Барталямэй (апостал)
| Апостал Барталямэй | |
Апостал Барталямэй | |
| Сьвяты | |
|---|---|
| Нарадзіўся | I ст. Юдэя, Палестына |
| Памёр | I ст. Вялікая Армэнія. Зьдзёртая скура й раскрыжаваны |
| Шануецца | большасьцю хрысьціянскіх цэркваў |
| У ліку | апосталаў |
| Галоўная сьвятыня | Мошчы ў царкве Сант-Барталамея ў Рыме, Кентэрбэрыйскі сабор, Франкфурцкі сабор, Сабор Сант-Барталамеа ў Ліпары |
| Дзень памяці | 24 жніўня (каталіцызм) 11 чэрвеня (праваслаўе) |
| Патрон | Армэнія; пераплётчыкі; мясьнікі; Флярэнтыйскія гандляры сырам і саленьнем; Гамбатэза, Італія; гарбары; нэўралягічныя хваробы; тынкоўшчыкі; паляўнічыя |
| Атрыбуты | нож, ягоная зьдзёртая скура |
| Падзьвіжніцтва | апостальская пропаведзь, пакутніцкая сьмерць |
Барталямэй (Варфаламей, Натанаіл; па-габрэйску: תולמי-בר, па-грэцку: Βαρθολομαίος, па-лацінску: Bartholomaeus) — адзін з дванаццаці апосталаў (вучняў) Ісуса Хрыста, згаданы ў Новым Запавеце.
Навазаветная гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Згаданы ў сьпісах апосталаў у Эвангельлі паводле Мацьвея (Мц.10:3), паводле Марка (Мк.3:18), а таксама ў Дзеях Сьвятых Апосталаў (Дзеі.1:13). Імя «Барталямэй» магчыма зьяўляецца арамэйскім патранамічным імем (імем па бацьку) «bar talamai» — «сын Талмая»[1], дзе Талмай — скажонае на арамэйскі лад грэцкае імя Пталямэй.
Існуе практычна аднадушнае меркаваньне біблеістаў пра тое, што згаданы ў Эвангельлі паводле Яна (Ян.1:45—50) Натанаіл — гэта адна асоба з Барталямэем. Такім чынам, апостал Барталямэй — адзін зь першых вучняў Хрыста, закліканы чацьвёртым усьлед за Андрэем, Пятром і Піліпам.
Эвангеліст паведамляе, што Барталямэй быў родам з Каны Галілейскай (Ян.21:2). Як відаць, ён быў сваяком ці блізкім сябрам апостала Піліпа, паколькі менавіта Піліп прывёў Барталямэя да Ісуса, і ў сьпісах апосталаў яны згадваюцца побач. У сцэне пакліканьня Натанаіла-Барталямэя ён прамаўляе знакамітую фразу «З Назарэта ці ж можа быць што добрае?». Ісус, пабачыўшы яго, кажа пра яго «Вось, сапраўдны Ізраільцянін, у якім няма зламыснасьці». Больш пэўных зьвестак Сьвятое Пісаньне пра Барталямэя не дае, большая частка ягонага жыцьцяпісу вядомая па апакрыфічных крыніцах.
Паданьні
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Паводле паданьня Барталямэй разам зь Піліпам прапаведаваў у гарадах Малой Азіі, асабліва ў сувязі зь імем апостала Барталямэя згадваюць горад Герапаліс. Традыцыя паведамляе таксама пра яго паездку ў Індыю й пропаведзі ў Армэніі, дзе на Арташацкім узгорку ён сустрэўся з апосталам Юдам Тадэем (армянская царква шануе іх, як сваіх заснавальнікаў). Еўсевій Кесарыйскі паведамляе, што ў Індыі Барталямэй пакінуў заснаванай ім абшчыне Эвангельле паводле Мацьвея на габрэйскай мове, якое было знойдзена філёзафам Пантэнам, выкладчыкам Александрыйскай школы.[2]
Сьмерць
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Паводле паданьня, па падгавору паганскіх жрацоў брат армянскага цара Астыяг «схапіў сьвятога апостала й у горадзе Альбане»[3] Барталямэя раскрыжавалі ўніз галавой, але ён працягваў сваю пропаведзь, тады яго зьнялі з крыжа, зьнялі скуру, а затым абезгаловілі[4]. Вернікі ўзялі «яго цела, галаву й скуру, паклалі іх у алавяную ра́ку й пахавалі ў тым жа горадзе, Альбане, што ў Вялікай Армэніі».
Існуюць разнастайныя вэрсіі па ідэнтыфікацыі гораду Альбаны (Альбанапаль, Урбанапаль):
- праваслаўная традыцыя атаясамлівае яго з Баку[3], у якім пры раскопках у Дзявоцкай вежы былі выяўленыя рэшткі старажытнага храма, які атаясамліваецца з базылікай, збудаванай над месцам згубы апостала;
- Мішэль ван Эсбрук мяркуе, што пад Альбанай разумеецца пантыйскі горад Нікопаль;
- паводле іншай вэрсіі, апостал Барталямэй пахаваны на тэрыторыі іранскай правінцыі Заходні Азэрбайджан, дзе ў XIV стагодзьдзі на месцы меркаванага пахаваньня быў пабудаваны армянскі манастыр Сурб Барталямэас;
Каля 410 году мошчы Барталямэя былі перанесеныя з Ахбака ў Мартыропаль, а каля 507 году ў горад Дара (Мэсапатамія). Пры нашэсьці пэрсаў у 574 годзе, па паведамленьні Грыгорыя Турскага, ра́ку з мошчамі кінулі ў мора й ён цудным чынам прыплыў да выспы Ліпары. Каля 838 году мошчы перанесьлі ў Бэнэвэнта, дзе яны захоўваюцца ў наш час. З X стагодзьдзя частка мошчаў апостала захоўваецца на высьпе Тыбэрына (Рым) у царкве Сан-Барталямэа, прысьвечанай апосталу. Часьціцы мошчаў апостала Барталямэя таксама захоўваюцца ў шэрагу афонскіх манастыроў, катэдральным саборы Сьвятых Жонак-міраносіц у Баку (перададзеная ў 2003 годзе Канстантынопальскім патрыярхам[5]) і іншых месцах.
Крыніцы й заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ М. А. Маханько Варфоломей // Православная энциклопедия. Том VI. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2003. — С. 706—711. — 752 с. — 39 000 экз. — ISBN 5-89572-010-2
- ↑ Еўсевій Кесарыйскі. Царкоўная гісторыя. V, 10
- 1 2 Димитрий Ростовский. Житие и страдания святого апостола Варфоломея
- ↑ Апостол Варфоломей
- ↑ Константинопольский Патриарх передал православным Азербайджана часть мощей св. апостола Варфоломея (рас.)