Усходні вецер

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Усхо́дні ве́цер» (УВ; кіт. 东风 — Дун фэн, ДФ) — сямейства кітайскіх балістычных ракетаў ад малай да міжмацерыковай дальнасьці, створанае ў 1960 годзе на аснове савецкіх тактычных ракетаў «Р-1»(ru), «Р-2» і «Р-11Ф»(ru). Трохступенчатая ракета «Ўсходні вецер-5» («УВ-5»), упершыню запушчаная ў 1971 г., мае найбольшую з усіх дальнасьць звыш 12 тыс. км. На 2016 г. Народна-вызваленчая армія Кітая мела на ўзбраеньні 8 відаў ракетаў сямейства: «УВ-5», «УВ-11» (550 км), «УВ-12» (280 км), «УВ-15» (600 км), «УВ-16» (800 км), «УВ-21» (1770 км), «УВ-26» (3000 км) і «УВ-31» (8000 км). У выніку Беларусі маглі дасягнуць «УВ-5» і «УВ-31».

Дальнасьць балістычных ракетаў «Усходні вецер» (анг. DF)

Віды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Верхняя ступеня «УВ-5Б» з баявымі блокамі асобнага навядзеньня (3 верасьня 2015 г., Пэкін)
  • «Усходні вецер-5» («УВ-5») — трохступенчатая міжмацерыковая балістычная ракета (МБР) з дальнасьцю звыш 12 тыс. км. У канцы 1960-х гг. распрацоўку правялі ў Кітайскім інстытуце ракетных тэхналёгіяў(zh) (Пэкін) пад кіраўніцтвам намесьніка галоўнага інжынэра Ту Шуэ. Выраб ажыцьцявілі на заводзе № 211 (Хаянскі павет(zh), правінцыя Цынхай) сталічнага прадпрыемства «Завод аэракасьмічных машынаў». У верасьні 1971 г. адбыўся першы выпрабавальны пуск. У траўні 1980 г. правялі канчатковае выпрабаваньне ў Ціхім акіяне. У 1981 г. першую пару ракетаў разьмясьцілі ў пускавых шахтах у сярэдзінным Кітаі. Ад пачатку прызначалася для дастаўкі 3 тонаў карыснага грузу з ядзернай зброяй магутнасьцю 3 мэгатоны ў тратылавым эквіваленце. Запраўлялася вадкім палівам каля 2 гадзінаў. У 1983 г. распрацавалі ўдасканаленую «УВ-5А», што дазволіла павялічыць дальнасьць да 13 тыс. км і павысіць карысную нагрузку да 3,2 тоны. У 1992 г. на службе было 4 ракеты. У 1995 г. лік ракетаў вырас да 8. У 1997 г. дадалі яшчэ 13. На красавік 2001 г. налічвалася 24 ракеты. За 2002—2005 гг. 20 ракетаў «УВ-5» абнавілі да «УВ-5А»[1]. Да верасьня 2015 г. Другі ракетны корпус Народна-вызваленчай арміі Кітая(zh) аснасьцілі 10 «УВ-5Б», што мелі разьдзяляльныя боегалоўкі з 3-8 блокамі асобнага навядзеньня(uk).
  • «Усходні вецер-11» («УВ-11») — цьвёрдапаліўная балістычная ракета малой дальнасьці (звыш 550 км). У 1984 г. распрацоўку ажыцьцявілі на прадпрыемстве «Сяньцзянскія ракеты» (база № 066) пад кіраўніцтвам Ван Жэнхуа. Мела дальнасьць у 300 км і патрабавала каля 30 хвілінаў на перадпускавую запраўку. Несла 800 кг карыснай нагрузкі і разьмяшчалася на аўтадарожным 4-восевым грузавіку МАЗ-543. Боегалоўка магла несьці ядзерную зброю на 2, 10 і 20 кілятонаў ў тратылавым эквіваленце. У 1992 г. выраб пачалі на прадпрыемстве «Кітайскія дакладныя машыны на ўвоз і вываз»(en) (Пэкін). У 1998 г. пачаўся выраб удасканаленай «УВ-11А», што мела дальнасьць звыш 550 км. На 2014 г. вырабілі звыш 500 ракетаў. Налічвалася 85 адпаведных самаходаў вэртыкальнага пуску(en) (СВП)[2].
  • «Усходні вецер-12» («УВ-12») — балістычная ракета малой дальнасьці (БРМД; 280 км), распрацаваная ў 2000-х гадах. Мае боегалоўку масай 400 кг і выкарыстоўвае спадарожнікавае навядзеньне «Компас»(zh).
