Перайсьці да зьместу

Сюзан Чарны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сюзан Чарны
Suzanne Charny (часам памылкова — Charney)
Імя пры нараджэньні Suzanne Hope Charny
Дата нараджэньня 8 сакавіка 1944 (80 гадоў)
Месца нараджэньня ЗША
Грамадзянства ЗША
Занятак акторка, танцорка, скульптарка
Гады дзейнасьці 1960 — цяпер
IMDb ID nm0153373
Сайт www.charnysculptures.com

Сюзан Чарны (па-ангельску: Suzanne Charny), народжаная 8 сакавіка 1944) — амэрыканская танцорка, кінаакторка, скульптарка.

Вырасла ў нью-ёрскім раёне Бруклін. Мае габрэйскае паходжаньне.[1] У маладым узросьце зацікавілася танцам. Навучалася сучаснаму танцу на аддзяленьні танца Школы выканаўчых мастацтваў (Performing Arts High School, New York) на Мангэтане ў Нью-Ёрку, якая стала шырока вядомай праз славуты мюзыкл 1980-х гадоў «Слава» (Fame). Больш зацікаўленая ў танцы, чым вучобе, ва ўзросьце 15 гадоў Чарны кінула школу і пасьля пасьпяховага праслухоўваньня была абраная вядомым харэографам Джэрамам Робінсам на ролю адной з «дзяўчынаў-акулаў» у аўстралійскай перасоўнай пастаноўцы на Брадвэі мюзыклу «Вэстсайдзкая гісторыя»[2]. Пасьля былі ролі ў іншых брадўэйскіх мюзыклах і выступы ў тэлевізыйных ток-шоў, у тым ліку ў Боба Хоўпа і Дэлы Рыз[3].

Фільм «Мілая Чэрыці»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сусьветная слава прыйшла да Сюзан Чарны зь фільмам Боба Фоса «Мілая Чэрыці» («Sweet Charity», 1969), дзе Сюзан выканала ролю вядучай танцоркі ў стаўшай кананічнай пастаноўцы танцавальнае кампазыцыі «Багацейскі фруґ» («The Rich Man’s Frug»)[4].

« Яе неверагоднае выкананьне «Багацейскага фруґу» надае ёй статус культавай багіні кінаэкрану, таму што на працягу некалькіх дзівосных хвілінаў яна нібыта самая супакоенасьць, якая дасканала пераўтварае трохі сюррэалістычную эксцэнтрычнасьць дзёрзкага харэаграфічнага розуму Фоса ў сапраўды іканічны стыль — доўгія валасы, сабраныя ў хвост, маленькая чорная сукенка, строгія ўражваючыя белыя пальчаткі, твар, пазбаўлены амаль усялякіх эмоцый і выключная дзівацкасьць рухаў. »

—Шэры Лэблан «Сюзан Чарны: залатая дзяўчына харэаграфіі Фоса»[5]

Здымкі на тэлебачаньні і ў кіно

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1967 па 1986 год здымалася пераважна ў шматлікіх тэлевізыйных сэрыялах, сярод якіх «Тая дзяўчына» («That Girl», 1967), «Хуткая дапамога» («Emergency!», 1973), «Пачаткоўцы» («The Rookies», 1973—1975), «Старскі і Гач» («Starsky and Hutch», 1975—1978), «Коджак» («Kojak», 1976), «Блакітны рыцар» («The Blue Knight», 1976), «Вуліцы Сан-Францыска» («The Streets of San Francisco», 1976), «Справы Рокфарда» («The Rockford Files», 1976), «Чалавек на 6 мільёнаў даляраў» («The Six Million Dollar Man», 1976), «Біянічная жанчына» («The Bionic Woman», 1978), «Чароўны востраў» («Fantasy Island», 1980), «Неверагодны Халк» («The Incredible Hulk», 1981), «Капітолій» («Capitol», 1982). Здымалася ў мастацкіх фільмах «Мілая Чэрыці» («Sweet Charity», 1969) і «Галівудзкі Гары» («Hollywood Harry», 1986)[6]. Адной з найбольш удалых у акторскай творчасьці Чарны лічаць ролю Сыльвіі ў тэлевізыйным фільме-катастрофе «Кароткі шпацыр да дзённага сьвятла» («Short Walk to Daylight», 1972)[2][7].

Скульптарская праца

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На больш позьнім этапе сваёй мастацкай кар’еры, пасьля завяршэньня здымак у мастацкіх фільмах і тэлевізыйных сэрыялах, Сюзан Чарны знайшла натхненьне ў скульптуры. Для стварэньня скульптураў яна выкарыстоўвае розныя матэрыялы: бронзу, гліну, смалу, мармуровы пыл у розных камбінацыях. Яе скульптуры выстаўляліся ў шэрагу мастацкіх галерэяў Лос-Анджэлеса[3].

