Перайсьці да зьместу

Пётар Жылінскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пётар Жылінскі
Пётар Жылінскі
Род дзейнасьці прэлат, адміністратар Віленскае дыяцэзіі
Дата нараджэньня 1817
Узнагароды
ордэн сьвятой Ганны 2-й ступені зь мечамі й імпэратарскай каронай ордэн сьвятога Станіслава II ступені з імпэратарскай каронай Мэдаль за здушэньне польскага мецяжу

Пётар Жылінскі (1817—1887) — рымска-каталіцкі дзяяч, доктар багаслоўя.

Сьвятар ад 1842 году. Пробашч Віленскае Вастрабрамскае парафіі. Прэлат прэпазыт Віленскае катэдры, афіцыял кансысторыі. У 1866 і ў 1868—1883 гадах адміністратар Віленскае дыяцэзіі ў сувязі з ссылкай у Вятку біскупа Адама Станіслава Красінскага. Выявіў сябе як актыўнага прыхільніка русыфікацыі касьцёлу. Бліжэйшымі памагатымі яму ў гэтай справе былі ксяндзы Эдвард Тупальскі, Антоні Нямекша й Фэрдынанд Сенчыкоўскі. У лістападзе 1869 году падчас аўдыенцыі ў Аляксандра ІІ заявіў, што зьяўляецца сапраўдным патрыётам Расеі і гатовы ўсім ахвяраваць дзеля Айчыны і цара. У 1871 годзе даў дазвол на выданьне расейскамоўнага катэхізму «Рымска-каталіцкі катэхізіс пра паслухмянасьць і адданасьць прастолу і Айчыне нашай Расеі або тлумачэньне 4-й запаведзі Госпада, якая датычыць начальства і яго ўлады». У 1876 годзе для паскарэньня русіфікацыі касьцёлаў былое Менскае дыяцэзіі падзяліў яе на два візытатарствы — Менскае й Слуцкае на чале з Фэрдынандам Сенчыкоўскім і Янам Юргевічам адпаведна. Палітыка адміністратара выклікала рэзкі супраціў вернікаў і сьвятароў. 23 студзеня 1878 году Жылінскі атрымаў ліст ад кардынала Кацерыні, у якім Ватыкан абвінавачваў яго ў самавольным уступленьні ў кіраваньне дыяцэзіяй, а таксама ў спробах пазбыцца лепшых ксяндзоў і ўвесьці ў касьцёл расейскую мову. Рым патрабаваў ліквідацыі пасадаў візытатараў. Напрыканцы 1882 году Пётар Жылінскі выехаў у Ватыкан, дзе адрокся ад ранейшых «памылак» і атрымаў адпушчэньне грахоў.

Узнагароджаны Ордэнам сьвятой Ганны 2-й ступені з імпэратарскай каронай, Ордэнам сьвятога Станіслава 2-й ступені з імпэратарскай каронай, залатым нагрудным крыжом, крыжом і мэдалём у гонар Крымскае вайны 1853—1856 і мэдалём у гонар задушаньня паўстаньня 1863—1864 гадоў.

  • Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. / Пад рэд. С. Куль-Сяльверставай. — Гродна: ГрДУ, 2001. — 322 с. ISBN 985-417-345-1.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]