Помнік князю Альгерду (Віцебск)
Помнік кня́зю Альге́рду ў Ві́цебску — конная скульптура на Рынкавым пляцы ў Віцебску, першы і адзіны помнік вялікаму князю літоўскаму Альгерду ў Беларусі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ідэя ўсталяваць помнік князю Альгерду ўзьнікла ў віцебскіх уладаў яшчэ ў 2010 годзе. Конкурс на лепшую мадэль помніку выйграў скульптар Валер Магучы. У 2011 годзе насупраць Сьвята-Ўваскрасенскае царквы ўсталявалі пастамэнт для будучае кампазыцыі, што пуставаў тры гады[1].
Калі помнік аўтарства Магучага быў ужо нават адліты, манумэнт адпрэчыла Міністэрства культуры Беларусі. У выніку гэтую працу даручылі менскаму скульптару Сяргею Бандарэнку, які ў кароткі тэрмін — за 7 месяцаў — стварыў другую вэрсію помніку. Пры гэтым прыйшлося павялічыць сам пастамэнт для помніка, бо папярэдні варыянт скульптуры, аўтарства Магучага, быў меншы[1].
Помнік быў усталяваны на Рынкавым пляцы ў Віцебску насупраць Сьвята-Ўваскрасенскае царквы 24 чэрвеня 2014 году. Урачыстае адкрыцьцё коннае скульптуры адбылося 27 чэрвеня 2014 падчас сьвяткаваньня 1040-годзьдзя Віцебску[1].
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Конны помнік князю створаны менскім скульптарам Сяргеем Бандарэнкам і адліты на полацкім прадпрыемстве «Тэхналіт»[1].
Помнік арыентаваны на ўсход і адлюстроўвае конна вялікага князя літоўскага і віцебскага Альгерда ў дасьпехах, але зь непакрытай галавой. Конь пад князем ідзе алюрам. З выцягнутай правай рукі князя зрываецца ў палёт сокал — сымбаль княжай улады[2].
Помнік важыць каля 3,5 тоны, вышыня скульптуры складае 3,6 мэтры, пастамэнта — 2,8 мэтры[1].
Альгерд і Віцебск
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1318 годзе Альгерд ажаніўся з дачкой віцебскага князя Яраслава Ўладзімеравіча Марыяй[3]. Калі ў 1320 годзе віцебскі князь памёр, Віцебскае княства адышло па спадчыне ягонаму зяцю. Такім чынам, шляхам дынастычнага шлюбу Віцебск і Віцебскае княства ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага[2].
Дзейнасьць князя Альгерда была скіраваная на ўмацаваньне й разьвіцьцё гораду. У адпаведнасьці з найноўшымі эўрапейскімі дасягненьнямі Віцебск быў абнесены мураванымі фартыфікацыйнымі збудаваньнямі. Каменнымі сьценамі з абарончымі вежамі былі ўмацаваныя Ніжні ды Верхні замкі, у апошнім Альгердам пабудаваны княжацкі палац. За пэрыяд ягонага княжаньня Віцебск ператварыўся ў важны фарпост Вялікага Княства Літоўскага на ўсходніх межах. Князем і княгіняй Марыяй Яраслаўнай была ўзьведзеная царква Сьвятога Духу ў Заручаўі, а таксама адрамантаваная Дабравешчанская царква XII стагодзьдзя.
Альгерд праявіў сябе як таленавіты палітык і войт. У міры й сяброўстве жыў з братам Кейстутам, які фактычна выступаў суправіцелем. Разам браты пасьпяхова супрацьстаялі націску крыжакоў. Альгерд працягваў палітыку свайго бацькі Гедзіміна на ўсходзе, актыўна пашыраў межы дзяржавы за кошт усходнеславянскіх земляў. Зьдзейсьніў тры знакамітыя паходы на Маскву (1368, 1370, 1372). Перамога ў бітве на Сініх Водах у 1362 годзе паклала пачатак вызваленьню земляў Русі ад ардынскага панаваньня. Пры Альгердзе ўсе беларускія землі апынуліся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Князь Ольгерд вернулся в Витебск под ливень с градом. Как устанавливали монумент в честь исторического деятеля. tut.by. (рас.)
- ^ а б У Віцебску ўсталявалі помнік князю Альгерду + гутарка са скульптарам Сяргеем Бандарэнкам. Наша Ніва.
- ^ Витебский облисполком рассказал о князе Ольгерде. Народныя навіны Віцебску. (рас.)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Марэк Фігура, Лукаш Стаськевіч. Помнік князю Альгерду ў Віцебску як элемент гістарычнай палітыкі Беларусі // Беларускі Гістарычны Агляд. — Том 23. — Сшыткі 1—2 (44—45). — Сьнежань 2016. — С. 132—144.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- У Віцебску ўсталявалі помнік князю Альгерду + гутарка са скульптарам Сяргеем Бандарэнкам. Наша Ніва.
- Князь Ольгерд вернулся в Витебск под ливень с градом. Как устанавливали монумент в честь исторического деятеля. tut.by. (рас.)
Каардынаты: 55°11′40.35″ пн. ш. 30°12′20.93″ у. д. / 55.1945417° пн. ш. 30.2058139° у. д.