« Мае стылізаваныя скульптуры ўзьнікаюць з эмацыянальнага і фатаграфічнага пунктаў погляду. З-за майго вопыту я вырашыла засяродзіцца на пачуцці і энэргіі танцу. Калі танцор рухаецца, паток руху працягвае ісьці праз цела, нават калі цела знаходзіцца ў стане спакою. Я спрабую адлюстраваць гэтую энэргію ў маіх скульптурах.

Скіраванасьць майго дызайну выходзіць з пэрспэктывы фатографа, які глядзіць на чалавечую форму ў той час, як ляжыць на зямлі і глядзіць у кірунку галавы чалавека. Карцінка на экране фотаапарата пакажа павялічаныя ногі зь меньшым торсам, рукамі і галавой. Як скульптар, я спрабую надаць энэргію гэтаму погляду праз перабольшаны фокус майго дызайну. Цэнтар і моц танцу пачынаецца з сілы і я паказваю гэтую сілу праз перабольшваньне.

Паколькі я працую з глінай, я працягваю дадаваць эмоцыі й пачуцьце скульптуры праз акцэнт на мышачны тон і вызначэньне. Мой танцорскі вопыт дазваляе мне зразумець нюансы руху і я здольная ўвасобіць гэтыя элементы ў кожным творы. Вытокі майго мастацкага бачаньня ў маім дзяцінстве ў Брукліне. Мне пашчасьціла глядзець, як мой бацька стварае скульптуры з пяску на пляжы Брайтан Біч. Ён быў маёй сапраўднай крыніцай натхненьня. Яго большыя, чым ў жыцьці, аголеныя скульптуры выглядалі так, быццам бы яны вось-вось уздымуцца з пяску і выйдуць у людзі. Я стараюся прынесьці хаця б трохі яго бачаньня ў мае творы.

Я радая схапіць элементы танцу і руху, спыненыя ў адным імгненьні. Не важна, што за матэрыял: бронза, смала ці кераміка. Я ўвесь час вяду пошук правільнай камбінацыі сродкаў і кампазыцыі, якая дазволіць праз скульптуру ажывіць маё ўласнае бачаньне танцу.

»

—Мастацкі маніфэст Сюзан Чарны[3]

Сюзан Чарны была замужам тройчы: Рэй Рапа (Ray Rappa, з 1965 па 1974 г.), Люіс Робэрт Мэйлер (Lewis Robert Maler, з 1976 па 1984 г.). Яе цяперашні сужанец (з 2009 г.) — Пол Брэндан (Paul C. Brandon)[8]. Мае дачку[9]. Жыве ў Каліфорніі.

Грамадзкія і палітычныя погляды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На працягу свайго жыцьця часта сутыкалася з праявамі антысэмітызму. Па сваёй ініцыятыве ладзіць збор сродкаў для Амэрыканскага анкалягічнага таварыства. Адмоўна ставіцца да прэзыдэнта ЗША Трампа[1].

Ушанаваньні і ўзнагароды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • «Узнагарода драматычных крытыкаў Лос-Анджэлеса» (LA Drama Critics Award), прызначана за ролю ў спэктаклі «Trip Back Down» тэатра Group Repertory Theater[2]
  • «Цыганская накідка» (Gypsy Robe, 2004), узнагарода Таварыства прафэсійных танцораў за ўнёсак у сьвет танцу, якая штогод уручаецца ў Галівудзе[10]
  1. ^ а б Suzanne Charny page Facebook Праверана 3 сьнежня 2019 г.
  2. ^ а б в Tom Lisanti Glamour Girls of Sixties Hollywood: Seventy-Five Profiles. — McFarland, 2015. — С. 42-45. — 252 с. — ISBN 9780786431724
  3. ^ а б в About the Artist Charny Sculptures Праверана 3 сьнежня 2019 г.
  4. ^ Sweet Charity 1969: The Aloof, The Heavyweight, The Big Finish (HQ) Bob Fosse YouTube Праверана 5 сьнежня 2019 г.
  5. ^ Sheri Leblanc Suzanne Charney: Golden Girl of Fosse's Choreography Musings Праверана 5 сьнежня 2019 г.
  6. ^ Suzanne Charny Filmography IMDb Праверана 3 сьнежня 2019 г.
  7. ^ Short Walk To Daylight відэавэрсія фільму Праверана 6 сьнежня 2019 г.
  8. ^ Suzanne Charny Biography IMDb Праверана 3 сьнежня 2019 г.
  9. ^ Suzanne Charny page Facebook Праверана 3 сьнежня 2019 г.
  10. ^ The Gypsy Robe Professional Dancers Society Праверана 5 сьнежня 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]