Перайсьці да зьместу

Настрадамус

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Мішэль Настрадамус»)
Настрадамус
Michel de Nostredame
Арыгінальны партрэт аўтарства ягонага сына Сэзара
Дата нараджэньня 14 або 21 сьнежня 1503
Месца нараджэньня Сэн-Рэмі-дэ-Праванс, Праванс, Каралеўства Францыі
Дата сьмерці 1 або 2 ліпеня 1566 (62 гады)
Месца сьмерці Салён-дэ-Праванс, Праванс, Каралеўства Францыі
Прычына сьмерці сардэчна-судзіннае захворваньне[d]
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Прафэсія
Вядомы як прадказальнік, лекар ад чумы
Бацька Жаўмэ дэ Нотрдам[d]
Дзеці Сэзар дэ Нотр-Дам[d]
Подпіс

Мішэ́ль дэ Нотрда́м (па-француску: Michel de Nostredame, 14 або 21 сьнежня 1503, Сэн-Рэмі-дэ-Праванс, Праванс, Каралеўства Францыі – 1 або 2 ліпеня 1566, Салён-дэ-Праванс, Праванс, Каралеўства Францыі), больш вядомы пад лацінізаваным імем Настрада́мус (франц. Nostradamus) — францускі астроляг, лекар і прадказальнік, аўтар кнігі Прароцтваў — збору 942 вершаваных катрэнаў з прадказаньнямі будучых падзеяў.

Нарадзіўся ў сям’і жыдоў, якія навярнуліся ў хрысьціянства ў 1459 або 1460 року; бацька ўзяў пры хрышчэньні імя П’ер і прозьвішча „Нотрдам“ (Дзева Марыя). У сям’і было прынамсі 9 дзяцей.

У 14-гадовым веку Настрадамус паступіў у Авіньёнскі ўнівэрсытэт, але праз год быў вымушаны скончыць навучаньне праз эпідэмію чумы. Восем гадоў ён самастойна займаўся вывучэньнем лекавых зёлак. У 1529 року, папрацаваўшы некалькі гадоў аптэкарам, паступіў ва ўнівэрсытэт Манпэлье на лекара. Але калі стала вядома, што Мішэль працаваў аптэкарам, што было забаронена ўнівэрсытэцкім статутам, яго выключылі.

У 1531 року вядучы рэнэсансны навуковец Юліюс Цэзар Скалігер запрасіў Настрадамуса ў Ажан, дзе той ажаніўся і меў двух дзяцей. У 1534 року ягоная жонка і дзеці памерлі ад чумы. Пасьля гэтага Настрадамус вандраваў па Францыі і, магчыма, па Італіі.

Па вяртаньні на радзіму ў 1545 року дапамагаў вядомаму лекару Люі Сару ў барацьбе з эпідэміяй чумы ў Марсэлі, а пасьля самастойна замагаўся з чумой у Салён-дэ-Правансе і Экс-ан-Правансе. У 1547 асеў у Салён-дэ-Правансе, дзе ажаніўся з удавой на ймя Ганна Пансард, зь якой меў трох дачок і трох сыноў.

Яшчэ раз пабываўшы ў Італіі, Настрадамус ад мэдыцыны пачаў хіліцца ў бок акультызму. У 1550 року ўпершыню пад лацінскім імем Настрадамус выдаў альманах. Ягоны посьпех натхніў Мішэля на далейшую творчасьць, і ён пачаў складаць кнігу францускіх катрэнаў зь недатаванымі прадказаньнямі. „Прароцтвы“ (франц. Les Prophéties) выйшлі ў 1555 року і займелі сваіх прыхільнікаў сярод эліты. Кацярына Мэдычы, жонка караля Францыі Генрыха II, запрасіла яго ў Парыж пасьля прачытаньня ягоных альманахаў, каб патлумачыць прароцтвы, датычныя каралеўскай сям’і, і скласьці гараскопы для дзяцей. Пазьней Кацярына прызначыла Настрадамуса дарадцам і ляйб-мэдыкам свайго сына, маладога караля Карла IX.

Да 1566 року падагра, якая мучыла Настрадамуса шмат гадоў, перайшла ў набраканьне. У канцы чэрвеня ён склаў запавет і неўзабаве сканаў. Пахаваны ў мясцовай францішканскай капліцы ў Салёне, магіла захавалася да нашых дзён.