Перайсьці да зьместу

Юбілейны год

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Сьвяты Год»)
Сьвятыя дзьверы (лац. Porta Santa) у Базыліцы Сьвятога Пятра ў Рыме, адчыненыя з нагоды пачатку юбілейнага году. У наш час юбілей адзначаецца ў Рымска-каталіцкім Касцёле звычайна кожныя 25 гадоў.

Юбілейны год, Сьвяты год (на іўрыце: יובל — юбілей) — у жыдоўскай і хрысьціянскай традыцыі год асаблівай ласкі, які нагадвае аб паходжаньні чалавека ад Бога. У католікаў — год, на працягу якога ёсьць магчымасьць атрымаць поўную індульгенцыю. Юбілейны Год заўсёды абвяшчае Папа. З гэтай нагоды выдаецца була, у якой распавядаецца пра ўмовы яго правядзеньня і духоўныя плёны гэтага Юбілею.

У Старым Запавеце (Сьвятарская кніга 25, 8-17 і далей) быў вядомы юбілейны год, які адзначаўся кожныя 50 гадоў. У той час належала вярнуць роўнасьць усім сынам Ізраэля, даць новыя магчымасьці сем’ям, якія страцілі сваю маёмасьць, а часам нават асабістую свабоду. Багатым юбілейны год нагадваў, што настаў час, калі нявольнікі з Ізраэля, якія зноў сталі роўнымі ім, могуць вяртацца да сваіх правоў.

Гэта сымбалізавала дараваньне Богам зямлі чалавеку толькі ў якасьці вотчыны. Юбілейны год адзначаўся пасьля сямі суботніх гадоў, якія адзначаліся кожныя сем гадоў (7х7). Год абвяшчаў сьвятар трубячы ў барановы рог (шафар).

Каталіцкі Касьцёл пачаў традыцыю Сьвятога Году з пантыфікатам Баніфацыюса VIII у 1300 годзе[1]. У рымскія базылікі сьв. Пятра і сьв. Паўла за мурамі тады прыбыло 300 тысяч пілігрымаў. Папа хацеў, каб Юбілейны Год сьвяткаваўся праз кожныя 100 гадоў. Але з 1343 году пэрыяд зьменшыўся да 50-ці (як у Старым Запавеце), з 1389 — да 33-х гадоў (узрост Хрыста), а з 1475 году яго пачалі абвяшчаць праз 25 гадоў, каб кожнае пакаленьне адзін раз магло перажыць юбілей[2].

Юбілейны Год не адбыўся толькі ў 1800 годзе, калі пасьля сьмерці папы Піюса VI у францускай няволі ў жніўні 1799 году новы папа Піюс VII быў абраны ў сакавіку 1800 году, а ў Рым змог прыехаць у ліпені.

У ХХ ст. да звычайных Сьвятых Гадоў дадаліся яшчэ Надзвычайныя Юбілеі: 1933 і 1983 гады, абвешчаныя з нагоды 1900 і 1950 гадавіны збаўленьня. Надзвычайны Юбілей — Сьвяты Год Міласэрнасьці — распачаўся 8 сьнежня 2015 году і закончыцца 20 лістапада 2016 году.

Апошні чарговы юбілей адзначаўся ў 2000 годзе як Вялікі Юбілей 2000-га году другога тысячагодзьдзя прышэсьця Хрыста ў сьвет. Наступны цыклічны юбілей прыпадае на 2025 год.

Падчас сьвяткаваньня ў Базыліках адчыняюць Сьвятыя Дзьверы. Аднак пачатак юбілею не быў зьвязаны з адкрыцьцём Сьвятых Дзьвярэй — сымбалям пераходу ад граху да Божай ласкі, згодна са словамі Езусу: «Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены» (Ян 10, 9).

Першы Папа, які ў 1423 годзе адчыніў Сьвятыя Дзьверы у базыліцы сьв. Яна на Лятэране, быў Мартын V. У 1499 годзе Сьвятыя Дзьверы ўпершыню былі адчыненыя ў базыліках сьв. Пятра, Санта-Марыя Маджорэ і сьв. Паўла за мурамі.

Сьвятыя Дзьверы ў базыліцы сьв. Пятра зьяўляюцца творам скульптара Віка Кансорці (1902—1979), які выйграў конкурс, абвешчаны перад Сьвятым 1950 Годам. Ахвярадаўцам стаў ардынарый Базыля і Лугана, біскуп Франц фон Стрэнг, які разам з вернікамі хацеў падзякаваць Богу за захаваньне Швэйцарыі ад жахаў вайны. Праз 11 месяцаў дзьверы былі адчыненыя ў Вігілію Божага Нараджэньня 1949 году.

