Смотрыцкі каньён
Смотрыцкі каньён (Каньён ракі Смотрыч) — геалягічны помнік прыроды агульнадзяржаўнага значэньня. Разьмешчаны ў межах Камянец-Падольскага раёну Хмяльніцкай вобласьці Ўкраіны.
Смотрыцкі каньён — гэта глыбокая вузкая даліна ракі Смотрыч са стромкімі схіламі, якія дасягаюць вышыні 50 м, і ўнікальнымі выхадамі на дзённую паверхню сылюрскіх вапнякоў. Утвораны плыньню ракі скрозь тоўшчу Тоўтраў (рэшткі старажытных каралавых рыфаў у выглядзе пагоркаў, што востра выступаюць). У межах каньёна ёсьць пастаянныя і сэзонныя вадаспады.
Празь цясьніну перакінута колькі мастоў, у тым ліку мост «Стромкая лань», які, акрамя прамога прызначэньня — злучэньне берагоў для перасячэньня абрыву, выкарыстоўваецца таксама для экстрэмальных скокаў з маста.
Прыродаахоўныя тэрыторыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нацыянальны парк
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нацыянальны прыродны парк «Падольскія Тоўтры», створаны Ўказам Прэзыдэнта Ўкраіны № 476 \ 96 ад 27 чэрвеня 1996 году, уключае ў свой склад Смотрыцкі каньён, як адзін з 129 аб’ектаў прыродазапаведнага фонду на тэрыторыі Хмяльніцкай вобласьці. помнік прыроды
Скальныя выхады вэнду-сылюру — стратыграфічны, палеанталягічны, геамарфалягічны помнік прыроды. Узаконена пастановай Савета Міністраў УССР № 139 ад 21 сакавіка 1984. Агульная плошча геалягічнага помніка прыроды агульнадзяржаўнага значэньня «Смотрыцкі каньён» складае 80,0 га. Разьмешчаны ў Камянец-Падольскім раёне, бярэ пачатак у сяла Галаскоў, праходзіць па тэрыторыі гораду Камянец-Падольскі i закончваецца ў сяле Цыбулеўка.
Водна-балотныя угодзьдзі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Смотрыцкі каньён — водна-балотныя ўгодзьдзі міжнароднага значэньня, ахоўваюцца згодна з Рамсарскай канвэнцыяй, у адпаведнасьці з Законам Украіны ад 29 кастрычніцкай 1996 г № 437/96-ВР «Аб удзеле Ўкраіны ў Канвэнцыі аб водна-балотных угодзьдзях, якія маюць міжнароднае значэньне, галоўным чынам у якасьці месцапражываньня вадаплаўных птушак». Агульная плошча 1,480 га. Ўзровень вады — ад 121 м да 114 м над узроўнем мора.
Геалёгія ды геамарфалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У асобных месцах ад выветрываньня горных парод утварыліся астанцы і скальныя ўтварэньні. Карставыя масты — Райскія брамы (каля жылога масіву Жоўтневы), астанцы «Галава рымскага воіна» (каля турбазы «Падалянка») і «Сава» (паблізу вёскі Цыбулеўка).
Стратыграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падольскі разрэз вэнду ды ніжняга палеазою ў прывусьцевай вобласьці каньёна мае сусьветнае значэньне. Вэндзкая частка, пачынаючы з 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя, характарызавалася як найбольш прадстаўлены разрэз нэапратэразою. Значэньне гэтага разрэзу захавалася й па сёньняшні дзень, хоць статус плянэтарнай сыстэмы набыў Эдыякарый Аўстраліі. Дзякуючы добраму агаленьню, паўнаце, простым умовам заляганьня, разнастайнасьці прысутных выкапняў жывёл і расьлінных рэшткаў, Падольскі разрэз гуляе ролю гіпастрататыпу вэндзкай сыстэмы, не губляючы пры гэтым свайго значэньня як інструмэнта міжрэгіянальных і глябальных стратыграфічных карэляцый.
Палеафаўны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Каля гарадзкога масту, на скалах і агаленьнях, геоляг P. Вержыкоўскі ў 1926 годзе сабраў 111 відаў выкапнёвай фаўны (пераважна малюскаў), якія былі апісаныя ім у кнізе «Геалягічны даведнік па Заходнім Падоле». Тут сустракаюцца плечаногія (Brachiopoda), ругозы або чатырохпромневыя каралы (Rugosa †); скалекодонты, канадонты (Conodonta †), імшанкі (Bryozoa), каралы, марскія лілеі (Crinoidea) і іншыя прадстаўнікі выкапнёвай фаўны й флёры. Старажытнае цёплае сылюрскае мора пакрывала мясцовасьць 440 млн. гадоў таму, спрыяла разьвіцьцю разнастайнага арганічнага жыцьця.
Флёра
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Каньён мае важнае значэньне ў флярыстычных адносінах. Флёра цясьніны і яе схілаў налічвае больш за 350 відаў расьлінаў.
На стромкіх схілах захавалася нямала відаў надзвычай рэдкіх расьлінаў, занесеных у Чырвоную кнігу Ўкраіны. Каштоўным зь іх зьяўляецца трацічны рэліктавы эндэмік шывярэкія Падольская (Schivereckia podolica), якая ва Ўкраіне расьце толькі ў дзесяці месцах. Сустракаюцца тут касач вугорскі, сон вялікі, кавыль валасісты. Сярод іншых рэдкіх расьлінаў: наперстаўка буйнакветная, малачай валынскі, куравай манпелійскі, астра стэпавая, казялец ілірыйскі, кмен пясчаны, першацьвет веснавы, сьветнік веснавы і іншыя.
Сярод тыповых прадстаўнікоў тут сустракаюцца Падольскі й Малдаўскі чабор, палын Аўстрыйскі, цыбуля Падольская, горная цыбуля, расходнік, аўрынія скальная.
Фаўна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выяўлена 22 віды павукоў сям’і Linyphiidae. Зь іх два віды параўнальна рэдкія ва Ўкраіне, напрыклад, Pocadicnemis juncea.
На гэтым адрэзку ракі Смотрыч выяўлена 17 відаў рыб: плотка, пячкур, верхаводка, гарчак, карась сярэбраны, карп, акунь рачной. Рэдкімі відамі іхтыяфаўны зьяўляюцца лешч, марэна звычайная.
Выяўлена 10 відаў амфібій. Два зь іх належаць да атраду хвастатых. Распаўсюджаныя ў межах каньёну трытон звычайны й трытон грабеньчаты. Сярод бясхвостых: жаба шэрая, жаба сажалкавая, жаба травяная. Рэдкія: часночніца звычайная, рапуха зялёная ды квакша звычайная. У ручаях, якія ўпадаюць у Смотрыч, сустракаецца жарлянка чырвонабрухая.
Паўзуноў ўсяго 6 відаў: зялёная і порсткая яшчарка, вуж звычайны, вуж вадзяны. Гадзюка звычайная — вельмі рэдкі від, яе бачылі ў Смотрыцкім каньёне толькі каля Жоўтневага мікрараёну.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Краявід з Турэцкага масту
-
Рака Смотрыч
-
Схілы каньёну
-
Каньён з Турэцкага масту