Трое з Прастаквашына

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Трое з Прастаквашына
Трое из Простоквашино
Тып мультфільму анімацыйны фільм
Жанр сямейны фільм
Рэжысэр Уладзімер Папоў
Аўтар сцэнару Эдуард Усьпенскі
Ролі агучвалі Алег Табакоў, Валянціна Талызіна, Марыя Вінаградава, Барыс Новікаў, Леў Дураў, Герман Качын, Зінаіда Нарышкіна
Кампазытар Яўген Крылатаў
Аніматары Марына Васканьянц, Эльвіра Маслава, Галіна Зяброва, Рэната Міранкова, Сяргей Маракасаў, Д. Анпілаў
Апэратар Кабул Расулаў
Студыя Союзмультфильм
Краіна СССР
Працягласьць 18 хвілін
Прэм’ера 1978
Наступны Канікулы ў Прастаквашыне

«Трое з Прастаква́шына» (па-расейску: Трое из Простоквашино) — савецкі маляваны мультфільм, першы з сэрыі «Трое з Прастаква́шына» (працяг — мультфільмы «Канікулы ў Прастаквашыне» і «Зіма ў Прастаквашыне», а пазьней таксама «Вясна ў Прастаквашыне» і мультсэрыял «Прастаквашына»). Створаны паводле аповесьці Эдуарда Ўсьпенскага «Дзядзька Фёдар, сабака і кот».

«Трое з Прастаквашына» зьяўляецца першым фільмам (першапачаткова трылёгіі) пра гарадзкога хлопчыка па мянушцы Дзядзька Фёдар, бясхатняга ката́ Матроскіна, сабаку Шарыка і іншых, якія з розных прычынаў сталі жыць у вёсцы Прастаквашыне.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзядзька Фёдар, вельмі самастойны гарадзкі хлопчык, пакідае бацькоўскі дом з сваім новым гадаванцам і сябрам — гаспадарным катом Матроскіным. Сябры прыходзяць у вёску Прастаквашына, дзе знаёмяцца зь мясцовым сабакам Шарыкам, які ім паказаў свабодную хату. У той самы дзень яны знаёмяцца зь вясковым паштальёнам Печкіным, які адразу ж прапанаваў ім падпіску на газэты й часопісы. Матроскін угаворвае сяброў завесьці карову, а паколькі грошаў яны ня мелі, сябры пайшлі шукаць скарб. Вярнуўшыся з знойдзеным скарбам, сябры адбіраюць у паштальёна Печкіна галчанё, якога той зьбіраўся аддаць на досьледы. Галчанё прыжылося ў хаце і нават вывучылася гаварыць фразу «Хто там?», стаўшы, такім чынам, замест вартаўніка.

Бацькі Дзядзькі Фёдара, высьветліўшы прычыну сыходу сына з дому, даюць нататку ў газэце пра прапажу хлопчыка. Пра гэта даведваецца паштальён Печкін, які паведамляе бацькам пра месцазнаходжаньне хлопчыка ў абмен за ўзнагароду — ровар. Бацькі, даведаўшыся, дзе знаходзіцца хлопчык, адразу ж выяжджаюць за ім у вёску. Але напярэдадні Дзядзька Фёдар захварэў і на момант сустрэчы з бацькамі ляжаў з высокай тэмпэратурай і ня спаў. Ня спалі і Шарык з Матроскіным. Печкін абвінаваціў гадаванцаў у зьдзеку над хлопчыкам, але даволі хутка памірыўся зь імі. На наступны дзень бацькі забіраюць хлопчыка ў горад, а Матроскін і Шарык вырашаюць застацца, параіўшы Дзядзьку Фёдару прыяжджаць да іх на вакацыі і па выходных.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трое з Прастаквашынасховішча мультымэдыйных матэрыялаў