Пецярбурская дамова аб зоне вольнага гандлю
Пецярбурская дамова аб ЗВГ | |
---|---|
Пецярбурская дамова аб зоне вольнага гандлю 2011 году | |
Тып дамовы | міжнароднае пагадненьне |
Падпісаная • месца |
18 кастрычніка 2011 Санкт-Пецярбург (Расея) |
Набыла моц • умовы |
20 верасьня 2012 Бязмытны гандаль, узаемны допуск да дзяржаўных закупаў, неабмежаваньне грашовых пераводаў і плацяжоў |
Тэрмін дзеяньня | неабмежаваны |
Бакі | Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кыргыстан, Малдова, *Расея, Узбэкістан, *Украіна |
Месца захаваньня | Менск (Беларусь)[1] |
Статус | дзейная |
Мова | расейская |
Сайт | cis.minsk.by |
Пецярбурская дамова аб зоне вольнага гандлю — шматбаковае міжнароднае пагадненьне, падпісанае 8 дзяржавамі Сярэдняй Азіі ды Ўсходняй Эўропы, у тым ліку Беларусьсю, у Пецярбургу (Расея) 18 кастрычніка 2011 году на расейскай мове. Складалася з 25 артыкулаў. Замяніла сабою Маскоўскае пагадненьне аб стварэньні зоны вольнага гандлю ад 15 красавіка 1994 году. Набыла моц 20 верасьня 2012 г. між Беларусьсю, Расеяй і Ўкраінай. Да канца году дамову зацьвердзілі Армэнія (17 кастрычніка), Казахстан (8 сьнежня) і Малдова (9 сьнежня). 13 сьнежня 2013 г. далучыўся Кыргыстан. 12 студзеня 2014 г. — Узбэкістан. 16 сьнежня 2015 г. расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падпісаў Указ № 628 «Аб прыпыненьні Расейскай Фэдэрацыяй дзеяньня Дамовы аб зоне вольнага гандлю ў дачыненьні Ўкраіны» з 1 студзеня 2016 году[2].
Умовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Паводле Артыкула 2 Дамовы ўрады-ўдзельнікі абавязваліся скасаваць між сабой мыты на вываз і ўвоз тавараў. Артыкулам 3 забаранялася колькаснае абмежаваньне на ўзаемны вываз і ўвоз тавараў. Артыкул 6 прадугледжваў заканадаўчае наданьне таварам зь дзяржаваў-удзельніцаў і іх пастаўнікам ня горшых умоваў для дзяржаўнага закупу, чымся ўсялякім іншым таварам і пастаўнікам.
Паводле Арт. 7 бакі Дамовы надавалі правозімым празь землі адзін аднаго таварам ня горшыя ўмовы, чымся правозімым інакш таварам. Артыкул 8 абавязваў вызваляць тавар зь дзяржавы-ўдзельніцы ад адмысловага ахоўнага мыта, калі адначасна: 1) тая дзяржава застаецца па-за пяцёркай найбуйнейшых пастаўнікоў тавара цягам папярэдніх трох год; 2) абсяг і дзель увозу тавару з той дзяржавы расьлі папярэднія тры гады марудней, чымся зь іншых дзяржаваў; 3) цана ўвозімага з той дзяржавы тавару на ўнутраным рынку сягае роўню цаны айчыннага таваравытворцы.
Паводле Арт. 10 урады-ўдзельнікі абавязваліся штогод паведамляць адзін аднаму аб агульнай суме і разьмеркаваньні дзяржаўнай дамапогі прадпрыемствам. Артыкул 13 прадугледжваў скасаваньне абмежаваньня грашовых пераводаў і плацяжоў за пастаўкі тавараў ва ўзаемным гандлі. Артыкулам 14 забаранялася абмежаваньне плацяжоў і пераводаў у тых замежных валютах, што не ўваходзілі ў склад запасаў дзяржавы-ўдзельніцы.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Устава на Выканаўчы камітэт СНД(рас.) // Выканаўчы камітэт СНД, 21 чэрвеня 2000 г. Праверана 14 жніўня 2013 г.
- ^ Дзяніс Лаўнікевіч. Каму вайна, а каму выгоды // Газэта «Новы час», 5 студзеня 2017 г. Праверана 7 лютага 2017 г.