Уладэ Дзівац
| Уладэ Дзівац | ||
| Пазыцыя: | цэнтравы | |
| Рост: | 217 см | |
| Вага: | 118 кг | |
| Грамадзянства: | ||
| Нарадзіўся: | 3 лютага 1968[1] (57 гадоў) | |
| Драфт | ||
|
26, драфт НБА 1989 году | ||
| Клюбы | ||
|---|---|---|
| Гады | Клюб | |
| 1983—1986 | Слога[d] | |
| 1986—1989 | Партызан Бялград[d] | |
| 1989—1996 | Лос-Анджэлес Лэйкерз | |
| 1996—1998 | Шарлот Горнэтс | |
| 1998—1999 | Црвена Зьвезда | |
| 1999—2004 | Сакрамэнта Кінгс | |
| 2004—2005 | Лос-Анджэлес Лэйкерз | |
| Асабістыя ўзнагароды і дасягненьні | ||
| Статыстыка на NBA.com | ||
Ула́дэ Дзі́вац (па-сэрбску: Владе Дивац; нар. 3 лютага 1968 году, Прыеполе, СР Сэрбія, СФР Югаславія) — югаслаўскі і сэрбскі баскетбаліст. Гуляў на пазыцыі цэнтравога. Адзін зь першых эўрапейскіх гульцоў, які дасягнуў значных вынікаў у Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі, дзе выступаў за каманды «Лос-Анджэлес Лэйкерз», «Шарлот Горнэтс» і «Сакрамэнта Кінгс»[3]. У складзе зборной Югаславіі двойчы станавіўся срэбраным прызэрам Алімпійскіх гульняў, двойчы — чэмпіёнам сьвету, тройчы — чэмпіёнам Эўропы. 24 лютага 2009 году абраны старшынём Алімпійскага камітэту Сэрбіі[4]. Быў віцэ-прэзыдэнтам па баскетбольных апэрацыях і генэральным мэнэджарам клюбу НБА «Сакрамэнта Кінгс».
Кар’ера
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Клюбная
[рэдагаваць | рэдагаваць код]У веку 16 гадоў падпісаў кантракт з клюбам «Слога». Улетку 1986 году далучыўся да аднаго зь вядучых клюбаў краіны бялградзкага «Партызана». У складзе гэтага клюбу Дзівац у 1987 годзе стаў чэмпіёнам Югаславіі, у 1988 годзе гуляў у паўфінале Эўралігі, у 1989 годзе стаў уладальнікам Кубка Югаславіі і Кубка Карача.
Посьпехі нацыянальнай зборнай Югаславіі на міжнароднай арэне заўважыла і кіраўніцтва клюбаў НБА, якія пачалі абіраць на драфце эўрапейскіх баскетбалістаў. Дзівац быў абраны на драфце НБА 1989 году пад 26-м нумарам камандай «Лос-Анджэлес Лэйкерз», стаўшы першым замежнікам, задрафтаваным камандай. У той час у «Лэйкерз» пачаўся спад. Да таго ж у 1989 годзе завяршыў кар’еру Карым Абдул-Джабар, адзін з найлепшых цэнтравых у гісторыі баскетболу, і перад Дзівацам паўстала задача яго замяніць.
У сваім дэбютным сэзоне сэрб ня быў асноўным гульцом каманды, аднак узяў удзел ува ўсіх матчах рэгулярнага сэзону, выходзячы на замены, дапамагаў камандзе, набіраючы пункты і робячы падборы. Паводле вынікаў сэзону ён быў узнагароджаны трапленьнем у першую зборную навічкоў НБА. З наступнага сэзону і да сярэдзіны 1990-х Дзівац быў асноўным цэнтравым «Лэйкерз» ды папулярнай фігурай сярод заўзятараў, а пасьля сыходу з баскетболу Мэджыка Джонсана стаў лідэрам каманды. Тым ня менш, клюб ня меў выдатных вынікаў узроўню 1980-х, а ў 1994 годзе нават ня здолеў выйсьці ў плэй-оф. У 1996 годзе кіраўніцтва «Лэйкерз» пастанавіла правесьці ў камандзе маштабную перабудову, у выніку якой з «Арланда Мэджык» быў запрошаны адзін з найлепшых цэнтравых НБА тых гадоў, Шакіл О’Ніл, а Дзіваца аддалі ў «Шарлот Горнэтс», атрымаўшы ўзамен права на пэрспэктыўнага навічка Кобі Браянта[5].
У складзе «Шарлот Горнэтс» Дзівац адгуляў два сэзоны. Абодва разы каманда гуляла ў плэй-оф, але далей першага раўнда не трапляла. У 1998 годзе сэрб стаў свабодным агентам. Праз лакаўт у НБА сэзон 1998—1999 гадоў ён пачаў у складзе бялградзкай «Црвены Зьвезды». Па заканчэньні лакаўту вярнуўся ў ЗША і ўзгодніў кантракт з «Сакрамэнта Кінгс». У тым жа годзе ў складзе «Кінгс» зьявіўся ягоны суайчыньнік Прэдраг Стаякавіч, які гуляў на пазыцыі лёгкага форварда, а таксама цяжкі форвард Крыс Ўэбэр. Гэтыя тры гульцы ўзьнялі каманду з Сакрамэнта да ўзроўню аднаго з наймацнейшых клюбаў асацыяцыі. Пры Дзіваце «Кінгс» ані разу не апыналіся па-за зонай плэй-оф, двойчы выйгравалі складаны Ціхаакіянскі дывізіён, дзе традыцыйна першынствавалі «Лос-Анджэлес Лэйкерз». У 2002 годзе каманда з Сакрамэнта гуляла супраць «Лэйкерз» у фінале Заходняй канфэрэнцыі, але саступіла ім ва ўпартай барацьбе. У 2001 годзе Дзівац у першы і апошні раз у сваёй кар’еры ўзяў удзел у Матчы ўсіх зорак НБА. 31 сакавіка 2009 году кіраўніцтва «Кінгс» адзначыла ўнёсак Дзіваца ў посьпехі каманды і на ўрачыстай цырымоніі замацавала за ім 21-ы нумар, пад якім ён выступаў[6].
Па заканчэньні сэзону 2003—2004 гадоў кантракт Дзіваца з «Кінгс» скончыўся і ён стаў вольным агентам. Тым часам з «Лэйкерз» сышоў шэраг лідэраў, таму кіраўніцтва клюбу запрасіла сэрба вярнуцца. У сэзоне 2004—2005 гадоў праз праблемы зь сьпінаю Дзівац змог узяць удзел толькі ў 15 матчах, якія ён пачынаў на лаўцы запасных. Па сэзоне баскетбаліст аб’явіў аб завяршэньні кар’еры.
Міжнародная
[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Улетку 1986 году, у веку 18 гадоў, адразу па падпісаньні кантракту з «Партызанам», Дзівац дэбютаваў у складзе зборнай Югаславіі на чэмпіянаце сьвету 1986 году ў Мадрыдзе на запрашэньне галоўнага трэнэра Крэшыміра Чосіча. Аднак выдатны выступ пачаткоўца быў сапсавана падзеяй у паўфінале супраць зборнай СССР. За 45 сэкунд да канца югаслаўская каманда мела перавагу ў дзевяць пунктаў, але савецкія гульцы хутка скарацілі розьніцу, а праз падвоеннае вядзеньне Дзіваца яны ўраўналі лік і перамаглі ў авэртайме. Югаславы былі вымушаныя задаволіцца бронзай[7].
Да распаду Югаславіі зборная, дзе быў Дзівац, сталі чэмпіёнамі Эўропы 1989 і 1991 гадоў, а таксама былі чэмпіёнамі сьвету 1990 году[7]. Калі Югаславія здабыла золата на чэмпіянаце сьвету, гулец трапіў у непрыемную гісторыю. Адзін з заўзятараў, які выбег на пляцоўку па гульні трымаў харвацкі сьцяг. Дзівац выказаў сваю незадаволенасьць гэтым, сказаўшы, што чэмпіёнамі сталі ўсе югаславы, і выцягнуў сьцяг з рук заўзятара. Гэта адбылося ў вельмі напружаны час, калі нацыянальныя пытаньні пагражалі вайною Югаславіі. Гэты ўчынак, разам з далейшымі югаслаўскімі войнамі, аддаліў Дзіваца ад многіх ягоных былых харвацкіх сяброў. У 2002 годзе Дзівац быў у складзе каманды, якая стала пераможцам чэмпіянату сьвету ў ЗША.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ^ а б в г д Vlade Divac // FIBA database
- ^ а б http://www.basketball-reference.com/players/d/divacvl01.html
- ^ Vlade Divac Announces Retirement; Accepts Position With Lakers. Los Angeles Lakers. NBA.com. 18 октября 2005
- ^ Владе Дивац возглавил Олимпийский комитет Сербии. Чемпионат.ру. 24 февраля 2009
- ^ «Say It Ain’t So: Los Angeles Lakers». Sports Illustated.
- ^ «Kings retire Divac’s No. 21 jersey». NBA.
- ^ а б Slobodan Georgijev (20.09.2007). «Srbin broj jedan van Srbije». Vreme.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Нарадзіліся 3 лютага
- Нарадзіліся ў 1968 годзе
- Баскетбалісты клюбу «Партызан» Бялград
- Баскетбалісты клюбу «Лос-Анджэлес Лэйкерз»
- Баскетбалісты клюбу «Шарлот Горнэтс»
- Баскетбалісты клюбу «Црвена Зьвезда» Бялград
- Баскетбалісты клюбу «Сакрамэнта Кінгс»
- Сэрбскія баскетбалісты
- Чэмпіёны сьвету па баскетболе
- Чэмпіёны Эўропы па баскетболе