Перайсьці да зьместу

Рокаш (гурт)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рокаш
лац. Rokaš
Гады 2003 — нашы дні
Краіна
Месца ўтварэньня Менск, Беларусь
Мова беларуская мова
Жанр нэа-фольк
Удзельнікі Паліна Дулінец
Лявон Казакоў
Аляксандар Акульчык
Мікалай Ліпневіч
Натальля Ісаева
Мікіта Васількаван
Былыя ўдзельнікі Мікола Маркоўнік
Станіслаў Багданаў
Міхаіл Кінчын
Вольга Драпеза
Аляксей Яфрэменка
rokash.com

Рокаш — менскі музычны гурт. Стыль: нэа-фольк, акустычны фольк-рок.

Ідэя стварэньня гурта «Рокаш» зьявілася яшчэ напрыканцы 2003 году, калі чацьвёрка сяброў, аб’яднаных агульнымі поглядамі на гісторыю, музыку, мову й лад жыцьця вырашыла паспрабаваць свае сілы ў музычнай сфэры. Іх імёны былі: Стась Багданаў, Мікола Ліпневіч, Мікола Маркоўнік і Лявон Казакоў. Першапачатковай канцэпцыяй патэнцыяльнага гурта быў стыль beerfolk, ці піўны фольк. На працягу 2003 году Лявонам былі напісаныя некалькі песень у гэтай стылістыцы. Гісторыя захавала тры зь іх. Яны называліся «Наша піва», «Карчма» і «Хмяльны бранль». Заставалася адна праблема — гэтыя песьні фактычна не было каму граць. Бо так атрымалася, што ў гурце ад пачатку было два ўдарнікі й два вакаліста. Сытуацыя была амаль безвыходная.

Дзякуючы Алене (Decadence) й Наташы (Venomous Butterfly) у студзені 2004 году ўдзельнікі гурта пазнаёміліся з таленавітым гітарыстам і файным чалавекам Алесем Акульчыкам. Дзякуючы яму пачалі стварацца першыя мэлёдыі. Акрамя гэтага быў зьдзейсьнены канцэптуальны паварот у ідэйнай афарбоўцы песень. Поруч са старымі бірфолькавымі тэмамі пачынаюць зьяўляцца новыя кампазыцыі, якія мелі патрыятычную, сярэднявечную і, у некаторых выпадках, нават філязофскую афарбоўку. Самай яскравай песьняй гэтага пэрыяду можна назваць «Баляду пра ліцьвіна», якая на доўгі час стала пэўнай візытоўкай «Рокаша». Разам з тым моцна адчуваецца недахоп інструмэнтаў. Пачынаюцца пошукі чалавека, які мог бы граць на якім-небудзь духавым інструмэнце. Нарэшце, летам 2005 году адзін зь сяброў, Паша Грабчыкаў, знаёміць гурт з цудоўнай флейтысткай Вольгай Драпезай. Дзякуючы яе прыходу, ўжо пачынае фармавацца індывідуальны саўнд «Рокаша». У гэты ж час астатнія ўдзельнікі гурта пакрысе пачынаюць асвойваць новыя інструмэнты. Усіх зьдзіўляе Мікола Ліпневіч, які за кароткі час здолеў навучыцца граць на блёк-флейтах. У той жа час Лявон пачынае аздабляць песьні гукамі варгану. Старыя кампазыцыі атрымоўваюць новую афарбоўку.

Менавіта ў верасьні 2004 году на сярэднявечным фэсьце «Беларусь сярэднявечная», які праводзіўся Рыцарскім родам сьнежнага барсу ў Менску, адбываецца дэбютнае выступленьне гурта «Рокаш». Некаторыя ўдзельнікі гурта ня любяць узгадваць гэты канцэрт. Бо першы блін, на жаль, аказаўся комам. Гурт яшчэ ня быў падрыхтаваны да выступленьня. Праграма была не адрэпэтаваная да канца. І лёгкая эўфарыя ад некаторых удалых рэпэтыцыяў ня здолела выратаваць сытуацыю. Нельга сказаць, каб канцэрт быў цалкам правальны, але і ўдалым яго назваць будзе цяжкавата. Так ці інакш, «Рокаш» адыграў дваццаціпяціхвілінную праграму, у якую ўваходзілі наступныя песьні: «Наша піва», «Карчма», «Хмяльны бранль», «Баляда пра ліцьвіна» і сярэднявечная кампазыцыя «In taberna». Гэты канцэрт акрэсьліў асноўныя недахопы гурта. Працягваліся інтэнсіўныя рэпэтыцыі.

Нарэшце, узімку 2005 году адбылася падзея, якая аказалася калясальным штуршком у разьвіцьці гурта. Дзякуючы Вользе ў гурце зьявілася Паліна Дулінец, з чыім яркім, непаўторным і запамінальным голасам найдалей і пачаў асацыявацца гурт «Рокаш». Апроч цудоўнага вакалу, Паліна мела й нешэраговыя кампазытарскія здольнасьці. Старыя песьні атрымоўваюць новае гучаньне. Зьяўляецца і шэраг новых кампазыцыяў на вершы Лявона і музыку Паліны. З новай праграмай гурт выступае на шэрагу імпрэзаў таварыства «Этна», на вечарыне-ўшанаваньні памяці славутага польскага музыканта Чэслава Немана і інш.