З 1983 году індульгенцыі таксама даюць пры наведваньні іншых буйных цэркваў па ўсім сьвеце, але звычай адчыняць браму ў храмах застаўся.

Пачатак Юбілейнага Году

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У наш час адкрыцьцё Сьвятога Году адбываецца 24 сьнежня, а ў выпадку надзвычайных і асаблівых юбілеяў — у дату, вызначаную Папам. З 1423 годзе афіцыйны пачатак сьвяткаваньняў суправаджаецца цырымоніяй адкрыцьця Сьвятой Брамы ў прытворы юбілейных касьцёлаў Рыма, у першую чаргу Базылікі сьв. Пётра. Гэтая брама была ўзьведзена па загаду папы Піюса XII і ўпершыню адчынілася 24 сьнежня 1949 году, з чаго распачаўся юбілейны 1950 год. Адкрыцьцю брамы папярэднічаў сымбалічны трохразовы ўдар молатам. У пэрыяд паміж юбілеямі брама знутры базылікі перакрываецца сьцяной, пабудаванай пасьля канца папярэдняга году і зьнесенай перад адкрыцьцём наступнага году.

Асаблівасьцю юбілейных гадоў зьяўляецца магчымасьць атрыманьня адпусту. У Рыме адпуст можна было атрымаць, наведаўшы адну з чатырох цэркваў (базылік сьв. Пятра, сьв. Паўла за мурамі, сьв. Яна на Лятэране, сьв. Марыя Маджорэ). Некаторыя італьянскія гарады карысталіся аналягічнымі прывілеямі, дараванымі папамі.

Папа Баніфацыюс IX таксама дазволіў індульгенцыі ў Кракаве з 1 чэрвеня па 30 верасьня 1392 году. Падчас юбілею ў 1450 годзе папа Мікалай V па просьбе кракаўскага біскупу Зьбігнева Алесьніцкага пагадзіўся, каб тыя, хто будзе наведваць катэдральныя касьцёлы ў Гнезне , Кракаве, а таксама Львове ці Вільні маглі атрымаць юбілейны адпуст. Папа накіраваў у Польшчу легата, знакамітага прапаведніка Яна Капістрана і ўпаўнаважыў яго даваць індульгенцыі ўсім, хто будзе слухаць яго пропаведзі. Ян Капістран прапаведаваў кожны дзень і на іх прысутнічала 20-30 тысяч чалавек.

У юбілейныя 1983 і 2000 гады адпуст можна было атрымаць таксама ў катэдральных і дыяцэзіяльных касьцёлах, якія прызнаны месцамі пілігрымкі па ўсім сьвеце.

