Удзельнік:Wizardist/Юзабіліці ў лякальных маштабах

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Юзабіліці ў лякальных маштабах[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля чарговай бітвы з User:EugeneZelenko за болей даступныя назвы, падумаў выразіць свае думкі на конт дызайну інтэрфэйсу ў беларускіх вікіпэдыйных рэаліях. Увогуле, стварыць зручны інтэрфэйс — справа ня зь лёгкіх. Добра, Usability Initiative усе танцы з бубнамразьметкай старонкі зрабіла за нас, хоць і не бяз нашай дапамогі. Што ў гэтым выпадку застаецца нам? Лякалізацыя (анг. l10n). Менавіта лякалізацыя, а не пераклад. Пра гэта і гаворка ў зацемцы.

Вызначэньне праблемы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ня буду палітызаваць гэтае эсэ, але, думаю, даволі відавочна, што з-за Рэфэрэндума’95 панізіўся як статус мовы ў грамадзтве (не пасьпеўшы кольвек высока ўзьняцца), гэтак панізіліся і шанцы на 80 год чаканы татальны перагляд тэрміналёгіі, засваеньне новых дастасоўных і навуковых сфэр гаспадаркі з нармалізацыяй тэрміналёгіі. Як раз у той час, калі кампутары паступова ўваходзілі ў кожны дом і як тлен патрэбнае было стварэньне інтэрфэйснай кампутарнай лексыкі. Менавіта тыя Файл, Рэдагаваньне, Від. Са зьяўленьнем расейскай лякалізацыі MS-DOS у 1994 годзе расейская мова пайшла ў добрым накірунку. Дзякуй, Microsoft спрыяла таму як толькі магла: зь яе прадуктаў пайшлі шлюзы, вузлы, тэчкі (рас. папки) — гэты момант у Win95, Win98 і наступных можна назваць добрым прыкладам стварэньня менавіта лякалізацыі.

Што ў той час адбывалася ў беларускай мове? Бадай што нічога, амаль. Нават Таварыства беларускай мовы нічога не пачало рабіць у накірунку кампутарнай лексыкі. Фактычна, інтэрфэйсная лексыка варыцца ў опэн-сорс праектах. Але нават у тым жа KDE-i18n калі зірнуць (прынамсі, у 2007 годзе), то ў дзьвюх розных праграмах аднолькавая ў арыгінале лексыка ў беларускай лякалі — зусім розная. А ў некаторых выпадках падаваліся ўвогуле неадэкватныя (мабыць нават з машыннага перакладу) паведамленьні. Я тады ў 2007 годзе выкінуў беларускую лякаль у сьметнік з усімі gettext’авымі файламі.

Замінаў будзь-якой уніфікацыі інтэрфэйсаў брак хоць неяк уплывовай крыніцы (для расейскай мовы, гэта, безумоўна, сталі прадукты Microsoft). Адтуль зьяўляліся рэдагаваньне і праўка (edit), скасаваць і адмяніць (cancel), устаноўкі, наста́ўленьні і наладкі (preferences)...

Лякалізацыя Вікіпэдыі на беларускую (тарашкевіца)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увогуле, я вельмі ўражаны, што нашая перакладніцкая супольнасьць даволі магутная, што часта цягаецца з гішпанскай, расейскай і іншымі суполкамі. Гэта, безумоўна, вялізарны плюс. На фоне таго, што разьдзел агульна рэдагуе ня больш за 20 удзельнікаў. У Вікісховішчы амаль цалкам перакладзеныя ўсі шаблёны, паведамленьні, беларуская (тарашкевіца) уключаная ў сьпіс дамінантных моваў для праекту Выява дня.

Нажаль, як і вышэй я адзначаў KDE, якасьць у некаторых выпадках ідзе ў ахвяру дакладнасьці перакладу. Акрамя таго, некаторыя ўдзельнікі адмаўляюцца (баяцца?) карыстацца словамі, якія могуць апынуцца болей трапнымі. Возьмем прыклад: слова usability. Яно амаль нідзе не перакладаецца (транскрыбуецца), але кожны, хто знаёмы зь ім, ня зможа вам адразу даць беларускі адпаведнік (хаця, як заўсёды, «для сябе» ўсё зразумела: use + ability: магчымасьць/зручнасьць/практычнасьць карыстаньня). Але я ня думаю, што публіка павядзецца на адаптацыю Usability Initiative у выглядзе Ініцыятыва па паляпшэньню зручнасьці і прастаты выкарыстаньня.

Usability Initiative[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Юзабіліці пад сабой мае на ўвазе, наколькі зручным у выкарыстаньні зьяўляецца сайт. Гэтая зручнасьць — інтэгральнае значэньне, якое ўбірае ў сябе як месцазнаходжаньне часта выкарыстоўваемых элемэнтаў інтэрфэйсу, так і стыль і аздабленьне старонак. Між тым, адну з галоўных роляў грае камунікацыя наведвальніка з сайтам, іншымі словамі, паведамленьні. Трэба засьцерагацца ад вялізных назваў, томных тлумачэньняў. Гэта не дапаможа карыстальніку лепей зразумець сутнасьць справы. На Хабрахабры нядаўна выяву выклалі на гэты конт: [1]

Правядзем невялікі аналіз перакладу Usability Initiative. Адразу можна выкінуць слова прастаты. Аўтсайдэр ён па некалькіх прычынах: перакрывае сэнс зручнасьці (адбываецца пераінфармаваньне наведвальніка), слова ня вельмі ўдалае, можа быць прачытанае як праста́ты. Далей: другі факт пераінфармаваньня — паляпшэньню: як ініцыятыва, гэтак і кантэкст (Вікіпэдыя) мае на ўвазе, што працэс ідзе наперад, уверх.

Альтэрнатывай магло б стаць Ініцыятыва спрашчэньня карыстаньня, ці з прыназоўнікам «па» ў месным склоне, ня ведаю дакладных моўных тонкасьцяў гэтага пытаньня. Але тое, што гэтая назва мусіць заставацца ў першапачатковым стане, я ніколі не пераканаюся.

Магчымыя крокі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для праектаў Вікімэдыі, думаю, мусіць быць агрэгаваны ўласны сьпіс часта выкарыстоўваемай лексыкі (памяць перакладаў у translatewiki.net не заўсёды дапаможа). У той сьпіс трэба ўнесьці як назвы стандартных элемэнтаў інтэрфэйсу, гэтак і назвы праектаў, імёны галоўных асобаў, назвы органаў Вікімэдыі і гэтак далей.

Нам ёсьць куды ісьці — у сьвет, у якім кожная асоба мае вольны доступ да сумы ўсіх ведаў чалавецтва. Так зробім гэты доступ як мага зручнейшым!

Wizardist г 15:46, 22 чэрвеня 2010 (UTC)