Перайсьці да зьместу

Пётар Скарга

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Пётр Скарга»)
Пётар Скарга. Невядомы мастак

Пё́тар Ска́рга гербу «Павенза» (2 лютага 1536, Груец, Каралеўства Польскае — 27 верасьня 1612, Кракаў, Рэч Паспалітая; сапраўднае імя Пётар Павенскі) — езуіт, прапаведнік, агіёграф, палемік, адметная фігура Контрарэфармацыі ў Рэчы Паспалітай. За свае аратарскія здольнасьці атрымаў мянушку «польскі Басюэ».

Нарадзіўся ў Груецы, дзе атрымаў першапачатковую адукацыю. Пасьля скончыў Кракаўскую акадэмію (1555), працаваў хатнім настаўнікам. У 1563 прымацаваны да катэдры ў Львове. Пасьля вывучэньня тэалёгіі ў Італіі (1568—1570) далучыўся да Таварыства Езуса. Пачаў місіянэрскую дзейнасьць у Пултуску, Ярославе і Плоцку, горача выступаў супраць Рэфармацыі. Падчас вандроўкі на Літву навярнуў некалькі шляхецкіх родаў, у тым ліку Радзівілаў.

«Казаньне Скаргі». Карціна Яна Матэйкі, 1862, палатно, алей, 224 × 397 см

Стаў першым рэктарам Віленскай езуіцкай акадэміі (1579—1584). Арганізаваў Полацкі езуіцкі калегіюм і быў ягоным рэктарам (1582—1586). Заснаваў калегіюмы ў Рызе і Дэрпце. 3 1584 — у створаным езуіцкім коледжы ў Кракаве. На працягу 25 гадоў (з 1588) прыдворны прапаведнік караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы. Ініцыятар і прапагандыст Берасьцейскай уніі 1596 року.

Аўтар рэлігійна-палітычных твораў: «Пра еднасьць Божай царквы» (1577), «Жыцьці сьвятых» (1579, 8 перавыданьняў пры жыцьці), «Берасьцейскі сынод» (1597), «Соймавыя казаньні» (1600, апублікаваныя пасьмяротна), «Жаўнерскія набажэнствы» (1606), «На трэны і лямант Тэафіла Арталёга» (1610) і інш.

У ХІХ ст. П. Скарга разглядаўся польскай інтэлігенцыяй як прарок трагічнага лёсу краіны. Яму прысьвечана вядомая карціна Яна Матэйкі «Казаньне Скаргі» (1864).

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]