Пераварот 9 верасьня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пераварот 1944 году
Деветосептемврийски преврат
Партызаны НВПА ўваходзяць у Плоўдзіў (9 верасьня 1944)
Дата: 9 верасьня 1944
Месца: Баўгарскае царства
Вынік: перамога Айчыннага фронту
Супернікі
Сьцяг краіны або тэрыторыі З падтрымкай:
Трэці райх Нямеччына
Айчынны фронт З падтрымкай:
СССР СССР
Камандуючыя
Сьцяг краіны або тэрыторыі князь Кірыл  Пакараны сьмерцю
Сьцяг краіны або тэрыторыі Богдан Філаў  Пакараны сьмерцю
Сьцяг краіны або тэрыторыі Нікала Міхаў Пакараны сьмерцю
Сьцяг краіны або тэрыторыі Канстантын Мураўёў
Георгі Дзімітраў
Васіл Калараў
Кіман Георгіеў
Іван Марынаў(d)
Дамян Вэлчаў

Пераваро́т у Баўга́рыі 1944 ро́ку, таксама Пераварот 9 ве́расьня (па-баўгарску: Деветосептемврийски преврат) — дзяржаўны пераварот, які адбыўся 9 верасьня 1944 року і скінуў кіраўніцтва Царства Баўгарыі. За савецкім часам ў дачыненьні перавароту ўжываўся прапагандысцкі тэрмін Народнае паўстаньне 9 верасьня, бо ў ягоным выніку ў краіне ўсталяваўся сацыялізм[1].

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

26 жніўня 1944 року ўрад Івана Багранава на словах абвясьціў нэўтралітэт Баўгарыі, асьцерагаючыся наступу Чырвонай арміі ў суседняй Румыніі. У той самы час эгіпецкі ўрад пачаў сэпаратныя перамовы зь Вялікабрытаніяй і ЗША, спадзеючыся, што тыя разьмясьцяць у Баўгарыі свае войскі. Таго ж дня Цэнтральны камітэт Баўгарскай работніцкай партыі (БРП) назваў сваёй мэтай захоп улады шляхам збройнага паўстаньня.

2 верасьня 1944 року апазыцыйная партыя Баўгарскага земляробчага народнага зьвязу (БЗНЗ) сфармавала новы ўрад на чале з Канстантынам Мураўёвым. Ён працягнуў мірныя перамовы, абвясьціў падтрымку дэмакратычных рэформаў і запатрабаваў вываду з краіны нямецкіх войскаў. Аднак партызанскія дзеяньні не спыніліся, хаўрус з Нацысцкай Нямеччынай ня быў скасаваны, не было спробаў нармалізацыі стасункаў з СССР, таму з Масквы паглядалі на новую ўладу зь недаверам. 5 верасьня Савецкі Саюз абвясьціў Баўгарыі вайну.

Хада падзеяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

ЦК БРП і Генэральны штаб Народна-вызвольнай паўстанцкай арміі(d) (НВПА) пачалі рыхтаваць плян паўстаньня на 9 верасьня. Мэтай называлася «скіданьне фашысцкай улады і ўсталяваньне народна-дэмакратычнага ўраду Айчыннага фронту». 6-7 верасьня пачаліся штрайкі шахтараў Пэрніку і трамвайных работнікаў Сафіі, а таксама ўсеагульныя страйкі ў Плоўдзіве і Габраве. З турмаў у Плевэне, Варне ды Сьлівэне выпусьцілі палітвязьняў; за 6-8 верасьня партызанскія аддзелы занялі 170 населеных пунктаў. Шмат дзе мітынгі і штрайкі перайшлі ў сутычкі з паліцыяй.

8 верасьня Чырвоная армія ўвайшла ў Баўгарыю, не сустрэўшы супраціву. Разам з аддзеламі Айчыннага фронту вайскоўцы захапілі ключавыя ўстановы Сафіі: міністэрствы абароны і ўнутраных справаў, пошту, тэлеграф, радыё і чыгуначны вакзал.

9 верасьня на загад галоўнакамандуючага Добры Тэрпэшава партызаны НВПА захапілі ўладу ў розных населеных пунктах, практычна нідзе не сустрэўшы супраціву. У Сафіі, Плоўдзіве, Пэрніку, Шумэне ды Хаскаве адбыліся ўзброеныя сутычкі з прыхільнікамі старога рэжыму. Найпазьней захоп улады адбыўся ў Хаскаве: 12 верасья партызаны авалодалі артылерыйскімі кашарамі, панесшы вялікія страты.

Чырвоная Армія да 9 верасьня яшчэ не дайшла да сталіцы, аднак баўгарскія камуністы справіліся ўласнымі сіламі.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Айчынны фронт сфармаваў новы ўрад з прадстаўнікоў БРП, БЗНЗ, Работніцкай сацыял-дэмакратычнай партыі (шырокіх сацыялістаў)(d) і Зьвяна. Новыя ўлады арыштавалі ранейшага прэм’ер-міністар Канстантына Мураўёва, рэгентаў цара Сімяона II, сябраў ураду і некаторых высокапастаўленых вайскоўцаў. Пазьней князя Кірыла, Богдана Філава і Нікалу Міхава расстралялі. 10 верасьня была распушчаная паліцыя, замест якой створаная міліцыя пераважна з партызанаў. З турмаў вызваленыя 8130 палітычных вязьняў; закрытыя канцлягеры Гонда вода(d), Крэстаполе(d), Сьвяты Кірык(d); забароненыя фашысцкія арганізацыі.

Урад Кімана Георгіева ў сьнежні 1944 року заснаваў Народны суд, каб пакараць асобаў, адказных за Другую сусьветную вайну. Гэты орган стаў адным з галоўных чыньнікаў тэрору, што прайшоў у краіне. За першыя чатыры месяцы камуністычны рэжым зьнішчыў ад 10 да 40 тысячаў чалавек.

8 верасьня 1946 року адбыўся рэфэрэндум пра далейшы лёс манархіі, па выніках якога Баўгарыя была абвешчаная Народнай рэспублікай. У 1947 року замест Тырнаўскай была прынятая новая канстытуцыя.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^  Voskresenski, Valentin Violent Resistance. — Brill Schöningh. — P. 388–425. — ISBN 978-3-657-70304-3