Польскі калідор
По́льскі калідо́р (па-нямецку: Polnischer Korridor, па-польску: Korytarz polski) — таксама называны паморскім, ґданьскім (хаця не належаў да тэрыторыі Вольнага Места Ґданьску), ці проста калідорам. Назоў, які распаўсюдзіўся ад нямецкай намэнклятуры ў 20-х гадох XX стагодзьдзя. Акрэсьліваў абшар польскага ваяводзтва паморскага. Напярэдадні вайны ў нямецкай прапагандзе называлі гэты рэгіён тым, што падзяляе Ўсходнюю Прусію ад рэшты Нямеччыны.
Нямецкае акрэсьленьне польскай тэрыторыі як «калідору» скрытыкаваў у сваёй прамове 5 траўня 1939 на пленарнай сэсіі Сойму РП тагачасны міністар замежных справаў Юзэф Бэк[1].
У Польшчы гэты абшар называлі «польскім Памор’ем» — тэрыторыяй, што злучала краіну з Балтыйскім морам. У міжваеннай Рэчы Паспалітай гэта быў адміністрацыйны раён Паморскага ваяводзтва. Паўстаў 28 чэрвеня 1919 году згодна з артыкулам 13 «Чатырнаццаці пунктаў Ўілсана». У ягоны склад увайшлі тэрыторыі былых прускіх правінцыяў Заходняй Прусіі (па-нямецку: Westpreußen) і пазнанскай правінцыі (па-нямецку: Posen), створаных зь земляў, адабраных у Польшчы Прусіяй падчас падзелу Рэчы Паспалітай у XVIII стагодзьдзі. Афіцыйны пераход гэтых земляў да Польшчы адбыўся 20 студзеня 1920.