Начны рэйс (фільм, 2005)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Начны рэйс
па-ангельску: Red Eye
Жанр трылер[d], містэрыйны фільм[d], драматычны фільм[d] і псыхалягічны трылер[d]
Рэжысэр
Сцэнарыст
Прадусар
У ролях
Кампазытар
Апэратар
Мантаж Ст’юарт Леві[d] і Патрык Люсье[d]
Вытворчасьць DreamWorks[d]
Распаўсюд UIP-Dunafilm[d] і Netflix
Дата выхаду 4 жніўня 2005[1] і 8 верасьня 2005[2]
Працягласьць 81 хвіліна
Краіна
Мова ангельская мова
Старонка на IMDb
Афіцыйны сайт

«Начны рэйс» (па-ангельску: Red Eye) — амэрыканскі псыхалягічны фільм-трылер 2005 году, зьняты рэжысэрам Ўэсам Крэйвэнам паводле сцэнару Карла Элсўарта. У фільме распавядаецца гісторыя пра мэнэджарку гатэля, якая трапіла ў тэрарыстычную змову з мэтай забойства падчас свайго рэйса ў Маямі. Распаўсюдам твору займалася кінакампанія DreamWorks. У пракат фільм трапіў 19 жніўня 2005 году. Кінастужка атрымала станоўчыя водгукі ды мела касавы посьпех.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Пасьля пахаваньня сваёй бабулі, якое адбылося ў Даласе, Ліза Райсэрт (Рэйчэл Макадамз) сядае на рэйс дадому ў Маямі. У аэрапорце яна сустракае прыгожага маладога чалавека на імя Джэксан Рыпнэр (Кіліян Мэрфі), які таксама мае ляцець у Маямі. Чакаючы пасадкі, яны выпіваюць алькагольныя напоі ў бары лётнішча і размаўляюць.

Да свайго зьдзіўленьня, ужо ў самалёце Ліза выяўляе, што Джэксан будзе сядзець побач зь ёй. Пасьля ўзьлёту ягоныя чароўныя паводзіны хутка становяцца злавеснымі. Хлопец паведамляе ёй, што працуе на нутраную тэрарыстычную арганізацыю, якая плянуе забіць Чарлза Кіфа (Джэк Скалія), цяперашняга намесьніка міністра нутранай бясьпекі ЗША. Кіраўнічая пасада Лізы ў гатэлі Люк-Атлянтык у Маямі, дзе Кіф і ягоная сям’я мусяць спыніцца, мае вырашальнае значэньне ў выкананьні іхняга пляну. Рыпнэр загадвае Лізе патэлефанаваць у гатэль, каб для сям’і Кіфа падрыхтавалі іншы нумар, у які можна ўлучыць ракетай з чоўна ў гавані. У выпадку калі Ліза адмовіцца, Рыпнэр абяцае забіць ейнага бацьку Джо (Браян Кокс). Ліза робіць некалькі спробаў адкласьці выклік у гасьцёўну ды атрымаць дапамогу, нават напісаўшы фальшывую пагрозу аб наяўнасьці бомбы ў Рыпнэра на люстры туалету. Аднак спалучэньне няўдачы і пільнасьці Рыпнэра зрывае ўсе ейныя намаганьні.

У рэшце рэшт Ліза тэлефануе сваёй каляжанцы Сынтыі (Джэйма Мэйс) і загадвае ёй перасяліць сям’ю Кіф у патрэбны тэрарыстам нумар. Джэксан адмаўляецца адклікаць найманага забойцу, які чакае каля дома Джо, пакуль не атрымае пацьвярджэньня аб выкананьні забойства. Калі самалёт далятае ў міжнародны аэрапорт Маямі, Ліза раскрывае, што два гады таму стала ахвярай згвалтаваньня пад пагрозай нажа. Паабяцаўшы сабе ў той дзень, што аніхто больш яе не пакрыўдзіць, Ліза б’е Джэксана ў горла асадкай, хапае ягоны тэлефон і ўцякае з самалёта. Яна накіроўваецца да выхаду з аэрапорта і выкрадае пакінуты без нагляду пазадарожнік. Накіроўваючыся да свайго бацькі, яна тэлефануе Сынтыі ды загадвае ёй эвакуяваць Кіфа і ягоную сям’ю. Сынтыя, сям’я Кіфаў і агенты Сакрэтнай службы ЗША пакідаюць пакой за некалькі сэкундаў да таго, як ракета зьнішчае нумар. Акумулятар мабільнага тэлефону разраджаецца, калі Ліза тэлефануе бацьку. Пад’ехазўы да дому, яна зьбівае зламысьніка аўтам, калі той страляе ў яе. Джо не пацярпеў і патэлефанаваў у службу 9-1-1.

Туды ж прыязджае Джэксан, які зьбівае Джо, ды той траціць прытомнасьць. Джэксан перасьледуе Лізу па ўсім доме. Каб выратавацца Ліза здабывае пісталет мёртвага зламысьніка і страляе ў Джэксана. Паранены, ён абяззбройвае яе і зьбіраецца забіць нажом, але ачунялы Джо страляе ў Джэксана зь пісталета. Ліза вяртаецца ў гатэль па дапамогу, дзе Кіф выказвае падзяку Сынтыі і Лізе.

Тут скончваецца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На Rotten Tomatoes адсотак ухваленьня фільму сягае 79%, базуючыся на 193 аглядах. Сярэдні бал на рэсурсе складае 6,68/10. На думку кінакрытыкаў кінастужка з добрым выкананьнем акторамі сваіх роляў і дасканалай рэжысурай Ўэса Крэйвэна ёсьць яскравым і эканамічным трылерам. На Metacritic фільм мае сярэднеўзважаны 71 бал з 100 магчымых, грунтуючыся на 36 рэцэнзіях, што сьведчыць пра агулам добразычлівыя водгукі. Гледачы, апытаныя CinemaScore, надалі фільму сярэднюю адзнаку B паводле шкалы ад A+ да F. Пітэр Травэрз з часопіса Rolling Stone надаў фільму 3,5/4 зоркі, назваўшы яго найлепшым трылерам лета 2005 году і «захапляльным саспэнсам, [які] прышпіліць вас да месца»[3]. Роджэр Эбэрт высока ацаніў фільм, назваўшы яго «добрым трылерам», аповяд якога рухаецца «належна [і] няўмольна». Ён ухваліў Крэйвэна за тое, што дзея фільму рухаецца абсалютна дасканала, а таксама выказаў захапленьне выступамі Макадамз і Мэрфі, заявіўшы, што яны ўтварылі неблагі дуэт. У выніку крытык надаў 3 зоркі з 4-х магчымых[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ выгрузка зьвестак FreebaseGoogle.
  2. ^ IMDb (анг.) — 1990.
  3. ^ Travers, Peter (19.08.2005). «Red Eye». Rolling Stone.
  4. ^ «Red Eye movie review & film summary (2005)». Roger Ebert.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]