Перайсьці да зьместу

Уладзімер Селькін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладзімер Селькін
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 8 лістапада 1972(1972-11-08) (53 гады)
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
1992—1998 Віцебск 65 (0)
1992—1994 Віцебск-2[d] 19 (0)
1999—2001 Гомель 38 (0)
2002—2005 Тарпэда-БелАЗ 99 (0)
2006—2008 Нафтан 30 (0)

Уладзімер Селькін (нар. 8 лістапада 1972 году) — беларускі футбаліст, брамнік. Уваходзіць у Клюб беларускіх брамнікаў, якія не прапускалі галы ў 100 і болей матчах на найвышэйшым узроўні[1]. Выклікаўся ў нацыянальную зборную Беларусі, але ў афіцыйных матчах не гуляў.

Выхаванец віцебскага футболу. Праходзіў вайсковую службу ў дывізіі ПДВ пад Полацкам. Па заканчэньні службы выступаў за малодшыя каманды віцебскага клюбу, які меў назвы КІМ, «Дзьвіна», «Лякаматыў-96». У асноўным складзе клюбу дэбютаваў у Найвышэйшай лізе ў сэзоне 1994—1995 гадоў. У тым жа сэзоне стаў срэбраным прызэрам чэмпіянату. У складзе віцебчукоў таксама здабыў бронзавыя мэдалі ў сэзоне 1997 году, а таксама стаў уладальнікам Кубка Беларусі 1998 году.

У 1999 годзе перайшоў у «Гомель», зь якім у тым жа сэзоне стаў бронзавым прызэрам чэмпіянату, згуляўшы за сэзон 28 матчаў. З гомельскім клюбам быў удзельнікам матчаў Кубка Інтэртота. Аднак у наступных сэзонах прайграў канкурэнцыю за месца ў браме Вячаславу Дусманаву і пакінуў клюб. У 2002 годзе перайшоў у склад дэбютанта Найвышэйшай лігі жодзінскага «Тарпэда». У складзе дружыны правёў чатыры сэзоны. У канцы гульнёвай кар’еры бараніў колеры «Нафтану».

Усяго ў Найвышэйшай лізе згуляў 232 матчы. Стаў першым футбалістам, які дасягнуў адзнакі ў 100 матчаў «на нуль» у чэмпіянаце краіны, агулам маючы на сваім рахунку 102 такіх матчы[2].

У «Нафтане» яшчэ да заканчэньня гульнёвай кар’еры пачаў працаваць трэнэрам брамнікаў. Адначасова ўваходзіў у трэнэрскі штаб юнацкай зборнай Беларусі. У 2011 годзе стаў трэнэрам брамнікам у малдаўскім «Шэрыфе» ў штабе Віталя Рашкевіча. Затым працаваў у БАТЭ ды берасьцейскіх «Дынама» і «Руху». У кастрычніку 2017 году зноў вярнуўся на працу ў берасьцейскае «Дынама», дзе працаваў да 2019 году. У 2021 годзе яшчэ раз вярнуўся ў берасьцейскую каманду[3].