  • «Усходні вецер-15»(zh) («УВ-15») — аднаступенчатая цьвёрдапаліўная БРМД (600 км). У 1985 г. пачалася распрацоўка. У 1987 г. адбыўся першы пуск у пустыні Гобі (Унутраная Манголія). У 1990 г. паступіла на ўзбраеньне кітайскага войска. Магла несьці боегалоўку звыш 500 кг зь ядзернай зброяй на 90 кілятонаў у тратылавым эквіваленце. Прыводзілася ў дзеяньне самаходным пускавіком (СВП). У 1995 г. правялі дадатковыя выпрабаваньні. У выніку распрацавалі «УВ-15А» з дальнасьцю звыш 900 км. Таксама стварылі «УВ-15Б» з радарным саманавядзеньнем і лазэрным дальнамерам[3]. На 2008 г. на ўзбраеньні кітайскага войска стаялі 315 ракетаў і 90 адпаведных самаходаў вэртыкальнага пуску.
«УВ-16» на парадзе ў Пэкіне 3 верасьня 2015 г.
  • «Усходні вецер-16» («УВ-16») — БРМД (800 км), распрацаваная ў 2011 годзе. Мае боегалоўку на 500—1000 кг. Разьмяшчаецца на самаходзе вэртыкальнага пуску.
  • «Усходні вецер-21» («УВ-21») — 2-ступенчатая цьвёрдапаліўная балістычная ракета сярэдняй дальнасьці (БРСД). У 1967 г. пачалася распрацоўка. У траўні 1985 г. правялі першы ўдалы пуск. Дальнасьць склала звыш 1770 км. Боегалоўка важыла 600 кг зь ядзернай зброяй на 500 кілятонаў у тратылавым эквіваленце. Разьмяшчалася на самаходзе вэртыкальнага пуску. У 1991 г. паступіла на ўзбраеньне. Да 1995 г. на ўзбраеньні стаялі 15 ракетаў. У 1996 г. распрацавалі больш дакладную «УВ-21А» з кругавым верагодным адхіленьнем(en) менш за 300 мэтраў. Да 1997 г. 36 ракетаў разьмяшчалася ў памежных правінцыях[4]. У 2006 г. стварылі ўдасканелную «УВ-21В» з канчатковым навядзеньнем(en).
  • «Усходні вецер-26» («УВ-26») — трохступенчатая цьвёрдапаліўная БРСД (звыш 3000 км). Месьціцца на 6-восевым грузавіку вэртыкальнага пуску. Мае боегалоўку масай звыш 1200 кг[5]. Пасьля распрацоўкі ў канцы 1990-х гг. паступіла на ўзбраеньне да 2007 году.
«УВ-31А» (Пэкін, 3 верасьня 2015 г.)
  • «Усходні вецер-31» («УВ-31») — трохступенчатая цьвёрдапаліўная балістычная ракета з дальнасьцю звыш 8000 км. У студзені 1985 г. 4-я аэракасьмічная акадэмія (Хух-Хота(mn), правінцыя Ўнутраная Манголія) пачала распрацоўку ракеты. 2 жніўня 1999 г. прайшоў першы пасьпяховы пуск. У 2006 г. ракету прынялі на ўзбраеньне. Можа несьці адзіную боегалоўку на 1000 кілятонаў. Месьціцца на СВП або ў пускавой шахце. У 2007 г. стварылі ўдасканаленую «УВ-31А» з дальнасьцю звыш 11 000 км і разьдзяляльнай боегалоўкай з 3-5 блёкамі асобнага навядзеньня на 20-150 кілятонаў у тратылавым эквіваленце. Да 2009 г. на ўзбраеньні стаяла па 15 ракетаў «УВ-31» і «УВ-31А».

Сьпісаныя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Усходні вецер-1» (Ваенны музэй(zh), Пэкін)
  • «Усходні вецер-1» («УВ-1»). Першая балістычная ракета Кітая, створаная ў 1960 г. на аснове савецкай «Р-2»(ru). Мела дальнасьць 550 км і карысную нагрузку 500 кг. Выраблялася да канца 1960-х гадоў.
