Пшаніца (род)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Пшаніца (па-лацінску: Triticum) — род кветкавых расьлінаў сямейства мятлюжкавых. Каля 30 відаў, зь якіх 12 эндэмічныя для Пярэдняй Азіі. Адзін з цэнтраў паходжаньня пшаніцы — Закаўказьзе Найбольш пашыраны старажытныя збожжавыя культуры, асноўны прадукт харчаваньня амаль трэці насельніцтва зямнога шару пшаніца цьвёрдая (па-лацінску: T. durum) і найбольш урадлівая пшаніца мяккая, або звычайная (па-лацінску: T. aestivum). Маюць больш за 4 тыс. сартоў, азімыя і яравыя формы. На Беларусі вырошчваецца пераважна пшаніца мяккая.

Аднагадовыя травы вышынёй 40-200 см (вышыня вызначае ўстойлівасьць да паляганьня і зьвязана з урадлівасьцю). Каранёвая сыстэма валасьніковая. Сьцябло — прамастойная, полая або запоўненая парэнхімай саломіна. Лісьце лінейнае. Кветкі двухдольныя, аднадомныя, няправільныя, сабраныя ў суквецьце — складаны колас. У пшаніцы цьвёрдай каласкі разьмешчаны на стрыжні шчыльна, у мяккай — рыхла. Плод — зярняўка. Зерне, голае або плевачнае, белае, чырвонае ці фіялетавае, мучністае або шклопадобнае, падоўжанай ці шарападобнай формы з барадзёнкай на баку. Мае ў сабе да 30% бялку, 60—64% вугляводаў, 2% тлушчу, вітаміны, фэрмэнты, мінэральныя рэчывы і іншае. Па хлебапякарных уласьцівасьцях адрозьніваюцца слабыя, сярэднія і моцныя сарты пшаніцы мяккай. Зь зерня пшаніцы атрымліваюць муку, крупы, крухмал, сьпірт. Вотруб'е іншыя адходы памолу — канцэнтраваны корм, сыравіна для камбікормавай прамысловасьці. Салома — грубы корм і подсьціл для жывёлы, выкарыстоўваецца таксама ў вытворчасьці паперы, кардону, упаковачнага матэрыялу, для пляценьня кошыкаў, капялюшаў, дэкаратыўных вырабаў. Зялёная маса скармліваецца жывёле.

На Беларусі пшаніца вядома з 6-8 стагодзьдзяў: апаленае зерне знойдзена на гарадзішчах Бранцаўскае Менскага раёну і Загорцы Гарадоцкага раёну Віцебскай вобласьці. Вырошчваюцца 15 сартоў азімай і каля 12 сартоў яравой пшаніцы (у 2000 годзе). Культывуюцца сарты мясцовай сэлекцыі, атрыманыя ў Беларускім НДІ земляробства і кармоў Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, азімай пшаніцы: Бярэзіна, Каравай, Капылянка, Пошук і іншыя; яравой пшаніцы: Беларуская 80, Ленінградка, Ростань і іншыя.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Прохараў, В. М. Пшаніца // БЭ. Т. 13. — Менск, 2001 С. 148

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Пшаніца (род)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў