Робэрт Кубіца
Робэрт Юзэф Кубіца | |
Robert Józef Kubica | |
Краіна | Польшча |
---|---|
Нарадзіўся | 7 сьнежня 1984[1] (39 гадоў) |
Кар’ера ў чэмпіянаце сьвету па аўтагонках на вытрываласьць | |
Каманда | AF Corse |
Нумар аўтамабілю | 83 |
Праведзеных гонак | 99[2] і 126[2] |
Здабытых перамог | 1[2] |
Подыюмаў | 12[2] |
Стартавых лідэрстваў | 1[2] |
Узнагароды | |
Подпіс | |
kubica.pl |
Ро́бэрт Ю́зэф Кубі́ца (па-польску: Robert Józef Kubica; нар. 7 сьнежня 1984, Кракаў[3]) — польскі гоначнік і раліст. Першы і адзіны паляк у Формуле-1. Чэмпіён сьвету па ралі ў клясах WRC-2 (2013) і LMP2 (2023). Чэмпіён Эўропы Ле-Ману ў катэгорыі LMP2 (2021).
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Юнацкія гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кар’еру пачынаў з шасьцігадовага веку ў картынгу. Шасьціразовы чэмпіён Польшчы ў розных векавых катэгорыях[4][5]. У 13-гадовым веку пераехаў у Італію, дзе ў 1998 року стаў першым замежным чэмпіёнам Італіі ў юніёрскім разрадзе[6].
З 2000 року ўдзельнічае ў дарослых спаборніцтвах. Скончыўшы чэмпіянаты сьвету і Эўропы на 4-м месцы, скончыў картынгавую кар’еру[3].
У 2001 року перайшоў у каманду EC Motorsport Эўрапейскага кубку Формулы Рэно-2000, дзе толькі аднойчы здолеў заняць поўл-пазыцыю і адзін раз фінішаваць на 2-м месцы. Па выніках сэзону скончыў чэмпіянат на 14-м месцы[7][8]. Праз год падняўся на 7-е месца ў агульным заліку, прыняты ў праграму разьвіцьця Рэно(d). У канцы году сышоў з праграмы разьвіцьця дзеля выступаў у Формуле-3[9].
З прычыны дарожна-транспартнага здарэньня дэбют у Эўрасэрыі адбыўся толькі 21 чэрвеня 2003 року за каманду «Прэма»[10]. Паўдзельнічаўшы ў 14 гонках сэзону, заняў у выніку 12-е месца[11].
У 2004 року выступаў у Эўрасэрыі за нямецкую «Мюке Мотаспорт». Па выніках чэмпіянату заняў 7-е месца[12].
На пачатку 2005 року здабыў тытул чэмпіёна Польшчы ў відэагульні Colin McRae Rally 2005[13][14]. Сэзон пачаў за басконскую каманду «Эпсылён Эўскадзі» ў Формуле V8 3.5[15]. Здабыў чэмпіёнства ў асабістым заліку і разам з партнэрам Фэліксам Партэйра — Кубак канструктараў для каманды.
Формула-1
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У верасьні 2005 атрымаў запрашэньне далучыцца да каманды Формулы-1 «Мінардзі», аднак ня здолеў атрымаць супэрліцэнзіі Міжнароднай аўтамабільнай фэдэрацыі, неабходнай для кіраваньня балідам. У канцы году падпісаў кантракт з БМВ Заўбэр, дзе меў стаць трэцім (тэставым) пілётам. Дэбютам у гонцы Формулы-1 стала Гран-пры Вугоршчыны 2006 году, дзе Робэрт Кубіца замяніў траўмаванага Жака Вільнёва[16]. Скончыў выперадкі на 7-м месцы[17], аднак быў дыскваліфікаваны за недастатковую масу баліду. Пасьля сыходу Жака Вільнёва з каманды стаў ейным другім пілётам. 10 верасьня на Гран-пры Італіі 2006 году, стартаваўшы з 6-га месца, фінішаваў 3-м[18], здабыўшы свае першыя пункты ў Формуле-1. Дэбютны сэзон скончыў на 16-м месцы[7].
