Міхаіл Падаляк
Міхаіл Падаляк | |
Дата нараджэньня | 16 лютага 1972 (52 гады) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | журналіст, палітычны тэхноляг, дарадца, палітык |
Месца працы | |
Узнагароды | |
Міхаіл Міхайлавіч Падаляк( па-ўкраінску: Михайло Михайлович Подоляк, нар. 16 лютага 1972) — украінскі журналіст і паліттэхноляг. Займае трэцяе месца сярод самых уплывовых украінцаў паводле вэрсіі часопіса «Фокус».
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзейнасьць у Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяцінства правёў у Львове і Новавалынску. Меў украінскае грамадзянства. Але з 1989 году жыў у Беларусі, скончыў Менскі мэдычны інстытут.
У 1990-х гадах працаваў журналістам у выданьнях «FM-бульвар», «Время», «Народная Воля», «Белорусская деловая газета», «Наша Свабода».
Пасьля закрыцьця «Нашай Свабоды» працаваў намесьнікам галоўнага рэдактара газэты «Время». 21 чэрвеня 2004 году да яго дадому прыйшлі работнікі КДБ і далі паўгадзіны на тое, каб сабраць рэчы. Беларускія ўлады абвінавацілі Падаляка ў тым, што яго дзейнасьць «супярэчыць інтарэсам дзяржаўнай бясьпекі», а матэрыялы ўтрымліваюць «паклёпніцкія выдумкі аб рэальным становішчы ў краіне, заклікі да дэстабілізацыі палітычнай сытуацыі ў Беларусі». Быў дэпартаваны ва Ўкраіну і пазбаўлены права наведваць Беларусь на працягу пяці гадоў. Гэта была адна зь першых палітычных дэпартацыяў зь Беларусі.
Пасьля дэпартацыі зь Беларусі працягнуў працаваць журналістам ва Ўкраіне, паступова адыходзячы ад беларускай тэматыкі.
Дзейнасьць ва Ўкраіне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2005 годзе ён быў галоўным рэдактарам «Украінскай газеты», і менавіта тады выданьне апублікавала яго артыкул «Тайная вячэра», які тычыўся атручваньня ў 2004 годзе тады яшчэ кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Юшчанкі. Гэта было журналісцкае расьсьледаваньне, выкладзенае ў мастацкай форме, у якім аўтар, абапіраючыся на ўласныя крыніцы, выказаў здагадку, хто стаяў за атручваньнем Юшчанкі.
У 2006 годзе як пазаштатны журналіст пачаў працаваць з украінскім інфармацыйным сайтам «Обозреватель». Адначасова стаў дарадцам уладальніка выданьня — старшыні ўкраінскага Дзяржкамітэту па пытаньнях рэгулятарнай палітыкі і прадпрымальніцтва Міхаіла Бродзкага. Празь пяць гадоў заняў пасаду шэф-рэдактара «Обозревателя».
На пачатку красавіка 2020 году Падаляк стаў дарадцам кіраўніка Офісу прэзыдэнта Украіны і «антыкрызысным мэнэджарам» ОПУ. Сваё рашэньне далучыцца да Офісу прэзыдэнта Зяленскага ён патлумачыў жаданьнем будаваць «эфэктыўную, кампактную, але жорсткаю дзяржаву»[1].
Удзел у перамовах з Расеяй
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]24 лютага 2022 году Расея пачала вайсковае ўварваньне ва Ўкраіну. Каб спыніць вайсковыя дзеяньні, Уладзімер Зяленскі сфармаваў групу для правядзеньня перамоваў.
Ужо 28 лютага адбыўся першы раўнд украінска-расейскіх перамоваў на тэрыторыі Беларусі. Міхаіл Падаляк у складзе ўкраінскай дэлегацыі ўдзельнічаў як у гэтым, так і наступных раўндах сустрэч і стаў асноўным сьпікерам Украіны па ходзе перамоваў. У той жа час, паводле яго словаў, ключавыя патрабаваньні, бескампрамісныя для Ўкраіны, гэта: спыненьне агню, адвядзеньне расейскіх войскаў да пазыцыяў, якія яны займалі да 24 лютага, і гарантыі бясьпекі.