Мікола Гамолка
Мікола Гамолка | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 11 сакавіка 1922 |
Памёр | 3 траўня 1992 (70 гадоў) |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | перакладнік, пісьменьнік, паэт, драматург |
Мова | беларуская мова[1] і расейская мова[1] |
Мікола Гамолка (11 сакавіка 1922, в. Брынёў, Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласьць — 3 траўня 1992) — беларускі пісьменьнік, празаік, перакладчык і драматург.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 11 сакавіка 1922 году ў в. Брынёў Петрыкаўскага раёну Гомельскай вобласьці ў сялянскай сям’і.
Вучыўся на філялягічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1939—1940, завочна ў 1948—1952). У 1940—1946 гадох служыў у Савецкай Арміі. У 1947 годзе паступіў на працу рэдактарам у Дзяржаўнае выдавецтва БССР, у 1948—1949 гг. — літаратурны супрацоўнік рэдакцыі газэты «Літаратура і мастацтва», з 1949 году загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва рэдакцыі газэты «Чырвоная зьмена», у 1951—1962 гадох — адказны сакратар часопісу «Бярозка». З 1967 году — адказны сакратар Камісіі па Дзяржаўных прэміях БССР пры Савеце Міністраў БССР. У 1970—1980 і 1982—1986 гадох — літаратурны кансультант Саюзу пісьменьнікаў БССР, у 1980—1982 гг. — дырэктар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР[2].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя вершы надрукаваў у 1937 годзе ў бабруйскай газэце «Камуніст». Аўтар зборнікаў вершаў «Зварот шчасьця» (1946) і «Б’юць куранты» (1950). Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Працаваў пераважна ў жанры прозы. Выйшлі аповесьці для дзяцей «Лета ў Калінаўцы» (1950, дапоўненае выданьне ў 1956), «Добры дзень, школа!» (1953), «За вялікую трасу» (часопіс «Полымя», 1954), а таксама раман «Шосты акіян» (1959), аповесьці «Лясная крэпасьць» (1980), «Сокалы-сакаляняты» (1987), «Партызанскія сёстры» (1989), зборнік апавяданьняў «Шлях адкрыты» (1960). На расейскай мове выдаў аповесьць-хроніку «Дзяўчына ішла па вайне» (1972). У 1982—1983 гадох выйшлі выбраныя творы ў двух тамах.
Напісаў п’есу «Бітва ў космасе» (пастаўлена ў 1963).
Пераклаў на беларускую мову п’есу-казку Яўгена Шварца «Чырвоны каптурок» (пастаўлена ў 1967).
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сярэдняй школе № 1 г Жыткавічы адкрыты мэмарыяльны музэй пісьменьніка.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Hamolka, Mìkola // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Гамолко Микола // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 136. — 737 с.