Палацава-паркавы комплекс Лашкевічаў (Стайкі)
Палацава-паркавы комплекс Лашкевічаў — сядзіба-паркавы ансамбль у вёсцы Стайкі ў Баранавіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці Беларусі. Сядзіба займае маляўнічую тэрыторыю над ракою Мейкай.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1563 годзе Гусэйн Малікбаш, прадстаўнік татарскага княжацкага роду, прадаў маёнтак Стайскі разам з навакольлем Багушу Аўсяньніку. У 1571 годзе Стайкамі валодаў падканцлер ВКЛ, берасьцейскі і кобрынскі стараста Яўстах Валовіч. У 18 стагодзьдзі — уладаньне Лопацей. У 1787 годзе маёнтак для асабістага пражываньня набывае староста карпецкі Тамаш Здань Пушкін гербу Ястрабец. У 1876 годзе маёнтку належала 654 дзесяціны зямлі.
Пасьля 1876 году сядзіба перайшла да Лашкевічаў. У 1911 годзе маёнтак належыў Адольфу Іосіфавічу, у 1914 — Натальлі Грацыянаўне. На сумежжы ХІХ і ХХ стагодзьдзя Лашкевічы перабудавалі старую сядзібу — захаваліся толькі некаторыя гаспадарчыя пабудовы. Новы двор уключаў сядзібны дом, стары парк, сад, сыраварню, ляднік, жылыя флігелі, цагельны завод, гаспадарчы двор.
Выгляд маёнтку
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Будынак двухпавярховай сядзібы пасьля перабудовы на пачатку 20 стагодзьдзя прыняў замкавую форму з элемэнтамі эклектыкі. На правым боку маёнтку маецца высокая псэўдагатычная вежка. Цэнтральная частка галоўнага фасаду акцэнтавана неглыбокім рызалітам, завершаным дэкарыраваным шчытком. Цэнтральны ўваход вылучаны парадным ганкам з тэрасай[1].
Пасьля Другой сусьветнай вайны ў маёнтку знаходзілася сярэдняя школа. Пасьля таго як будынак сядзібы прыйшоў у занядбалы стан, школу зь яго перанесьлі. Зьнішчэньне будынку паскорылася.
Сучасны стан
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сёньня захаваўся маляўнічы парк, закладзены Пушкінымі, напаўразбураная сяддзіба, колькі слупоў ад агароджы і будынкі гаспадарчых забудоваў: афіцына побач з палацам, склеп каля дарогі, флігер на поўдзень ад парку за ракой Мейкай.
Дах маёнтку на 2009 год быў абвалены, цагляныя муры разбураюцца прыродаю і мясцовымі жыхарамі. Парк паціху ператвараецца ў сьметнік.
Некалькі гадоў таму камісія зь Берасьця не знайшла палац вартым уключэньня ў сьпіс архітэктурных помнікаў, і пакінула яго на руйнаваньне часам.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Палацава-паркавы комплекс Лашкевічаў на Radzima.org
- Стайкі. Сляды спадчыны Intex-press
- Блізкая бацькаўшчына. Стайкі(недаступная спасылка) Наша Ніва