіны, Загрэбу. У Харватыі часьцей за ўсё называецца проста «Загор’е». Большая частка Загор’я знаходзіцца ў Крапінска-Загорскай жупаніі і частка ў Вараждзінскай жупанія. Рэгіён абмежаваны з поўдня горнай градой Мядзьведніца, з паўночнага захаду граніцай Славеніі, з поўначы і ўсходу — Дравай і яе шырокай далінай, вядомай як Падравіна.

Уся тэрыторыя Загор’я пакрытая невысокімі пагоркамі. На большай іх частцы расьце лес, на схілах некаторых узьведзеныя вінаграднікі. Найбуйнейшыя гарады — Вараждзін, Іванец, Крапіна і Лепаглава. Найбуйнейшая рака — Бедня.

Загор’е — прывабны кірунак прыроднага турызму. На тэрыторыі рэгіёну знаходзіцца шэраг курортаў каля гарачых крыніц — самыя вядомыя разьмешчаны ў горадзе Вараждзінске-Топліце. Таксама тут знаходзяцца шэраг культурных славутасьцяў, такіх як замак Тракашчан і найбуйнейшы харвацкі паломніцкі цэнтар Марыя-Быстрыца. Горад Крапіна лічыцца культурнай сталіцай кайкаўскага дыялекту харвацкай мовы, на якім размаўляе насельніцтва рэгіёну. Штогод у Крапіне праводзіцца фэстываль кайкаўскай песьні (па-харвацку: festival kajkavske popevke).