Перайсьці да зьместу

Сіф

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Сіф, таксама Сэт (па-габрэйску: שֵׁת Шэт, па-арабску: شيثШыт ці Шыйт) — трэці (пасьля Каіна й Авеля) сын Адама й Евы. Імя можа перакладацца, як становішча, падстава, зацьвярджэньне.

Ева нарадзіла трэцяга сына Сіфа пасьля забойства Каінам Авеля, і пасьля таго, як Бог скляў Каіна і яго нашчадкаў.

І спазнаў Адам яшчэ Еву, жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і дала яму імя: Сіф; бо, казала яна, Бог паклаў мне іншае насеньне, замест Авеля, якога забіў Каін. (Быцьцё, 4:25)

Нарадзіўся ў 130 годзе ад стварэньня сьвету й чалавека (Быцьцё 5:3) паводле падабенства й вобразу Адама. Пражыўшы 105 гадоў, спарадзіў старэйшага сына Эноса, апроч якога ў яго былі яшчэ сыны й дочкі. У агуле пражыў 912 гадоў. Паводле габрэйскай храналёгіі, нарадзіўся ў 3630 да н. э. і памёр у 2758 да н. э.

У Эвангельлі паводле Лукі ўзгадваецца ў радаводзе Езуса Хрыста (Лук. 3:38).

Паводле Язэпа Флявія Сіф быў самым выбітным з сыноў Адама. Ягоныя нашчадкі (сыны) збудавалі два слупы з каменю й цэглы.

У Ісламе Сіф (Шыт) уважаецца за прарока. Нарадзіўся ў Хавы, жонкі Адама, пасьля таго, як Кабіл забіў Хабіла. Стаў прарокам, і выхаваў сваіх дзяцей у веры ў адзінага Бога, на аснове тых вучэньняў, што былі спасланыя ягонаму бацьку Адаму.

У гнастыцызьме лічыцца, што ў канцы свайго жыцьця Адам перадаў Сіфу таемнае вучэньне, якое пазьней увайшло ў Кабалу. Адна з гнастычных школаў, што найбольш шанавала Сіфа, атрымала назоў сіфіяны.

Паводле веры мармонаў, Сіф «быў дасканалым чалавекам і вельмі падобным да свайго бацькі». Быў высьвячаны Адамам у сьвятары ў веку 69 гадоў. За тры гады да свае сьмерці Адам дабраславіў яго, сказаўшы, што ягоныя нашчадкі будуць «выбраныя Богам» і захаваныя «да канца сьвету». У Кнізе Мармонаў Сіф — таксама імя народу джарэдзітаў.