Абвяшчэньне Юбілейных Гадоў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Сьвяты 1300 год быў абвешчаны булай 22 лютага Баніфацыюса VIII
  • Сьвяты 1350 год быў абвешчаны Клімэнтам VI булай Unigenitus Dei Filii
  • Сьвяты 1390 год, абвешчаны булай у красавіку 1389 году Урбанам VI, адзначаўся падчас пантыфікату Баніфацыюсу IX
  • Сьвяты 1400 год, абвешчаны папам Баніфацыюсам IX
  • Сьвяты 1425 год, абвешчаны Папам Мартынам V; упершыню былі адчынены Сьвятыя Дзьверы ў базыліцы сьв. Яна Лятэранскага
  • Сьвяты 1450 год быў абвешчаны Мікалаем V булай Immensa et innumerabilia
  • Сьвяты 1475 год, абвешчаны булай Qeem ad modum operosi ў 1473 годзе Сыкстам IV
  • Сьвяты 1500 год, абвешчаны Аляксандрам VI;
  • Сьвяты 1525 год быў абвешчаны булай 18 сьнежня 1524 году Клімэнтам VII
  • Сьвяты 1550 год, абвешчаны ў траўні 1549 году Паўлам III, адзначаўся падчас пантыфікату Юліюсу III ад лютага 1550 году
  • Сьвяты 1575 год быў абвешчаны Грыгорыюсам XIII двойчы: 20 траўня і 19 сьнежня 1574 году
  • Сьвяты 1600 год, які адзначаўся падчас пантыфікату Клімэнту VIII ад 31 сьнежня 1599 г. да 13 студзеня 1601 г. (затрымка пачатку і заканчэньня цэлебрацый была выклікана хваробай Папы)
  • Сьвяты 1625 год быў абвешчаны Урбанам VIII булай Omnes gentes, plaudite unanibus
  • Сьвяты 1650 год адзначаўся падчас пантыфікату Інакенцыюсам X
  • Сьвяты 1675 год адзначаўся падчас пантыфікату Клімэнтам Х
  • Сьвяты 1700 год, які адзначаўся падчас Пантыфікату Інакенцыюсу XII і Клімэнту XI (з-за хваробы Папы браму адчыніў кардынал Эмануэль Бул’ён)
  • Сьвяты 1725 год, абвешчаны булай Інакенцыюсу XII 29 чэрвеня 1724 г. пасьля яго сьмерці, адзначаўся падчас Пантыфікату Бэнэдыкта XIII
  • Сьвяты 1750 год, абвешчаны булай Peregrinantes у сакавіку 1749 году Бэнэдыктам XIV
  • Сьвяты 1775 год, абвешчаны булай Salutis Nostrae Клімэнта XIV, адзначаўся падчас пантыфікату Піюса VI ад 26 лютага да 25 сьнежня 1775 г. (Клімэнт XIV памёр у верасьні 1774 г., а Піюс VI быў абраны папам 15 лютага, таму і адбылася затрымка)
  • Сьвяты 1825 год, абвешчаны булай Quod hoc ineunte saeculo 27 траўня 1824 г. Львом XII (падчас урачыстасьцей базыліка сьв. Паўла за мурамі была зьнішчана пажарам, яе месца заняла базыліка сьв. Марыі ў Трастэверэ)
  • Сьвяты 1875 год быў абвешчаны 24 сьнежня 1874 году булай Gravibus ecclesiae et huius saeculi calamitatibus Піюса IX, якая адзначалася без урачыстага адкрыцьця брамы
  • Сьвяты 1900 год быў абвешчаны Львом XIII булай Properante ad exitum
  • Сьвяты 1925 год, абвешчаны ў траўні 1924 году Піюсам ХІ булай Infinita Dei misericordia
  • Сьвяты 1933 год — Юбілей Адкупленьня, абвешчаны сьвету 24 сьнежня 1932 г. (упершыню па радыё), адзначаўся ад 2 красавіка 1933 г. да 2 красавіка 1934 г. падчас пантыфікату Піюса ХІ
  • Сьвяты 1950 год падчас пантыфікату Піюса XII адзначаўся як Год міру
  • Сьвяты 1975 год быў абвешчаны 23 траўня 1974 г. Паўлам VI
  • Сьвяты 1983 год, абвешчаны Янам Паўлам ІІ 6 студзеня 1983 г.; цэлебруецца з нагоды Юбілею Адкупленьня 25 сакавіка 1983 г. — 22 красавіка 1984 г.
  • Сьвяты 2000 год быў абвешчаны 29 лістапада 1998 г. Янам Паўлам ІІ Вялікім юбілеем двухтысячагагодзьдзя хрысьціянства.
  • Сьвяты 2025 год абвясьціў Папа Францішак булай Spes non confundit[3]

Надзвычайныя Юбілеі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Акрамя Юбілейных гадоў, Касьцёл адзначае Надзвычайныя Юбілеі, абвешчаныя Папам і датычацца толькі пэўнай тэрыторыі. Напрыклад для Рэчы Паспалітай такі юбілей абвяшчаўся двойчы:

  • абвешчаны Паўлам V 10 кастрычніка 1609 г. як заклік да малітвы за Польшчу
  • абвясьціў Інакенцыюс XI 11 жніўня 1683 г. з заклікам на дапамогу ў барацьбе з турэцкімі войскамі (да вызваленьня Вены).

Апошні сьвяты 2016 год быў абвешчаны 11 красавіка 2015 году Францішкам у буле Misericordiae vultus як Надзвычайны Юбілей Міласэрнасьці. Ён доўжыўся ад 8 сьнежня 2015 года да 20 лістапада 2016 году. У 2016 годзе ў Беларусі было адчынена 17 сымбалічных Брамаў Міласэрнасьці, якія зьяўляюцца знакам Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасьці[4].

  1. ^ Юбілейны Год у гісторыі Касьцёлу, catholic.by 12.12.2015
  2. ^ Сьвятыя Дзьверы, Ave Maria, 16.12.2015
  3. ^ Spes non confundit Була, што абвяшчае Юбілейным Годам 2025 (ад 9 траўня 2024)
  4. ^ Юбілейны Год у гісторыі Касьцёлу, catholic.by 12.12.2015

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Rudolf Fischer-Wollpert, Leksykon papieży, Wydawnictwo Znak, Kraków 1997, ISBN 83-7006-437-X, s. 314