Урэшце-рэшт, у сакавіку 2005 году «Рокаш» прымае ўдзел у конкурсе маладых выканаўцаў сярэднявечнай музыкі «У гонар каралевы Боны». На гэтым фэсьце гурт атрымоўвае спэцыяльны прыз ад радыёканала «Культура» — некалькі гадзінаў запісу на студыі, а таксама спэцыяльным дыплёмам за лепшы вакал была адзначаная Паліна Дулінец. Вясною-летам 2005 году гурт прымае ўдзел у шэрагу фэстаў і імпрэзаў, найбольш значнымі зь якіх можна назваць фэст «Замак Гедыміна» ў Лідзе, Лошыцкі фэст у Менску, грае ў менскім клюбе «Рэактар» на разагрэве ў гурта «Стары Ольса», прадстаўляе на выставе «СМІ ў Беларусі» радыёканал «Культура». Зьяўляюцца новыя песьні. Найбольш значнымі зь якіх сталі «Стары замак» і «Запалі агонь». Напрыканцы лета на студыі канала «Культура» робіцца запіс некалькіх песень. Восеньню з найбольш значных імпрэзаў можна адзначыць удзел у фэсьце сярэднявечнай культуры «Legenda Autuna», на дні беларускага пісьменства ў Камянцы, на рыцарскім фэсьце «Беларусь сярэднявечная-2», дзе «Рокаш» цалкам рэабілітаваўся за мінулагодні ня вельмі ўдалы выступ, на канцэрце «Сярэднявечныя каляды». Зімою 2006 году з гурта, па асабістых прычынах, сыходзіць адзін са стваральнікаў гурта і вакалістаў Мікола Маркоўнік. Аднак гэта ўжо не магло спыніць імклівае разьвіцьцё калектыву.

Рокаш, зіма 2010

Ствараюцца новыя кампазыцыі. Гурт прымае ўдзел у шэрагу супольных канцэртаў. У чэрвені 2006 году важкай падзеяй у разьвіцьці гурта стаў удзел у фэсьце «Spotkania Folkowe „Z wiejskiego podwórza“», які адбыўся ў польскім горадзе Чэрэмшув. Там «Рокаш» граў на адной сцэне з такімі знакавымі гуртамі сярод усходнеэўрапейскай фолькавай музыкі, як «Ilgi» (Латвія), «Paniks» (Сэрбія-Вугоршчына), «Teksoj Banda» (Украіна), «Sarakina» (Польшча) і інш. На зваротным шляху разам зь беларускім гуртом «Ліцьвінскі хмель» «Рокаш» даў канцэрт у польскім горадзе Гайнаўка. Восеньню 2006 году «Рокаш» прымае ўдзел у шэрагу супольных канцэртаў з рознастылёвымі гуртамі беларускай андэграўнднай сцэны. Сярод найбольш важкіх з такіх імпрэзаў можна адзначыць dark-art fest «Memento Mori III», «Vox Femina: tribute to Flёur», «Folk Haloween party» і інш. Менавіта ў гэты час канчаткова фармуецца адыход ад medieval-folk у бок такіх стыляў, як neofolk, acoustіс folk-rock. Паступова творчасьць гурта пачынае выходзіць за межы Беларусі. Восеньню 2006 году адбылося выступленьне ў Вільні, а ў студзені 2007 году гурт «Рокаш» з посьпехам даў канцэрт у культавым маскоўскім клюбе «Археология». У гэты ж час у гурт прыходзіць ударнік і пэркусіяніст Міхаіл Кінчын (Маўс).

У ліпені 2011 году гурт нарэшце выдаў сваю дэбютную кружэлку "Запалі агонь".

У ліпені 2011 году гурт выпусьціў свой першы альбом «Запалі Агонь»:

  • 01. Запалі агонь
  • 02. Крумкач
  • 03. Восень
  • 04. Сокал
  • 05. Духі Зямлі
  • 06. Хмяльны Бранль
  • 07. Крылы
  • 08. Ваўкалак
  • 09. У тваіх вачах
  • 10. У лясным гушчары
  • 11. Дзеці паўночнага ветру

Bonus tracks:

Удзел у складанках

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Паліна Дулінец — сьпеў, аўтар музыкі
  • Лявон Казакоў — сьпеў, варган, аўтар тэкстаў
  • Аляксандар Акульчык — гітара
  • Мікалай Ліпневіч — блёк-флейта, пэркусія
  • Натальля Ісаева — флейта
  • Мікіта Васількаван — бубны
  • Станіслаў Багданаў — пэркусія
  • Міхаіл Кінчын — бубны, пэркусія
  • Вольга Драпеза — флейта
  • Аляксей Яфрэменка — бубны

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]