У 2007 року працягнуў выступ за БМВ Заўбэр разам зь Нікам Гайдфэльдам. 10 чэрвеня ў часе Гран-пры Канады 2007 году на 27-м коле сутыкнуўся з аўтамабілем Ярна Трулі, вылецеў з трасы і на хуткасьці 230 км/г уляцеў у бэтонную агароджу. Пасьля гэтага балід пераляцеў праз трасу і яшчэ раз ударыўся ў процілеглую сьцяну. Аднак сам кіроўца абышоўся толькі лёккім страсеньнем мозгу і вывіхам косткі, ды ўжо наступнага дня быў выпісаны з шпіталю; тым ня меней, быў вымушаны прапусьціць наступнае Гран-пры. Скончыў сэзон на 6-м месцы ў агульным заліку.
16 сакавіка 2008 року на Гран-пры Аўстраліі 2008 году упершыню стартаваў зь першай лініі, здабыўшы ў кваліфікацыі 2-е месца. Гонку скончыць ня здолеў, бо быў выбіты з трасы Кадзукі Накадзімам[19]. 5 красавіка ў кваліфікацыі да Гран-пры Бахрэйну 2008 году здабыў сваю першую поўл-пазыцыю, якая стала першай і ў гісторыі каманды «БМВ Заўбэр». Гонку скончыў на 3-м месцы. 8 чэрвеня на Гран-пры Канады 2008 году стартаваў з 2-га месца, а дзякуючы сыходам супернікаў упершыню здабыў перамогу ў Гран-пры[20], які стаў першым трыюмфам і гоначнікаў з рэгіёну Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, і каманды «БМВ Заўбэр»[21]. Пасьля гэтага этапу займаў 1-е месца ў агульным заліку чэмпіянату[22]. Скончыў сэзон на 4-й пазыцыі.
У сэзоне 2009 року набылі моц зьмены тэхнічнага рэглямэнту чэмпіянату Формулы-1. Робэрт Кубіца, які лічыўся адным з фаварытаў спаборніцтваў, выступаў нездавальняючы пераважна з прычыны тэхнічных праблемаў. У сярэдзіне сэзону кампанія «БМВ Заўбэр» абвясьціла пра сыход з гонак з наступнага сэзону. 7 кастрычніка 2009 року Кубіца падпісаў кантракт з «Рэно». Адзіны свой подыюм сэзону здабыў на Гран-пры Бразыліі 2009 году (2-е месца). Яго скончыў на 14-м месцы.
Напарнікам паляка ў камандзе «Рэно» стаў расеец Віталь Пятроў. Каманда цалкам зьмяніла ў міжсэзоньні склад пілётаў, да таго ж страціла галоўных спонсараў, стаўшыся вінаватай у г. зв. «крашгейце(d)». У тэхнічны рэглямэнт гонак таксама былі ўнесеныя чарговыя зьмены. Першыя пункты для новай каманды зарабіў на Гран-пры Аўстраліі 2010 году (2-е месца), заразом здабыўшы свой дзясяты подыюм. Цэлы сэзон змагаўся зь Ніка Росбэргам за 7-е месца ў агульным заліку, аднак у выніку саступіў яму 5 пунктаў, скончыўшы сэзон на 8-м месцы.
6 лютага 2011 року падчас спэцыяльнай гонкі «Ронда Андоры», едучы аўтамабілем Škodą Fabią S2000 Evo2 каманды «DP Autosport», Кубіца левым бортам ударыўся ў бар’ерную агароджу. Ягоны партнэр Якуб Гербэр выбраўся з аўтамабілю ўласнымі сіламі, а дзеля Кубіцы давялося расьпілоўваць каркас аўто. Ён займеў шматлікія пераломы правай рукі і ногі ды пашкоджаньне костак рукі[23]. Але быў як найхутчэй праапэраваны і выведзены з штучнай комы. Пасьля гэтага праходзіў шматмесячную рэабілітацыю.
Ралі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]9 верасьня 2012 року вярнуўся да ўдзелу ў ралійных гонках. З сакавіка 2013 року далучыўся да спаборніцтваў Чэмпіянату сьвету па ралі ў клясе WRC2 і заняў па выніках году 13-е месца з 32 пілётаў.
У сэзоне 2014 року выступаў за каманду «М-Спорт», заняўшы 16-е месца. У сэзоне-2015 стартаваў у прыватнай камандзе RK WRT па-за залікам чэмпіянату сьвету; зь ёй удзельнічаў у розных спаборніцтвах цягам двух гадоў.
Формула-Э, Формула-1
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2017 року выказаў жаданьне вярнуцца да рэгулярных гоначных спаборніцтваў. Паўдзельнічаў у тэстах балідаў Формулы-Э і Формулы-1 розных камандаў. З 2018 року стаў рэзэрвовым кіроўцам каманды «Ўільямз», а праз год стаў ейным асноўным гоначнікам. Аднак у той час ужо ніхто, улучна з самім Робэртам, не лічыў «Ўільямз» канкурэнтаздольнай камандай[24]. За сэзон-2019 Кубіца набраў 1 пункт у Гран-пры Нямеччыны 2019 году дзякуючы сходам 7 аўтамабіляў і штрафам абодвум пілётам «Альфа Рамэо». У канцы сэзону сышоў зь «Ўільямзу».
У 2020 стаў рэзэрвовым кіроўцам каманды «Альфа Рамэо». У 2021 паўдзельнічаў у двух Гран-пры замест хворага на Ковід-19 Кімі Райкенэна. У Гран-пры Нідэрляндаў 2020 году заняў 15-е месца, у Гран-пры Італіі 2020 году — 14-е.
LMP2
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 2021 року перайшоў у гонкі Эўрапейскай сэрыі Ле-Ману на прататыпы LMP2 бэльгійскай каманды «W Racing Team». Каманда ў агульным заліку стала чэмпіёнкай сэрыі.
У 2022 року перайшоў у каманду Прэма Рэйсінг, зь якой стаў 5-м у агульнакамандным заліку Чэмпіянату сьвету па гонках на вытрываласьць.
У 2023 у тым жа чэмпіянаце, выступаючы за каманду «W Racing Team», заняў 1-е месца ў камандным заліку.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Robert Kubica - WRC
- ^ а б в г д Statsf1.com
- ^ а б Kierowcy: Robert Kubica (пол.) Wyprzedź mnie! f1wm.pl Праверана 2009-10-07 г.
- ^ Gutowski, Cezary Początek drogi // Robert Kubica – Moja pasja. — Agora, 2008. — С. 39–41. — ISBN 9788375523751
- ^ Robert Kubica > Osiągnięcia w całej karierze (пол.) Wyprzedź mnie! F1wm.pl Праверана 2011-08-07 г.
- ^ Gutowski, Cezary Nowy dom — Włochy // Niezniszczalny. Niesamowita historia Roberta Kubicy. — Warszawa: Ringier Axel Springer Polska, 2019. — С. 30. — (Biblioteka Przeglądu Sportowego). — ISBN 9788380916937
- ^ а б Race Driver Database: Robert Kubica (анг.) Speedsport Magazine Праверана 2014-07-13 г. Архіўная копія ад 2012-06-12 г.
- ^ 2001 Formula Renault Eurocup (анг.) Speedsport Magazine Праверана 2014-07-13 г. Архіўная копія ад 2013-11-02 г.
