Перайсьці да зьместу

Фасфарытная вайна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Фасфары́тная вайна́ (па-эстонску: Fosforiidisõda) — назва, якой апісваецца кампанія па ахове навакольнага асяродзьдзя ў канцы 1980-х рокаў у тагачаснай Эстонскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы, накіраваная супраць адкрыцьця вялікіх фасфарытных шахтаў у вобласьці Вірумаа. Рух, які дасягнуў найбольшае актыўнасьці ў 1987, ня толькі дабіўся пастаўленых кароткатэрміновых мэтаў, але таксама заахвоціў і ўзмацніў нацыянальную плыню, што ў канчатковым выніку спрычынілася да аднаўленьня незалежнасьці Эстоніі ў 1991[1][2]. У Эстоніі яго называюць каталізатарам, які прывёў да дэстабілізацыі і развалу савецкага рэжыму[3].

Кампанія была сфакусаваная на дзьвюх галоўных праблемах. Найбольш хвалюючай праблемай у грамадзтве была магчымая шырокамаштабная дэградацыя навакольнага асяродзьдзя, якая магла адбыцца пры адкрыцьці новых шахтаў. Другая, больш схаваная, — непакой з тае прычыны, што зьяўленьне новых працоўных месцаў выкліча хвалю міграцыю ў Эстонію зь іншых савецкіх рэспублік. На думку этнічных жыхароў, гэта магло значна пагоршыць і без таго кволы дэмаграфічны балянс[2] (дзеля эстонцаў у ЭССР зьменшылася з амаль 97% неўзабаве пасьля Другой сусьветнай вайны да 61,5% у 1989[4]).

Фасфарытавыя паклады ў паўночнай Эстоніі

Фасфарытавыя паклады выяўленыя ў некалькіх мясьцінах паўночнай Эстоніі[5]. Паклад Раквэрэ, які збольшага знаходзіцца ў павеце Ляэнэ-Вірумаа — найбольшае кладовішча фасфарытаў у Эўропе[5]. Здабыча руды пачалася ў Эстоніі ў 1924 року ля места Маарду. У 1940 была адчыненая большая шахта, якая разам з заводам па вырабе нізкаякасных фосфарных угнаеньняў дзейнічала да канца 1991 року, выклікаючы забруджваньне экасыстэмаў[5]. У цяперашні час здабыча фасфарытаў у Эстоніі прызнаная эканамічна нявыгаднай.

Цэнтральны ўрад Савецкага Саюзу ў Маскве праявіў зацікаўленасьць у распрацоўцы фасфарытных пакладаў у Ляэнэ-Вірумаа на пачатку 1970-х[6]. Першапачаткова было заплянавана адкрыць здабычу ў пакладзе Тоалсэ (на поўнач ад Раквэрэ), аднак на пачатку 1980-х больш выгадным было адкрыцьцё шахтаў на Раквэрскім пакладзе. Гэтыя пляны не былі публічна агучаныя, аднак сярод эстонскіх навукоўцаў і эколягаў, якія ўдзельнічалі ў прыняцьці рашэньняў, ужо з самага пачатку абмеркаваньня зьявілася апазыцыя ўрадавым плянам.

25 лютага 1987 року пляны Масквы па распрацоўцы новых фасфарытных пакладаў у паўночнай Эстоніі сталі вядомыя грамадзкасьці пасьля таго, як пра іх распавяло Эстонскае тэлебачаньне[2]. Гэты дзень лічыцца пачаткаў Фасфарытнае вайны. Хоць Камуністычная партыя Эстоніі і сьцьвярджала, што рашэньне пра адкрыцьцё новых шахтаў будзе прымацца эстонцамі, выглядала на тое, што цэнтральны ўрад ужо зацьвердзіў пляны[3].

Супраць адкрыцьця новых шахтаў выбухнулі пратэсты і распачаўся збор подпісаў пад пэтыцыямі[1]. Сытуацыя асабліва абвастрылася ўвесну 1987 у беспрэцэндэнтным грамадзкім абмеркаваньні[7]. У красавіку студэнты Тартускага ўнівэрсытэту сабраліся ў галоўнай залі ўнівэрсытэту і адзінагалосна асудзілі дзеяньні кіраўніцтва Эстонскай ССР[1]. На традыцыйных першатравеньскіх дэманстрацыях студэнты несьлі лёзунгі супраць фасфарытавай здабычы і апранулі жоўтыя цішоткі з надпісам «Фасфарыты — дзякуй, ня трэба», які стаў надзвычай папулярны[1].

8 траўня ў газэце «Sirp ja Vasar» была надрукаваная карыкатура Прыйта Пярна пад назовам адно дзярмо! (па-эстонску: Sitta kah!). На ёй быў паказаны селянін, які, корпаючыся рыдлёўкай на сваім лапіку зямлі, вырыў кавалак гною, што па форме нагадваў Эстонію. Карыкатура выклікала шырокі розгалас і, магчыма, ёсьць сямай вядомай эстонскай карыкатурай[8][9].

Сутыкнуўшыся з падобным супрацівам, у верасьні 1987 савецкія ўлады вымушаныя былі адмовіцца ад сваіх плянаў[6]. Канец Фасфарытнай вайны выразна не акрэсьлены, аднак рух збольшага сьцішыўся цягам 1988 року[10].

Нечакана для саміх удзельнікаў экалягічных пратэстаў, іхняя дзейнасьць паўплывала на эстонскі незалежніцкі рух[3]. Фасфарытная вайна актывавала эстонскі народ[7], дала людзям веру ў моц калектыўнага дзеяньня[3] і сталася немалаважным фактарам у зьнішчэньні страху перад рэжымам[2]. У канчатковым выніку пратэсты сталі каталізатарам, які прывёў да дэстабілізацыі савецкай улады ў Эстоніі[3].

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ а б в г Estonia: identity and independence / Subrenat, Jean-Jacques. — New York: Rodopi, 2004. — ISBN 90-420-0890-3
  2. ^ а б в г Henri Vogt. Between Utopia and disillusionment : a narrative of the political transformation in Eastern Europe. — New York; Oxford: Berghahn Books, 2005. — 333 с. — ISBN 1-57181-895-2
  3. ^ а б в г д Toivo Miljan. Historical dictionary of Estonia. — Oxford: Scarecrow Press, 2004. — 558 с.
  4. ^ Eesti rahvastik rahvaloenduste andmetel (Population of Estonia by population censuses). — Eesti Statistikaamet (Statistical Office of Estonia), 1996. — Т. 2. — ISBN 9985-826-44-2
  5. ^ а б в Geology and Mineral Resources of Estonia / Anto Raukas, Aada Teedumäe. — Tallinn: Estonian Academy Publishers, 1997. — 436 с. — ISBN 9985-50-185-3
  6. ^ а б Riho Laurisaar. (2007-05-26) Fosforiidisõda päästis Kirde-Eesti looduse pöördumatust hävingust (эст.) Eesti Päevaleht Праверана 22 кастрычніка 2009 г.
  7. ^ а б Toivo U. Raun. Estonia and the Estonians. — Stanford: Hoover Institution Press, Stanford University, 2001. — ISBN 0-8179-2852-9
  8. ^ Tiina Kolk. (2007-04-27) Priit Pärn — Botaanik kunstimaailmas (эст.) Äripäev Праверана 22 кастрычніка 2009 г.
  9. ^ Maarja Lõhmus. [1] // Semiotica. — 2004. — В. 1. — Т. 150. — С. 257—282.
  10. ^ Rein Raudsep. Kümme aastat fosforiidisõjast // Eesti Loodus. — 1997. — В. 7.