Сындром Мартына Ідэна
Сындро́м Ма́ртына І́дэна ці сындро́м дасягне́ньня мэ́ты — паталягічны стан чалавека, які ўзьнікае й разьвіваецца ў выніку дасягненьня запаветнае мары. Сваю назву атрымаў у гонар аднайменнага рамана Джэка Лёндана, дзе галоўны герой, прайшоўшы доўгі й цяжкі шлях да сваёй мары, упадае ў дэпрэсію й канчае жыцьцё самагубствам.
Сындром выяўляецца ў выніку завышаных чаканьняў, а таксама зьнясіленьня нэрвовае сыстэмы, што й прыводзіць да сьмерці[1].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гэтае захворваньне атрымала сваю назву ў гонар галоўнага пэрсанажа рамана Джэка Лёндана. Мартын Ідэн прайшоў цярністы шлях ад анікому непатрэбнага марака да ўсімі вядомага й багатага пісьменьніка. Ён дамагаўся сваёй мэты не адзін год, а калі дасягнуў яе, запаў у глыбокую дэпрэсію. Мартын расчараваўся ў жыцьці, паколькі, стаўшы старэйшым і разумнейшым, наблізіўшыся да сваёй запаветнай мары, ён страціў веру ў людзей, веру ў дабро й справядлівасьць, тым самым увесь навакольны сьвет страціў для яго фарбы. Усё гэта выклікала дэпрэсію, а як вынік прывяло да суіцыду[2].
Вядома, што пэрсанаж Мартына Ідэна зьяўляецца аўтабіяграфічным, бо шматлікія падзеі ў яго жыцьці апісваюць шлях самога Джэка Лёндана.
Прычыны фармаваньня сындрому
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Узьнікненьне хваробы зьвязана ў збоі працы псыхікі[3] й нэрвовае сыстэмы чалавека. Сымптомы сындрому разьвіваюцца пад уплывам наступных чыньнікаў:
- Доўгая напруга, якая ўзьнікае з-за зьнясільваючае працы. Нэрвовая сыстэма высільваецца, таму пасьля доўгачаканага ажыцьцяўленьня мары разьвіваецца абыякавасьць да таго, што адбываецца.
- Адсутнасьць далейшых плянаў. Калі засяроджвацца толькі на адной падзеі, то пасьля яе чалавек губляецца, бо ня бачыць сэнсу ў далейшым існаваньні.
- Занадта высокія чаканьні, а таксама маральныя прынцыпы й ідэалы[4]. Узьвядзеньне мэты ў абсалют непазьбежна прыводзіць да расчараваньня, што падрывае нармальную працу псыхікі.
- Асаблівасьці вышэйшае нэрвовае дзейнасьці. Разьвіцьцё падобных паталягічных станаў многія лекары зьвязваюць з характарам чалавека. Мэлянхалічныя[5] альбо, наадварот, халерычныя[5] асобы схільныя цяжэй пераносіць узрушэньні.
- Досыць доўгі шлях да дасягненьня пастаўленага выніку й шматлікія разумовыя й фізычныя нагрузкі. Псыхіка й нэрвовая сыстэма не вытрымліваюць такога працяглага й зьнясільвальнага ціску, што прыводзіць да глыбокае дэпрэсіі й суіцыдальнае ідэацыі[1].
Дыягнаставаць апісаны сындром і выхад зь яго можа толькі дасьведчаны псыхоляг-практык. Гэты дэпрэсіўны стан разьвіваецца вельмі дынамічна[6].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Суіцыдальныя паводзіны — Парушэньні псыхікі (рас.) Архіўная копія ад 2021-04-12 г.
- ^ ФДБНУ НЦПЗ. «Псыхапаталёгія. Частка I» (рас.) Архіўная копія ад 2020-07-26 г.
- ^ Псыхозы й іхнае лячэньне (рас.) Архіўная копія ад 2021-03-27 г.
- ^ Studopedia.ru Маральныя нормы й прынцыпы (рас.) Архіўная копія ад 2020-12-03 г.
- ^ а б Тыпалёгіі асобы: паняцьце, віды, мэтады вызначэньня (рас.)
- ^ Крыза мэты: асаблівасьці сындрому Мартына Ідэна — Psycholog-school.ru © 2010—2023 (рас.)