- ^ Gutowski, Cezary Poker, rajdy i strach // Robert Kubica – Moja pasja. — Agora, 2008. — С. 20. — ISBN 9788375523751
- ^ Formula 3 Euro Series > 2003 > Norisring 1 (пол.). Wyprzedź mnie! F1wm.pl. Праверана 2011-08-07 г.
- ^ Inne serie > Robert Kubica (пол.). Wyprzedź mnie! F1wm.pl. Праверана 2011-08-08 г.
- ^ Inne serie > Formula 3 Euro Series > Robert Kubica > Rezultaty w sezonie 2004 (пол.). Wyprzedź mnie! F1wm.pl. Праверана 2011-08-08 г.
- ^ Kubica tworzy historię (пол.). F1Ultra. Праверана 2014-01-09 г. Архіўная копія ад 2014-01-09 г.
- ^ Gutowski, Cezary Poker, rajdy i strach // Robert Kubica – Moja pasja. — Agora, 2008. — С. 16. — ISBN 9788375523751
- ^ Robert Kubica podpisał kontrakt z zespołem Epsilon Euskadi (пол.). Wyprzedź mnie! F1wm.pl. Праверана 2011-08-08 г.
- ^ Grand Prix Węgier Formuły 1 – Robert Kubica wystartuje! (пол.). V10.pl. Праверана 2011-08-08 г.
- ^ Kubica siódmy w debiucie na Hungaroring! (пол.). V10.pl. Праверана 2011-08-08 г.
- ^ F1 > GP Włoch 2006 > Szczegółowy opis wyścigu (пол.). Wyprzedź mnie! F1wm.pl (2006-09-10). Праверана 2011-08-10 г.
- ^ Lewis Hamilton zwycięzcą pierwszego wyścigu w sezonie 2008 (пол.). Wyprzedź mnie! F1wm.pl. Праверана 2011-09-06 г.
- ^ 2008 FIA Formula 1 World Championship > Complete Qualifying and Race Results (анг.). Speedsport Magazine. Праверана 2011-08-11 г.
- ^ GP Kanady: Dziennik Kubicy, niedziela (пол.). F1Ultra. Праверана 2011-08-16 г. Архіўная копія ад 2013-11-02 г.
- ^ F1 > GP Kanady 2008 > Punktacje po wyścigu (пол.). Wyprzedź mnie! F1wm.pl. Праверана 2011-08-16 г.
- ^ Włochy: poważny wypadek Kubicy, trwa operacja Polaka (пол.). Onet.pl. Праверана 2011-02-06 г.
- ^ Robert Kubica: Nie da się odzyskać straconego czasu | Formuła 1 (пол.). Przegląd Sportowy (2019-02-27). Праверана 2019-03-01 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Профіль на афіцыйнай бачыне Чэмпіянату сьвету па гонках на вытрываласьць МФА (анг.) fiawec.com Праверана 3 траўня 2024 г.
- Нарадзіліся 7 сьнежня
- Нарадзіліся ў 1984 годзе
- Нарадзіліся ў Кракаве
- Польскія ралісты
- Гоначнікі чэмпіянату сьвету па картынгу
- Гоначнікі Формулы-Рэно 3.5
- Гоначнікі Эўрасэрыі Формулы-3
- Гоначнікі Эўракубку Формулы-Рэно
- Гоншчыкі Формулы-3
- Гоначнікі Формулы-Рэно
- Кіроўцы „Заўбэру“ ў Формуле-1
- Кіроўцы „Рэно“ ў Формуле-1
- Кіроўцы „Ўільямзу“ ў Формуле-1
- Кіроўцы „Альфа-Рамэо“ ў Формуле-1
- Гоначнікі 24 гадзінаў Ле-Ману
- Гоначнікі чэмпіянату сьвету на вытрываласьць
- Гоначнікі Эўрапейскай сэрыі Ле-Ману
- Гоначнікі Нямецкіх майстроў крытых аўтамабіляў
- Польскія гоначнікі Формулы-1
- Пераможцы Гран-пры Формулы-1