Перайсьці да зьместу

Пасланьне да рымлянаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кніга Новага Запавету

Пасланьне да рымлянаў


Гістарычныя кнігі
Дыдактычныя кнігі
Прароцкія кнігі

Пасланьне да рымлянаў — адно з пасланьняў апостала Паўла, якое ўваходзіць у сьпіс кнігаў Новага Запавету. Паводле заходняй традыцыі знаходзіцца пасьля Дзеяў Сьвятых Апосталаў, паводле ўсходняй традыцыі пасьля Пасланьне Юды й перад Першым пасьланьнем да карынцянаў.

Выява апостала Паўла на фрэсцы з Рымскіх катакомбаў

Ліст адрасаваны хрысьціянам сталіцы Рымскай імпэрыі, гораду з больш чым мільённым насельніцтвам. І хаця з пачатку пропаведзі Эвангельля прайшло ўсяго некалькі дзесяцігодзьдзяў, у Рыме ўжо склалася даволі моцная хрысьціянская суполка.

Але ліст апостала па-свойму ўнікальны. Звычайна Павал пісаў лісты тым суполкам, якія засноўваў ці ён асабіста, ці ягоныя найбліжэйшыя супрацоўнікі. У дадзеным выпадку апостал піша ліст суполцы, зь якой ён асабіста незнаёмы. Нягледзячы на тое, што паданьне зьвязвае ўзьнікненьне царквы ў Рыме з імёнамі Пятра й Паўла, але на самой справе хрысьціяне зьявіліся ў Рыме шмат раней за прыбыцьцё апосталаў. Магчыма суполка ўтварылася пасьля таго, як габрэі з Рыму пачулі пропаведзь Пятра ў дзень Пяцідзясятніцы. Калі гэтак было насамрэч, то гісторыя існаваньня царквы к моманту прыбыцьця апосталаў Пятра й Паўла налічвала ўжо больш за 20 гадоў. У любым выпадку, к моманту напісаньня ліста суполка была шматлюднай, яна часткова складалася з габрэяў, але большая частка вернікаў былі былыя паганцы, што можна бачыць з аргумэнтаў, якія прыводзіць у сваім лісьце апостал.

Паколькі Рым быў самым вялікім горадам імпэрыі, то апостал шмат разоў меў намер навітаць сталіцу, але кожны раз акалічнасьці былі супраць яго. Але пасьля таго, як ён піша ў сваім лісьце, Павал «узьвесьціў Вестку ад Ерусаліму да самой Ілірыі», перад ім зноў паўстала мэта наведваньня Рыма. Згодна лісту, апостал вырашыў рушыць у місіянэрскую вандроўку ў Гішпанію, а на сваім шляху наведаць і Рым. Для гэтага Паўлу было патрэбна заручыцца падтрымкай Рымскай царквы, каб ён мог атрымаць дапамогу ў тым, што яму будзе неабходна ў сваім падарожжы.

З-за таго, што праца Паўла не адназначна ўспрымалася ў хрысьціянскіх суполках, асабліва сярод габрэйскіх вернікаў, ухвала ад рымскай суполкі была асабліва неабходнай. Акрама таго сталічная суполка была даволі ўплывовай.

І нягледзячы на тое, што апостал ня быў асабіста знаёмы са шматлікімі ейнымі сябрамі, ён ад іх ведаў пра праблемы, якія існавалі ў суполцы. Таму ў сваім лісьце ён вельмі далікатна дае парады па праву апостала паганцаў.

Арэст апостала Паўла — аўтара пасланьня

Зь ліста да хрысьціянаў Рыма пачынаецца сьпіс лістоў Паўла. Ён самы вялікі й, без сумневу, самы важны. Пасланьне да рымнянаў зрабіла найбольшы ўплыў на разьвіцьцё хрысьціянскай думкі й багаслоўя больш, чым любая іншая кніга ў Новым Запавеце.

З пасланьня Паўла найбольш падобны на яго Пасланьне да галятаў, але апошні напісаны ў эмацыйным і хуткім тоне, тады як тон пасланьня да рымлянаў лагодны й павольны. Аўтар пасьлядоўна крок за крокам выкладае свае думкі пра вернасьць Богу, Які даў нашчадкам Абраама выратаваньне праз пакутніцкую сьмерць на крыжы Свайго Адзінага Сына. У лісьце як нідзе выразна апісваюцца галоўныя тэмы багаслоўя Паўла: апраўданьне празь веру ў Ісуса Хрыста, а не праз справы Закона Майсея; выратаваньне даецца чалавецтву як падарунак, які нічым не заслужаны й нічым не выкліканы, акрамя бязьмежнай ласкі Божай; Радасная Вестка пра выратаваньне ад пагібелі цяпер больш не адносіцца толькі да габрэйскага народа, але перад сьветам Крыжа становяцца ўсе роўнымі: як габрэі, гэтак і паганцы.

Павал пачынае пасланьне са словаў пра тое, што ўсё чалавецтва зграшыла перад Богам. Паганцы пакланяючыся вобразам і выявам замест Творцы, страцілі магчымасьць адрозьніваць дабро ад зла, а таму дайшлі да крайняй формы распусты. Габрэі, ведаючы Божы Закон і лічучы сабе правымі перад Богам, тым ня менш парушаюць Закон, а таму перад Богам нічым ня лепш за паганцаў, якія ня ведаюць пра Божыя патрабаваньні да іх. Такім чынам, усё чалавецтва апынулася ва ўладзе граха. Моц граху настолькі моцная, што чалавек самастойна ня толькі ня можа пераадоліць такое становішча, але й ня хоча рабіць гэтага. Сумным вынікам такога становішча стала сьмерць людзей. Але Бог па Сваёй дабрыні замест пакараньня прапануе ўсім прабачэньне, і ўсе маюць магчымасьць атрымаць мір з Богам. Кожны, хто прымае празь веру Божую Ахвяру, атрымлівае магчымасьць жыць сьвятым і праведным жыцьцём. І зараз ён становіцца вольным ад рабства граху й сьмерці, ад патрабаваньняў плоцевай істоты.

У лісьце апостал зьвяртаецца да тэмы выключнасьці Божага народу, які меў перавагу перад паганцамі, але адверг волю Бога й ня прыняў Ягонага Сына. Аднак Павал, прылічаючы сабе да Ізраіля, упэўнены, што Бог застаўся верным Сваім абяцаньням і што Ізраіль адышоў ад Пана толькі часова, што ў гэтым крыецца плян Божага выратаваньня, а ў канцы сьвета ўвесь Ізраіль зьвернецца да Пана й будзе выратаваны.

Не абмінае ўвагай апостал тэму ўзаемаадносінаў хрысьціянаў у грамадзкім жыцьці. Павал апавядае пра абавязкі хрысьціянаў перад сьвецкай уладай, пра адносіны вернікаў у суполцы дый навогуле пра неабходнасьць весьці хрысьціянскае жыцьцё. Гэтай важнай тэме аўтар выдзялае некалькі разьдзелаў у канцы пасланьня.

Час і месца напісаньня

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лічыцца, што гэта апошні ліст, які быў напісаны апосталам, калі ён быў яшчэ на волі. Магчыма ён быў напісаны ў самым канцы ягонага служэньня, недзе паміж 56 і 57 гадамі. Дакладнае месца напісаньня таксама невядома, але ліцыцца, што гэта быў Карынт.

Пасланьне падзена на 16 разьдзелаў і мае строгую прадуманую структуру. Коратка пасланьне можа быць падзелена на дзьве часткі: тэарытычную (разьдзелы 1—11) і практычную (разьдзелы 12—16), у якіх Павал пасьлядоўна разглядае пастаўленныя пытаньні.

  • Прывітаньне й малітва (1:1—17)
  • Грэшнасьць чалавецтва й неабходнасьць выратаваньня (1:18—3:20)
  • Божы плян выратаваньня (3:21—4:25)
  • Новае жыцьцё ў яднаньні з Хрыстом (5:1—8:39)
  • Ізраіль і выратаваньне (9:1—11:36)
  • Практычныя паводзіны хрысьціянаў (12:1—15:13)
  • Пляны й прывітаньні (15:14—16:27)
  • Райт Н.Т. Павел. Послание к римлянам. Популярный комментарий. ББИ, 246 стр.
  • Жан Кальвин. Толкование на Послания апостола Павла к Римлянам и Галатам. Евангелие и Реформация, 2007г., 560с.
  • Карл Барт. Послание к Римлянам. ББИ. ISBN 5896470754

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасланьне да рымлянаўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў