Смаргонская мядзьведжая акадэмія
«Смаргонская акадэмія» — жартоўная назва промыслу лавіць і дрэсіраваць мядзьведзяў, заснаванага князямі Радзівіламі ў Смаргоні; звычайна гэтай падрыхтоўкай і займаліся цыганы[1]. Паводле іншых дадзеных акадэмію заснаваў род Жановічаў[2]
Промысел існаваў з XVII ст. да канца XVII ст., паводле іншых зьвестак — да ліквідацыі паўстаньня 1830—1831 гадоў. Мядзьведзяў дрэсіравалі недалёка ад Смаргоні (на г. зв. «францускіх узгорках») у некалькі прыёмаў. Спачатку маладых мядзьведзяў вучылі «танцаваць», для чаго іх саджалі (па 2—3) у адмысловую клетку, у якой падагравалася дно, і прывучалі стаяць на задніх лапах і таптацца з адной лапы на другую (болевы рэфлекс пад удары бубну), потым вучылі барукацца, кланяцца. Павадыры («мядзьведнікі») з вучонымі зьвярамі хадзілі на заробкі таксама па кірмашах Расеі, Вугоршчыны, Нямеччыны і інш., вялі прыбытковы гандаль дрэсіраванымі мядзьведзямі. Сцэна з дрэсіраваным мядзьведзем была і ў батлейцы: выводзілі лялек — скамароха і мядзьведзя, якіх называлі «смаргонскі настаўнік з вучнем» (1902, Меншчына).
У 2004 годзе прыняты герб Смаргоні, у срэбраным полі якога на чырвонай рашотцы намаляваны чорны мядзьведзь, які стаіць на задніх лапах і трымае ў пярэдніх лапах герб Радзівілаў. За аснову гербавага сюжэту ўзяты гістарычны факт існаваньня «Смаргонскай акадэміі»[3][4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ CYGANIE — ROMOWIE Tożsamość
- ^ Przegląd Polski on-line (nowojorski tygodnik kulturalny)
- ^ Пра ўстанову афіцыйных геральдычных сімвалаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Гродзенскай вобласці: Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 снежня 2004 г. №590. Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 2009-04-30 г. Архіўная копія ад 2012-02-04 г.
- ^ Смаргонь. Геральдыка Беларусі. Праверана 2009-04-30 г. Архіўная копія ад 2011-08-26 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Барышаў Г. «Смаргонская акадэмія» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- БЭ. — Мн.: 2002 Т. 15. — С. Смаргонская акадэмія. С. 50.