  • «Усходні вецер-2» («УВ-2»). Першая балістычная ракета сярэдняй дальнасьці (БРСД; 1250 км) зь ядзернай боегалоўкай на 15 кілятонаў у тратылавым эквіваленце. У 1962 г. адбыўся першы пуск. У 1966 г. удасканаленая «УВ-2А» стала ракетай, якую выкарысталі ў першым кітайскім ядзерным выпрабаваньні на возеры Лоп(en) (Баянгол-Мангольская аўтаномная акруга(mn), Сіньцьзян-Уйгурскі аўтаномны раён). У 1969 г. пачалася сэрыйная вытворчасьць. Сьпісаная ў 1980-я гады.
  • «Усходні вецер-3»(zh) («УВ-3»). Вадкапаліўная(en) аднаступенчатая БРСД, што паступіла на ўзбраеньне кітайскага войска да сьнежня 1971 годзе. У верасьні 1958 г. распрацоўка пачалася пад кіраўніцтвам Ту Шуэ й Сунь Цзядуна(ru) (нар. 1929). У 1967 г. у Шуанчэнцзы (правінцыя Ганьсу) адбыўся першы пуск. У чэрвені 1969 г. каля вёскі Вучай (правінцыя Шаньсі) на паўднёвы захад ад Пэкіна адбыліся пробныя вучэньні. Першапачаткова мела дальнасьць 2650 км і ядзерную боегалоўку масай 2150 кг. Выраб ажыцьцяўляўся на заводзе № 211 (Хаянскі павет, правінцыя Цынхай) сталічнага прадпрыемства «Завод аэракасьмічных машынаў». У 1983 г. распрацавалі ўдасканаленую «УВ-3А» з дальнасьцю 2780 км і трыма блёкамі ядзернай боегалоўкі на 50 кілятонаў у тратылавым эквіваленце. У 1986 г. пачалася абнова 80 ракетаў да «УВ-3А». У 1987 г. 36 «УВ-3» прадалі ў Саудаўскую Арабію бязь ядзерных боегаловак. У 1997 г. у Кітаі налічвалася 40 адпаведных пускавых шахтаў[6]. У траўні 2014 г. зьнятая з узбраеньня ў Кітаі.
  • «Усходні вецер-4» («УВ-4»). Першая 2-ступенчатая МБР, распрацаваная ў Кітаі. У 1965 г. распрацоўка пачалася пад кіраўніцтвам Рэн Сіньміня і Ту Шуэ. У лістападзе 1970 г. з Цзяньшуйскага павету(zh) (правінцыя Юньнань) адбыўся першы пуск ракеты. Выраб ажыцьцявілі на заводзе № 211. Разьмяшчалася ў пускавой шахце. У 1975 г. ракета паступіла на ўзбраеньне з дальнасьцю 5500 км, ядзернай боегалоўкай на 2190 кг магутнасьцю 3,3 мэгатоны ў тратылавым эквіваленце. У 1984 г. кітайскае войска мела 4 ракеты. Да 1995 г. лік вырас да 10. У 1997 г. — да 20 ракетаў[7]. Удасканаленая «УВ-4А» мела 3 блёкі асобнага навядзеньня. Зьнятая з узбраеньня ў 2015 годзе.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «УВ-5» (Кітайскія ядзерыя войскі) (анг.) // «Глябальная бясьпека» (штат Вірджынія, ЗША), 2016 г. Праверана 29 красавіка 2016 г.
  2. ^ «УВ-11» (анг.) // «Збройныя сыстэмы», 2014 г. Праверана 29 красавіка 2016 г.
  3. ^ «УВ-15» (15А, 15Б) (анг.) // «Ракетная пагроза» (Арлінгтан, шт. Вірджынія), 5 студзеня 2013 г. Праверана 29 красавіка 2016 г.
  4. ^ «УВ-21» (Кітайскія ядзерыя войскі) (анг.) // «Глябальная бясьпека» (шт. Вірджынія, ЗША), 2016 г. Праверана 29 красавіка 2016 г.
  5. ^ Балістычная ракета сярэдняй дальнасьці «УВ-26» (анг.) // «Вайсковае прызнаньне», 2016 г. Праверана 29 красавіка 2016 г.
  6. ^ «УВ-3А» (Кітайскія ядзерныя войскі) (анг.) // Фэдэрацыя амэрыканскіх навукоўцаў, 15 красавіка 2000 г. Праверана 27 красавіка 2016 г.
  7. ^ «УВ-4» (ракета «Цяньшуй») (анг.) // Фэдэрацыя амэрыканскіх навукоўцаў, 15 красавіка 2000 г. Праверана 27 красавіка 2016 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]