Перайсьці да зьместу

Смаленская гандлёвая праўда

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Смаленская гандлёвая праўда»
Дамоўная грамата Смаленску з Рыгай і Гоцкім берагам
Створаны 1229
Прызначэньне парадкаваньне міжнароднага гандлю

«Смале́нская гандлёвая пра́ўда» ― дамова, падпісаная ў 1229 року між Смаленскім, Віцебскім і Полацкім княствамі з аднаго боку ды Рыгай і Готляндам зь іншага. Найстарэйшае вядомае пагадненьне рускіх князёў зь нямецкімі купцамі.

Дзьвіна была важным этапам гандлёвага шляху між Балтыйскім і Чорным марамі, які вёў ад гандлёвага паселішча ліваў Рыгі праз Полацак і Віцебск да Смаленску (па сушы), а стуль па Дняпры. Другі шлях вёў ад Смаленску да Ноўгарада, дзе ўжо ў XII стагодзьдзі існавалі гоцкі(d) і нямецкі(d) двары. Першая гандлёвая дамова мясцовага князя з купцамі была заключаная прыкладна ў 1191—1192 роках.

У пачатку XIII стагодзьдзя на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора ўздоўж Дзьвіны сталі рассяляцца нямецкія купцы, што прыйшлі сюды разам з крыжакамі. Гэта, а таксама заснаваньне ў Рызе біскупства і паўстаньне ордэна братоў меча прывялі да напружанасьці ў стасунках зь мясцовым насельніцтвам і полацкім князем, які зьбіраў даніну з гэтых земляў. У 1210 і 1212 роках падпісаныя гандлёвыя пагадненьні полацкага князя Ўладзімера з рыскім біскупам Альбэртам, датычныя вольнага гандлю ў Полацку і бясьпекі дзьвінскага гандлёвага мараплаўства.

Пасьля заваёвы ў 1222 року Полацкага княства смаленскі князь Амсьціслаў Давыдавіч(d) накіраваў ганцоў у Рыгу для заключэньня мірнай дамовы. У 1228 ці 1229 у Рыгу, а пасьля на Гоцкі бераг прыбылі паслы Амсьціслава Ерафей і Панцялей. Зь нямецкага боку ў Рызе прысутнічалі купцы, мечаносцы, прадстаўнікі зь Вісьбю, Гамбургу, Любэку.

Захаваліся два розныя варыянты дагавору (па тры асобнікі кожнага зь іх). Самы стары зь іх — 1229 року па-стараславянску; лацінскі ці нямецкі варыянты ня выяўленыя. Астатнія рукапісы зьяўляюцца пазьнейшымі копіямі XIII і XIV стагодзьдзяў: чатыры таксама па-стараславянску, адзін — па-ніжненямецку.

Заключалася мірная дамова «паміж Смаленскам і Рыгай». Віцебскія, полацкія і смаленскія купцы атрымлівалі праезд па Дзьвіне, заезд у Рыгу, Любэк, Готлянд ды іншыя балтыйскія месты; нямецкія купцы мелі вольны праезд па Дзьвіне.

Быў дазволены вольна гуртовы і раздробавы гандаль, вызначаныя мыты. Рускія і нямецкія купцы мелі роўныя правы. У выпадку спрэчак былі зацьверджаныя нормы гандлёвага права.

Дамова дзейнічала з дапаўненьнямі да XV стагодзьдзя. Тэкст дакумэнту ўключаны ў юрыдычны зборнік другой паловы XIV стагодзьдзя.

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0
  • Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995.— 799 с. ISBN 985-11-0026-9.
  • Бережков М. Н. О торговле русских с Ригою в XIII и XIV веках // Журнал министерства народного просвещения. — 1877, февраль. — С. 340, пр. 3..
  • Борковский В. И. Смоленская грамота 1299 года ― русский памятник // Ученые записки Ярославского Государственного педагогического института. — 1944. — В. 1. Гуманитарные науки. — С. 1―62.
  • Голубовский П. В. История Смоленской земли до начала XV в.. — Киев: 1895.
  • Краснопёров И. М. Очерки промышленности и торговли Смоленского княжества с древнейших времен до XV века // Историческое обозрение. — СПб.: 1894. — Т. VII. — С. 68.
  • Лихачев Н. П. Материалы для истории византийской и русской сфрагистики. — Вып. 1. — Л.: 1928.
  • Маковский Д. П. Смоленское княжество / Смоленский краеведческий научно-исследовательский институт. — Смоленск: 1948.
  • Тихомиров М. Н. Древнерусские города. — М.: 1946.
  • Тихомиров М. Н. Исследование о Русской Правде. Происхождение текстов / Акад. наук СССР. — М. ; Л.: Изд-во Акад. наук СССР, 1941. — 254 с.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
  • Янин В. Л. К вопросу о датировке экземпляров D и K «Смоленской правды» // Археографический ежегодник за 1968 год. — М.: 1970. — С. 102―108.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]