Мытны зьвяз Турэччыны і Эўразьвязу
Мытны зьвяз Турэччыны і Эўразьвязу — мытны зьвяз, заснаваны 31 сьнежня 1995 году між Турэччынай і 15 дзяржавамі-ўдзельніцамі Эўрапейскага зьвязу.
У 2018 годзе Турэччына была 4-м найбольшым рынкам для экспартэраў 28 дзяржаваў Эўразьвязу і 5-м найбольшым імпартэрам у ЭЗ. Эўразьвяз для Турэччыны быў найбольшым гандлёвым партнэрам як па вывазе (44,5%), гэтак і ўвозе тавараў (38%). У экспарце ЭЗ у Турэччыну пераважалі машыны, транспартныя запчасткі, хімічныя вырабы і прамысловыя тавары. Турэччына большасьцю вывозіла ў ЭЗ машыны, сродкі перавозкі і прамысловыя вырабы[1].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]12 верасьня 1963 году ў Анкары (Турэччына) міністар замежных справаў Турэччыны Фэрыдун Эркін(tr) і міністры замежных справаў 6 дзяржаваў Эўрапейскай эканамічнай супольнасьці падпісалі Пагадненьне «Аб стварэньні асацыяцыі між ЭЭС і Турэччынай». Паводле 2-га артыкула Пагадненьня, прадугледжвалася «паступовае заснаваньне мытнага зьвязу» ў 3 ступені: падрыхтоўчую, пераходную і заключную. Згодна з 3-м артыкулам «падрыхтоўчая ступеня мае працягласьць 5 гадоў», цягам якіх «Турэччына ўмацоўвае сваю гаспадарку, ... каб прыняць ускладзеныя на яе абавязкі». У 4-м артыкуле згадвалася, што працягласьць пераходнай ступені «ня можа перавышаць 12 гадоў», цягам якіх забясьпечвалася «набліжэньне гаспадарчай палітыкі Турэччыны да адпаведнай палітыкі Супольнасьці» (ЭЭС). Паводле 10-га артыкула, «мытны зьвяз улучае: 1) забарону між дзяржавамі-ўдзельніцамі Супольнасьці і Турэччынай у імпарце і экспарце мытаў, падаткаў раўнацэннага ўзьдзеяньня і колькасных абмежаваньняў, а таксама ўсіх іншых захадаў раўнацэннага ўзьдзеяньня, накіраваных на апеку айчыннай вытворчасьці насуперак задачам гэтага Пагадненьня; 2) у дачыненьнях Турэччыны з трэцімі краінамі прыняцьцё агульнай мытнай расцэнкі Супольнасьці, гэтак і набліжэньне да іншых пастановаў, якія прымяняюцца Супольнасьцю ў галіне зьнешняга гандлю». Пагадненьне набыло моц 1 сьнежня 1964 году[2].
22 сьнежня 1995 году ў Брусэлі (Бэльгія) Рада асацыяцыі Турэччыны і ЭЭС зацьвердзіла Рашэньне № 1 «Аб ажыцьцяўленьні заключнай ступені Мытнага зьвязу». Паводле 8-га артыкула Рашэньня, «цягам 5 гадоў з даты набыцьця моцы гэтым Рашэньнем, Турэччына мае ўлучыць у свой унутраны правапарадак прылады Супольнасьці датычна скасаваньня тэхнічных перашкодаў у гандлі». Згодна з 11-м артыкулам «Турэччына можа захоўваць да 1 студзеня 2001 году мыты вышэйшымі за Агульную мытную расцэнку датычна трэціх краінаў на вырабы, узгодненыя з Радай асацыяцыі». У 16-м артыкуле згадвалася, што «Турэччына мае паступова далучыцца да рэжыму мытных перавагаў Супольнасьці цягам 5 гадоў з даты набыцьця моцы гэтым Рашэньнем». Рашэньне набыло моц 31 сьнежня 1995 году[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Гандлёвая палітыка датычна Турэччыны (анг.) // Эўрапейская камісія, 15 лютага 2019 г. Праверана 6 траўня 2019 г.
- ^ Пагадненьне «Аб стварэньні асацыяцыі між Эўрапейскай эканамічнай супольнасьцю і Турэччынай» (фр.) // Права Эўрапейскага Зьвязу, 2019 г. Праверана 6 траўня 2019 г.
- ^ Люіс Ацьенса(es). Рашэньне Рады асацыяцыі Турэччыны і ЭЭС ад 22 сьнежня 1995 г. № 1 «Аб ажыцьцяўленьні заключнай ступені Мытнага зьвязу» (анг.) // Права Эўрапейскага Зьвязу, 2019 г. Праверана 6 траўня 2019 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |